Дзед Мароз абяцае… снег!

1111

Не ведаеце, дзе жыве сям’я Дзеда Мароза? Тады абавязкова прыходзьце ў гарадскі парк, дзе вы зможаце пабачыць не толькі яго зімовую хатку, але і пабываць у яе гасцёўні, бліжэй пазнаёміцца з сямейкай Дзядулі і, прынамсі, з яго роднай сястрыцай Мар’яй Іванаўнай. Гасцінная гаспадыня абавязкова пачастуе гарбатаю з зёлак, улагодзіць ваш апетыт духмянымі блінамі і аладкамі прама з печы. Вас чакаюць навагоднія прыгоды са шматлікімі спец-эфектамі і яшчэ шмат чаго цікавага…
Не будзем раскрываць усе сакрэты, тым болей, што мы і самі іх не ведаем. Работнікі культуры, якія сёе-тое ведаюць пра візіт Дзеда Мароза ў Лепель, рашуча адмовіліся раскрываць нам усе навагоднія сюрпрызы. Напрыклад, дырэктар метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Нона Сездзіна, загадкава пасміхаючыся з нашай дапытлівасці, параіла падаваць заяўкі на навагодні адпачынак у зімовай гасцёўні Дзеда Мароза, ды паспяшацца, бо адчыніліся дзверы ў яго лепельскую “зімовую хатку” яшчэ 25 снежня, і толькі да 7 сту¬дзеня Дзядуля Мароз пагасціць у сваіх лепельскіх сваякоў, пасля ж падасца ў далёкія паўночныя рэзідэнцыі.
— Можна падаваць заяўкі сем’ямі, — удаклад¬ніла Нона Васільеўна, — дзеці змогуць адпачыць тут разам з бацькамі. Рады бачыць работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў, вядома, з дзецьмі. Асабліва запрашаем дзяцей-сірот, хлопчыкаў і дзяўчынак з апякунскіх, прыёмных, шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. У зімовай хатцы Дзеда Мароза рады іх бачыць і гатовы прыняць бясплатна. Трэба толькі, каб школы, дзе вучацца гэтыя дзеці, арганізавалі прыезд.
Скажам болей, з пэўных крыніц мы даведаліся, што на Новы год абяцалі… снег, колькі заўгодна. Хто абяцаў? Дзед Мароз, вядома! Нават калі снежань пашкадуе нам снегу з неба, яго… вырабіць машына. Культработнікі ўжо набылі такую. Але як жа без снегу Новы год сустракаць, тым болей, прымаць у гасцях Дзеда Мароза!
Нам таксама стала вядома, дзе дакладна спынілася сямейка галоўнага навагодняга персанажа. Аказалася — на тэрыторыі каталіцкага касцёла, дзе ёй гасцінна прадаставілі свае плошчы вернікі. У “зімовай хатцы”, разам з сястрыцай Мар’яй Іванаўнай, дружна жывуць зайка-паскакайка, кот Катафеевіч, весялушка-хатніца і іншыя героі навагодніх казак.
Кажуць, пад Новы год любыя жаданні здзяйсняюцца. Мы запыталіся ў Ноны Сездзінай, ці ёсць у яе запаветнае жаданне?
— Ёсць, — адказала, — і гэта не толькі маё, а агульнае наша жаданне, маю на ўвазе работнікаў культуры. Хочам у наступным годзе займець уласную “беларускую хатку”, у якой бы маглі прымаць не толькі зімой Дзеда Мароза, але і Купалінку з Купалішом улетку, і на Каляды Цярэшку жаніць, і на Вялікдзень валачобнікаў вітаць, а ўвосень услаўляць Багача ці памінаць Дзядоў. Ужо і памяшканне прыгледзелі — былая кавярня-бар “Сустрэча” ў парку. Належыць яна райспажыўсаюзу, большую частку часу пустуе, успамінаюць пра яе толькі ў час шматлюдных гарадскіх святаў. Мы б яе абсталявалі ў нацыянальным стылі. І служыла б хатка вераю-праўдаю культурным памкненням лепяльчан і гасцей нашага горада. Ды вось бяда, сродкаў выкупіць не маем, але маем вялікае жаданне яе займець і добрыя намеры…
Спадзяемся, навагодняя мара культработнікаў некалі спраўдзіцца. Ну, а як жа сустракае Новы год моладзь у вёсках? Аказваецца, у кожным вясковым клубе ці ў СДК у гэтыя дні таксама паяўляецца Дзед Мароз. Адкуль? Гэта ўжо прафесійны сакрэт сельскіх культработнікаў. Часам наведваюцца ў вёскі і гарадскія госці, як, скажам, сёлета ў Лядна, дзе бабуля адна выхоўвае пяцёра дзяцей, у якіх тра¬гічна загінулі бацькі. Наведваюцца, вядома, не з пустымі рукамі — з падарункамі.
Дарэчы, вы не спрабавалі самі запрасіць Дзеда Мароза дадому ці напісаць яму ліст? Не? Ну і дарэмна! Звяртайцеся, зноў жа, да культработнікаў, і яны арганізуюць вам абавязкова незабыўнае спатканне з Дзядулем Марозам, яго ўнучкай Снягуркай і іншымі персанажамі навагодніх казак. Летась яны арганізавалі каля сарака такіх спатканняў. З героямі навагодніх казак можна таксама сфатаграфавацца на памяць і нават атрымаць ад іх невялікі сувенір — ці каляндарык, ці паштоўку. Гэта апрача цукерак!
Мы вас не стамілі сваімі парадамі? Чароўнай вам навагодняй ночы і шчаслівага новага 2014 года!
Міхась ВАЛОХА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.