Дзяньгубы на Лепельшчыне

282 Адкуль пайшла назва вёскі Дзяньгубы? Адказ, як заўсёды, дае народная творчасць. Мясцовыя жыхары распавялі паданне пра тое, як у даўнейшыя часы з Заазер’я ў Лепель ехаў праз іх вёску пан, меў туга набіты грашыма кашалёк. Аднак, прыехаўшы ў горад, не знайшоў пры сабе кашалька — дзесьці на дарожных выбоінах згубіў. Вярнуўся ён у вёску, пільна-пільна глядзеў на дарогу, па ўзбочынах, канавах — нічога не знайшоў. Потым з горыччу крыкнуў: “І дзень згубіў, і дзеньгі згубіў — што за няўдача такая!” Адсюль, мусіць, і атрымала сваю назву вёска.

Пра Дзяньгубы кніга “Памяць” дае наступныя звесткі. Вёска ў складзе калгаса імя Калініна Заазерскага сельсавета. Размешчана за 10 км на поў­нач ад Лепеля. У 1906 г. Дзяньгубы — вёска Франопальскай воласці Лепельскага павета, у якой налічвалася 16 двароў, 82 жыхары. На 1940 год тут было 29 гаспадарак і 145 жыхароў. У студзені 1943 года нямецка-фашысцкія акупанты спалілі Дзяньгубы і загубілі шасцёра жыхароў. У 1997 г. мелася 17 падвор’яў, 24 жыхары.

Пра жыццё ў дарэвалюцыйныя і першыя савецкія часіны могуць распавесці хіба што архіўныя дакументы, а вось мясцовыя жыхары казалі, што першапачаткова ў 1930-х гадах тут быў арганізаваны калгас “Чырвоны Кастрычнік”. Недзе на мяжы 50-х — 60-х гадоў мінулага стагоддзя яго перайменавалі ў калгас імя Карла Маркса, а ў 1972-м узбуйнілі і прысвоілі імя М.І. Калініна. З 2003 года — рэаргані­заваны ў сельскагаспадарчы вытворчы філіял “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”.

Вёска расцягнулася адной вуліцай, якая робіць некалькі паваротаў, пераскоквае праз ручай. На ўсход ад яе прасціраецца лясны масіў. Да вёскі пад’ехалі з боку Юркоўшчыны. На дарожным знаку надпіс “ДзЕньгубы”. Справа складзена дзелавая драўніна і дровы, нарыхтаваныя работнікамі лясгаса. А вось і першая хата. Праўда, парадкавы нумар яе не першы, а дванаццаты. На двары хадзіла пажылая гаспадыня, якая і запрасіла пагутарыць, распавесці пра вёску і сябе.

* * *

 — Як вас зваць і адкуль вы родам?

— Любоў Дзмітрыеўна Герцык. Я мясцовая, дзяньгубаўская, нарадзілася тут другога ліпеня 1938 года. Усё жыццё ў вёсцы аджыла, нікуды не выязджала.

— Раскажыце, што памятаеце пра вайну.283

— Я тады маленькая была, успаміны засталіся абры­вістыя. Памятаю, як мы ўсёй вёскай у лесе хаваліся. Старэйшыя распавядалі, што сюды часта партызаны прыходзілі, вяскоўцы ім дапамагалі. Акупанты за гэта дужа ўзлаваліся, хацелі вёску знішчыць разам з жыхарамі. Людзі зага­дзя сышлі ў лес, забраўшы ўсё, што можна. Што не маглі забраць, заклалі ў схованкі. Паліцаі і немцы спалілі Дзяньгубы ўшчэнт. Карнікі былі настолькі раз’ю­шаныя, што спалілі і хаты з хлявамі, і лазні. Вярнуліся мы на пагарэлішча, толькі коміны печаў тырчалі сярод грудаў вуголля.

— Калі было найбольш цяжка жыць?

— У першыя пасляваенныя гады. Ой, як мы нагараваліся! — усклікнула жанчына. — Голад быў неймаверны гады чатыры пасля вызвалення. Дарослыя ў калгасе працавалі ад рання да змяркання, на хатняй гаспадарцы пакідалі нас, дзяцей ды падлеткаў. Добра, што ў нашай сям’і яшчэ з часу акупацыі былі прыхаваныя бульба ды зерне, неяк пратрымаліся. А потым будаваліся. Бацька гэтую хату зладзіў у 1947 годзе, так у ёй і жыву дагэтуль. Той год, дарэчы, самы цяжкі быў, шчаўе ды асот елі, рудзькай замешвалі. Увесну на калгаснае поле цішком бегалі ды мерзлую бульбу выкопвалі, каб хоць нейкіх аладак напекчы. Я сама з 1953 года пайшла працаваць у калгас, а аплата там адна — працадзень, грошы пачалі плаціць толькі з 1967 года.

— Як склалася ваша сямейнае жыццё?

— Выйшла замуж за хлопца з Бачэйкава, нара­дзіла дзвюх дочак Валю і Свету. Жылі тут, у Дзяньгубах. Аднак муж аказаўся п’яні­цам, за гарэлкай не бачыў ні працы, ні сям’і, з-за таго праз восем гадоў і разышліся. Дзяцей гадаваць дапамагалі мае бацькі. Валя цяпер жыве ў Лепелі, а Света — у Матырыне. У абе­дзвюх удалося сямейнае жыццё, маюць добрае жыллё. Яны мне цяпер вельмі дапамагаюць, на зіму клічуць да сябе, аднак я не хачу пакідаць гэтую хату. Тым больш, што сёлетняя зіма мяккая была.

У канцы 1980-х — 1990-я гады я добра жыла, трымала карову, свіней, на трох гаспадароў каня трымалі. Сама накошвала на ўсю жывёлу сена. А зараз толькі курэй трымаю. Сад ёсць, яго абкошваю, каб не зарастаў. Пенсію прыносяць, аўталаўка прыязджае. Дрэнна толькі, што ногі баляць, хадзіць цяжка. А так жыццё маё цяпер добрае. Я і дзецям, і ўнукам сваім кажу: “Маліцеся Богу, якое добрае жыццё цяпер”.

* * *

Развітаўся з Любоўю Дзмітрыеўнай, рушыў далей. Наступная сядзіба — нежылая. Аднак будынак моцны, відаць, што не так даўно яго пакінулі жыхары. Далей стаіць жылая сядзіба, але гаспадары, відаць, на працы, хата была зачынена на замок. На процілеглым баку вуліцы, крыху воддаль стаяць яшчэ два дамы, нумары 15 і 13. Трынаццаты дом нежылы, а ў пятнаццатым сустрэў бабульку Ніну Міхайлаўну Седзіну.

Ніна Міхайлаўна нарадзі­лася сёмага верасня 1930 года ў вёсцы Падлобныя. Так склалася, што жыццё ў яе бацькоў не заладзілася, развяліся. Маленькая Ніна гадавалася ў бабулі ў Дзяньгубах, так тут і засталася. Бацька дапамагаў: да вайны нават аліменты плаціў.

Вайна пакінула свой цяжкі след у жыцці Ніны Міхайлаўны. Пад час акупацыі сям’я склала небагаты скарб на воз, запрагла каня ды з’ехала ў партызанскую зону, на Ушаччыну. Жылі ў пуні ў вёсцы Старое Сяло, перажывалі абстрэлы, уцёкі, маці загінула ў фашысцкай няволі за дапамогу партызанам. Вярнуліся, як і ўсе дзяньгубаўцы, пасля вызвалення на пажарышча.

Родзіч дапамог, папрасіў начальства, і тое выдзеліла карову і крыху харчоў. Так і жылі ў часовым буданчыку. Ніна Міхайлаўна працавала ў калгасе: спачатку — паляводам, а потым — цялятніцай. За ўсё тады налічвалі працадні. Цялятніцам у канцы года ў якасці прэміі давалі бычка.

Замуж выйшла за аднавяскоўца Ілью, з якім аджыла шмат гадоў і адпрацавала разам на адной ферме. Збудавалі хату, нажылі чатырох сыноў і дачку. У савецкія часы Ніну Міхайлаўну ўзнагародзілі медалямі мацярынства ІІ ступені і “Ветэран працы”. Ілья Міхайлавіч таксама меў узнагароды.

16 гадоў таму памёр муж, праз некалькі гадоў пайшла з жыцця дачушка Галя, а зусім нядаўна трагічна загінуў сын Дзіма. Сын Валодзя жыве ў Пясках, пенсіянер, Міша працуе ў меліярацыі, хутка таксама стане пенсіянерам, Саша — слесар на ферме ў Юркоўшчыне. Самае галоўнае багацце Ніны Міхайлаўны — дванаццаць унукаў і трынаццаць праўнукаў.

Якраз пад час візіту карэспандэнта наведаць маці прыехаў Валодзя. Вёска Пяскі знаходзіцца недалёка, за пяць кіламетраў. Для каня такая адлегласць і лясная дарога — не перашкода.

— Сёлета першая зіма, якую я зімавала не дома, — кажа Ніна Міхайлаўна, — але калі б ведала, што будзе яна немарозная, засталася б тут. Спачатку жыла ў Лепелі, потым з месяц у Ворані. Сыны клічуць да сябе, але я не хачу з’язджаць. Пражыла доўгае жыццё, усяго ў ім хапала: і добрага, і дрэннага. Прычакала ўнукаў, праўнукаў. Цяпер аднаго ў Бога прашу, каб дазволіў ён мне памерці ў маёй хаце.

* * *

 Насупраць дома №11 стаіць старая драўляная пабудова. На выгляд ацэньваю — гараж. Аднак на дзвярах — ажно тры старыя замкі! У доме жывуць Васіль Аляксеевіч і Надзея Андрэеўна Шартухі. Жанчына мыла бя­лізну, а мужчына адпачываў на канапе.

Васіль Аляксеевіч — карэнны ўраджэнец Дзяньгубаў, выязджаў з іх толькі ў 1951 — 1954 гадах, калі служыў у войску. Служыць трапіў ажно ў Сібір, у Іркуцкай вобласці ахоў­ваў масты, аўтамабільныя і чыгуначныя дарогі, зняволеных. А Надзея Андрэеўна родам з недалёкіх Будзяўцоў. У абодвух загі­нулі бацькі, засталіся толькі маці. А пасля вайны асабліва цяжка жылося тым сем’ям, дзе не было мужчын. Як будаваліся, працавалі ў калгасе, таму ніякага крэдыту на будоўлю не змаглі атрымаць.

284 На пенсію Васіль Аляксеевіч пайшоў у 1989 го­дзе, пасля таго, як шмат гадоў адпрацаваў у мясцовым калгасе вадзіцелем. Жонка ў той час працавала бухгалтарам. Сын, таксама Васіль, і дачка Галіна жывуць у Мінску, маюць свае сем’і, аднак бацькоў не забываюць. Вяскоўцы ў гадах, аднак трымаюць гаспадарку, зямлю апрацоўваюць сваім канём.

— Ваш гараж на тры замкі замкнуты? — пытаюся.

— Так, мой, — усміхнуўшыся, адказвае Васіль Аляксеевіч, — нічога каштоўнага там няма, машыну даўно прадаў. Яшчэ пры СССР “Ніву” ўдалося купіць, што было вялікай удачай на той час. У нас жа дарога была вельмі дрэнная. У разбітых каляінах пад час дажджу нават грузавік рызыкаваў загразнуць, таму “Ніва” была адзі­ным прымальным варыянтам. Толькі гадоў праз 20 прадаў. Некаторы час ездзіў на невялікай іншамарцы, а пасля, як сталі штогод патрабаваць медыцынскую даведку, прадаў і яе. Тады ж, у канцы 1980-х, вуліцу заасфальтавалі. Таму цяпер на ёй можна без асаблівых праблем на любым легкавіку ездзіць.

* * *

 У доме №9 жыве старэйшая жыхарка Дзяньгубаў Надзея Фёдараўна Галай. Яна памятае, як у вёсцы былі 28 жылых хат, больш за 120 чалавек насельніцтва, па вечарах вуліца поў­нілася дзіцячымі галасамі. Зараз з ёй жыве дачка Вера, а другая, Таццяна, рэгулярна наведвае, прыязджае з Санкт-Пецярбурга.

Самай апошняй на маім шляху стала хата-дача. У бацькоўскім доме жыве Галіна Іванаўна Гур, да замужжа — Маляўка. Дагледжаны дом і ўся сядзіба.

— У Дзяньгубах спрадвеку жылі сем’і з прозвішчамі Маляўка, Шартух, Седзін, Рагавенка. У даўнія часы ў кожнай хаце па чатыры — пяць дзяцей было, а то і больш. А зараз вымірае вёска. Мама, якая дажыла да 80 гадоў, казала: “Няўжо вы выкінеце гэтую хату?” Гэтыя словы запалі ў сэрца. Таму вярнулася сюды пасля сарака гадоў жыцця ў Мінску. А калі з’язджаецца ўся сям’я, то не магу нарадавацца, да 20 чалавек збіраецца на сядзібе. Хоць і цеснавата, аднак усім месца хапае.

Калі заязджаў у Дзяньгубы, імжэў дождж. А потым выглянула сонейка, прыгрэла, што ўспрыняў як вельмі добры знак.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: Любоў Герцык у сваім бацькоўскім доме; Ніна Седзіна з партрэтам сына Дзмітрыя; конь і вазок — самы лепшы вясковы транспарт.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.