Дзеці дашкольнага ўзросту — няўрымслівыя і дапытлівыя

Дзеці дашкольнага ўзросту — няўрымслівыя і дапытлівыя. Іх цікавіць усё: чаму ў елкі не падаюць іголкі, адкуль бярэцца вясёлка, чаму ў хлебе дзірачкі? На гэтыя і многія іншыя пытанні паспрабавалі знайсці адказы 17 маленькіх даследчыкаў з устаноў дашкольнай адукацыі Лепельшчыны. Яны бралі ўдзел у першым раённым і другім абласным этапах рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дашкалят “Я — даследчык”. Асноўнай задачай з’яўляецца выяўленне дзяцей дашкольнага ўзросту, якія маюць схільнасць да даследчай актыўнасці і рэалізуюць яе ва ўласных творчых пачынаннях.
На раённы этап конкурсу было прадстаўлена сямнаццаць даследчых работ. Лепшыя з лепшых былі дэлегаваны на абласны ўзровень. У абласным конкурсе з 79 даследчых работ, прадстаўленых з усёй Віцебскай вобласці, тры юныя лепяльчаніны занялі другія месцы.
Пачнём з намінацыі «Мая Радзiма Беларусь». Шасцігадовая даследчыца Ірына Мішуткіна (Заслонаўскі сад-яслі) з дапамогай маці Таццяны Іванаўны абралі даследаванне па тэме «Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць». І ў творчым тандэме сталі другімі ў вобласці.
Вобразна кажучы, на другую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася пяцігадовая Насця Хамічонак, якой дапамагала выхавальніца ясляў-сада №6 Г.В. Шынкевіч. Даследаванне мела назву “Чараўніца-вада” (намінацыя “Дзіця і прырода”).
У намінацыі «Бюро знаходак» заслужанае другое месца прысуджана даследаванню «Для чаго патрэбна паштовая марка» шасцігадовага Цімафея Вялічкі пад кіраўніцтвам выхавальніцы ясляў-сада №8 Т.А. Цеставай.
Не сакрэт, існуе нямала шляхоў развіцця творчай асобы дзіцяці, але ўласная даследчая практыка бясспрэчна з’яўляецца адным з самых эфектыўных. Уменні і навыкі, атрыманыя ў ходзе даследаванняў, лёгка перанясуцца ва ўсе віды дзейнасці.
Валянціна ПЛІГАЎКА,
метадыст
аддзела адукацыі,
спорту і турызму
райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.