Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына”, што на Лепельшчыне, прыняў чарговую змену дзяцей з забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторый

Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына” прыняў чарговую змену дзяцей з забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторый. Адметнасць апошняга заезду ў тым, што Лепельшчына прымае гасцей з Расіі, школьнікаў з Бранскай, Тульскай і Калужскай абласцей. Увогуле, госці з Расіі ў “Жамчужыну” прыязджаюць даволі часта, гэтаму спрыяе ўдзел рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра ў мэтавых праграмах, фінансуемых з бюджэту Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. І абавязкова пад час такіх змен праводзіцца тэматычнае свята — Дзень Саюзнай дзяржавы.

img_0805Салдаты — дзецям
Свята для дзяцей пачалося з самага ранку, у госці да іх прыехалі вайскоўцы з 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Яны прывезлі з сабой аўтаматы, вінтоўкі, кулямёты, гранатамёты, вайсковы рыштунак — вось дзе хлопцам раздолле!
Шчыра прызнацца, і дзяўчаты стараліся не адставаць, з цікавасцю разглядалі зброю, слухалі, што салдаты расказвалі пра яе. Асобны атракцыён — прымерванне бронекамізэлькі ды баявога шлема. Каб апрануць іх, узяць у рукі аўтамат ды сфатаграфавацца, выстраілася чарга. А “бронік” ажно 18 кілаграмаў важыць – “цяжкая кальчужка”! Аднак гэты цяжар не палохаў ахвочых. А побач разведчыкі паклалі свае маскіровачныя касцюмы, спецыяльныя дыванкі, спальныя мяшкі, у якіх яны могуць спаць нават на снезе пад час выхадаў на вучэнні.
Паказальныя выступленні разведчыкаў сталі адным з кульмінацыйных момантаў наладжанага для дзяцей шоу. Баявыя прыёмы, стральба халастымі патронамі, метады дзеяння спецпадраздзяленняў завабілі дзяцей. Многія хлопцы для сябе прынялі рашэнне, што, калі прыйдзе час, будуць служыць менавіта ў такіх войсках.
Своеасаблівым інтэрактывам стала ваенная эстафета, пад час якой удзельнікам трэба было бегаць то з аўтаматам, то ў процівагазе. З аднолькавым, калі не з большым, імпэтам на дыстанцыю беглі дзяўчынкі. Амаль нароўні з хлопчыкамі яны пераадольвалі перашкоды, куляліся, імкнуліся да перамогі. А балельшчыкі з усіх сіл падтрымлівалі, падбадзёрвалі свае каманды. “Ілья! Ілья! Слава! Слава! Аня! Аня! Хутчэй! Хутчэй!” — чулася ад іх.
Побач стаяў МАЗ з кунгам, з дынамікаў гучала музыка. Падышоў бліжэй, спытаў у салдата:
— А тут сёння якая ваша функцыя?
— Ствараць адпаведны музычны фон. Для паказальных выступленняў разведчыкаў паставілі больш агрэсіўную музыку, рок, а зараз — больш спакойныя патрыятычныя песні, вайсковыя маршы.

img_0844Брэйн-рынг
Далей дзея перамясцілася ў хол, дзе пачынаўся тэматычны брэйн-рынг сярод моладзі Расіі і Беларусі “Моладзь — адраджэнню пасля Чарнобыля”. Як толькі прыехалі ў “Жамчужыну”, дзеці і іх настаўнікі атрымалі план-заданне, па якім арганізавалі каманды і пачалі падрыхтоўку да гульні. Школьнікі ў бібліятэцы цэнтра паднялі і перачыталі ўсю даступную літаратуру па тэме пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, перагарнулі вялікі масіў інфармацыі ў глабальным сеціве інтэрнэту.
Вучні Магілёўскай вобласці аб’ядналіся ў каманду “Атамы”. Гомельскую вобласць прадстаўлялі “Дзеці зямлі”. Расійскія Тульскую вобласць — “Эколагі”, Калужскую — “Надзея”, Бранскую — “Энергія”. Адразу заўважым, што перад кампетэнтным журы пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства “Інстытут радыялогіі” Мікалая Падалякі паўстала вельмі складаная задача, бо каманды паказвалі даволі высокі ўзровень ведаў.
У першым раўндзе былі праведзены конкурсы “Пытанне — адказ” і конкурс капітанаў. Вялікія шанцы даваў раўнд “Рызыка — версія”. У той час, калі ў першых конкурсах каманды маглі за правільны адказ зарабіць па два балы, то ў гэтым пытанні ў розных катэгорыях дзяліліся на ступені складанасці, за якія можна было атрымаць ад двух балаў да дзесяці. Аднак за няправільны адказ з рахунку каманды спісвалася адпаведная колькасць балаў. Так што рызыкаваць трэба было асцярожна.
Дзеці няблага арыентаваліся ў катэгорыях “Гісторыя аварыі”, “Цікавыя факты аб радыяцыі”, “Імёны і прафесіі”, “Бяспека вышэй за ўсё”. Крыху цяжэй адказвалі на складаныя пытанні з катэгорый “Праўда ці міф” і “Смачна і карысна”. Яны адразу пазналі выдатных хімікаў П’ера і Марыю Кюры, фізіка Рэнтгена, які вынайшаў і даследаваў радыяактыўнае выпраменьванне. Падрабязна распавялі пра меры бяспекі, якія трэба выконваць пры пражыванні на забруджаных радыяактыўнымі рэчывамі тэрыторыях, якім чынам можна зменшыць радыяактыўнае ўздзеянне.
Кожная каманда праявіла эрудыцыю, волю да перамогі, уменне ісці на апраўданую рызыку. Гульня каманд настолькі спадабалася журы, што Мікалай Падаляк прапанаваў раўнд “Рызыка-версія” прадоўжыць яшчэ на адзін круг.
У азарце і эмоцыях не адставалі і балельшчыкі. Кожная каманда мела сваю групу падтрымкі, якая падбадзёрвала дружнымі воклічамі, развучанымі загадзя і прыдуманымі тут жа вершамі. Кожны правільны адказ адгукаўся з боку гледачоў бурнымі апладысментамі, а няўдача — уздыхам роспачы. Пры такой падтрымцы цяжка, немагчыма было гуляць на палову сілы.
У апошнім, творчым, конкурсе каманды прадставілі плакаты на тэму адраджэння пасля Чарнобыльскай катастрофы і кароткія выступленні.
Журы доўга разважала і вылічвала ўсе балы. Апошняе месца занялі магілёўскія “Атамы”, трэцяе падзялілі паміж сабой тульскія “Эколагі” і “Надзея” з Калужскай вобласці, другое месца атрымала бранская “Энергія”, а пераможцамі брэйн-рынгу сталі “Дзеці зямлі” з Гомельскай вобласці. Прызёрам былі ўручаны граматы, пераможцам — яшчэ і кубак. А для замацавання сяброўства ўсіх удзельнікаў і гасцей брэйн-рынгу запрасілі ў сталоўку, дзе ўсіх чакаў салодкі пачастунак ад Лепельскага малочнакансервавага камбіната — смачнае марожанае.

Тульскія госці
Пасля брэйн-рынгу аўтар гэтых радкоў пагутарыў з Марынай Макаравай, якая суправаджала групу дзяцей з Тульскай вобласці.
— Раскажыце, калі ласка, пра сваіх дзяцей і пра сябе.
— З Тульскай вобласці прыбылі 50 чалаваек. У іх ліку мы — ансамбль эстраднага танца “Юнацтва” з горада Новамаскоўск. Я ў калектыве працую харэографам-балетмайстрам. Калектыў заслужаны, дзейнічае больш за 40 гадоў, мае шмат званняў, дасягненняў і прэмій. Са мной зараз 16 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 12 да 15 гадоў.
— Тульская вобласць моцна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС?
— Не ўся. Новамаскоўск, у прыватнасці, вельмі моцна. Да таго ж наш горад з’яўляецца важным прамысловым цэнтрам, дзе сканцэнтраваны некалькі хімічных прадпрыемстваў. Ён адносна малады, пачаў будавацца ў 1930 годзе, сярод першых будаўнікоў быў мой прадзед. Так што я карэнная новамасквічка. З-за такога хімічна-радыяактыўнага кактэйлю здароўе жыхароў знаходзіцца пад пастаяннай пагрозай. Напрыклад, усім нованароджаным адразу ставяць другую групу здароўя, што падразумявае шэраг абмежаванняў у харчаванні, рухальнай актыўнасці, занятках фізкультурай.
— Як вас прыняла “Жамчужына”?
— Цёпла, душэўна. Першыя тры дні пастаянна хацелася спаць, актыўнасць была на нулі. Зараз усе адаптаваліся, асвоіліся, прапалі галаўныя болі, у дзяцей з’явілася энергія. Каб накіроўваць яе ў правільнае рэчышча, па два, а то і тры разы на дзень праводжу трэніроўкі і рэпетыцыі. Дарэчы, беларускія дзяўчынкі таксама праяўляюць цікавасць да танцаў, прыходзяць да нас, спрабуюць разам нешта развучваць. Учора мы ў актавай зале далі свой танцавальны канцэрт. Гледачы прымалі на ўра.
Уразіла чысціня і парадак. За гэтыя некалькі дзён, што мы ў “Жамчужыне”, наведалі некалькі гарадоў, у тым ліку Лепель. Усюды ўражваюць чыстыя ўзбочыны дарог, ахайныя кветнікі, газоны, тратуары, вуліцы.

img_0863Аздараўленне і рэабілітацыя
Завяршыўся Дзень Саюзнай дзяржавы круглым сталом, за якім удзельнікі падводзілі вынікі шматгадовага супрацоўніцтва ў галіне рэабілітацыі дзяцей пасля Чарнобыльскай аварыі, абменьваліся меркаваннямі, ладзілі планы на будучыню. Вітаючы ўдзельнікаў круглага стала, дырэктар дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” Вера Закрэўская сказала:
— Цэнтр пачаў супрацоўніцтва з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы яшчэ ў 2004 годзе, тады першыя дзеці з Расійскай Федэрацыі завіталі да нас на аздараўленне. За гэты час назапашаны багаты досвед, склаліся пэўныя традыцыі. Традыцыйнымі, напрыклад, сталі Дні яднання Беларусі і Расіі. У 2013 годзе апрабавалі такую форму працы, як “цягнік дружбы”, пад час якога дзеці расказвалі сваім сябрам з суседняй краіны пра сваю Радзіму, пра “Жамчужыну”, пра свае школы, сяброў. Вельмі важна цяпер не страціць назапашаны патэнцыял, а развіваць яго далей, шырэй.
Кансультант прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Наталля Конанава развівала думку далей:
— Першыя дзеці, якія аздараўліваліся ў “Жамчужыне” па праграмах супрацоўніцтва Пастаяннага камітэта, сталі дарослымі. Змены ў “Жамчужыне” — выдатны час для хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны заводзяць знаёмствы, сябруюць, а калі надыходзіць час расставацца, то ліюць слёзы. А потым доўга падтрымліваюць сувязь адзін з адным. Паміж дзяржавамі могуць быць напружаныя палітычныя, эканамічныя адносіны, але дзеці — гэта зусім іншае. Тое, што мы закладзем у іх цяпер, яны пранясуць праз усё жыццё.
Кіраўнік апарата Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Пётр Віцязь зазначыў:
— Мне вельмі падабаецца, што тут, у “Жамчужыне”, працуюць людзі, якія шчыра прысвячаюць сябе нашай будучыні — дзецям. Навучаючы, вы стараецеся не проста даць, укласці ў галовы дзяцей пэўны набор ведаў, а і абудзіць цікавасць да прадмета. Калі хлопчыку ці дзяўчынцы будзе цікавым нешта, то яны абавязкова самі будуць шукаць інфармацыю, папаўняць свае веды. Падабаецца, што тут дзецям прывіваюць павагу да прафесіяналізму, сваім прыкладам вучаць выконваць любую справу на вышэйшым узроўні.
Пад час дыскусіі было выказана шмат цікавых думак, унесены змястоўныя прапановы. Удзельнікі прыйшлі да агульнай згоды, што і надалей трэба працягваць міждзяржаўнае супрацоўніцтва ў галіне аздараўлення і рэабілітацыі дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў.
Між тым чарговы дзень у “Жамчужыне” ішоў сваім шляхам: дзеці накіроўваліся на працэдуры, танцавальная група зноў прыступала да рэпетыцыі, гурткі па інтарэсах прымалі маленькіх наведвальнікаў. Увесь час быў распісаны па хвілінах.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.