Экскурсия в военную часть впечатлила юных защитников Родины

img_1401 Напярэдадні Новага года ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу з падарункамі наведаліся вайскоўцы 52-га асобнага пошукавага сапёрнага батальёна: камандзір часці падпалкоўнік Аляксандр Трубека і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце маёр Андрэй Зінкевіч. У размове за кубачкам чаю тады ўзнікла ідэя наладзіць для дзяцей экскурсію ў вайсковую часць. Першапачаткова мерапрыемства планавалася прымеркаваць да 23 лютага — Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, аднак па шэрагу прычын яго давялося перанесці.

img_1393Не так даўно аўтару гэтых радкоў патэлефанаваў Андрэй Зінкевіч і прапанаваў:
— У чацвер мы ладзім экскурсію для падшэфных дзяцей. Не жадаеце далучыцца?
— А чаму менавіта цяпер?
— Па шэрагу прычын. Па-першае, цёплае надвор’е. Усё ж такі вясна, хаця і ранняя, гэта не зіма з яе сцюжай. А пераезд у марознае надвор’е можа справакаваць прастуду ў дзяцей. Па-другое, зараз у школьнікаў канікулы. Сярод навучальнай чвэрці іх не пажадана адрываць ад вучэбнага працэсу, у выхадныя — цяжкасці іншага характару. Цяпер жа свабодны час ёсць і ў дзяцей, і ў нас.
… А дзясятай гадзіне аўтобус пошукавага батальёна пад’ехаў да дзіцячых дамоў. У салоне размясцілася вясёлая кампанія хлопчыкаў і дзяўчынак. Прывык да таго, што дзеці, сеўшы ў аўтобуснае крэсла ці прыйшоўшы ў госці, звычайна адразу ж дастаюць мабільныя тэлефоны і заходзяць у інтэрнэт, перабіраючы па экранах пальцамі. Тут жа цішыні не было, чулася гаворка, дзесьці нават спрэчкі.
Прыбылі ў Бароўку, выйшлі з аўтобуса перад кантрольна-прапускным пунктам.
— Дзеці, слухайце ўважліва, — звярнуўся маёр Андрэй Зінкевіч. — Зараз, як толькі мы пройдзем праз КПП, станем усе ў пэўнай ступені салдатамі. Гэта азначае, што мы павінны будзем выконваць шэраг правілаў, самае галоўнае з якіх — падтрыманне дысцыпліны. Асабліва хлопцам скажу, што адыходзіць кудысьці без дазволу дарослых нельга. І яшчэ адзін важны момант. Папрашу вас свае мабільныя тэлефоны здаць на часовае захоўванне дарослым, карыстацца такімі прыладамі на тэрыторыі вайсковай часці нельга. Фотаздымкі мы зробім на звычайную лічбавую фотакамеру. Усе гатовыя? За мной!
Камандзір 52-га асобнага пошукавага сапёрнага батальёна падпалкоўнік Аляксандр Трубека сустракаў маленькіх гасцей перад уваходам у клуб, разам з ім быў археолаг часці Вадзім Тамілін.
— Добры дзень, дзеці, — павітаўся камандзір. — Рады прымаць вас у гасцях. Коратка раскажу, чым адметны наш батальён. Ён адзіны ва ўсіх Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Нашай галоўнай задачай з’яўляецца выяўленне пахаванняў салдатаў усіх войнаў і эпох, якія пракаціліся па Беларусі, мірных жыхароў і перапахаванне іх з адданнем воінскіх ушанаванняў. Бо, як правільна сказана, вайна не заканчваецца да таго часу, пакуль не будзе пахаваны яе апошні салдат.
Пасля гэтага ўсе разам пайшлі на экскурсію ў цэнтр пошукавай работы батальёна. Хаця гэтую ўстанову можна назваць музеем. Андрэй Зінкевіч растлумачыў, у чым адрозненне:
— Цэнтр з самага пачатку ствараўся як навучальна-дапаможны клас. Маладых салдатаў, перш, чым накіроўваць на раскопкі, у шурфы, на месцы воінскіх пахаванняў, трэба навучыць, паказаць, з чым ім трэба будзе мець справу ў паўсядзённай службе. Трэба, каб яны спачатку ўласнымі рукамі памацалі кулі, патроны, элементы зброі, амуніцыі розных армій і гістарычных эпох. Патрэбна, каб салдат навобмацак мог адрозніць спражку салдата Вермахта ад чырвонаармейскай, бутэльку з-пад сучасных напояў ад салдацкай фляжкі, абутак нямецкі ад савецкага ці лэнд-лізаўскага. Не менш важным з’яўляецца ўменне правільна дзейнічаць пры выяўленні боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, бо наша зямля з часоў вайны захоўвае тысячы мінаў, снарадаў, бомбаў і гранат. Таму ў нашым цэнтры дазваляецца тое, што ў класічным музеі забаронена, — мацаць і браць у рукі экспанаты.
У хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама ў іх бацькоў-выхавальнікаў у першыя хвіліны вочы заблішчэлі ад такой вялікай колькасці экспанатаў. Па колькасці збораў цэнтр пошукавай работы 52-га батальёна можа канкурыраваць са многімі вядомымі гістарычнымі музеямі. Тут ёсць рэдкія рарытэты, такія, як нямецкія пісталеты Walter PPK, польскі VIS, аўтаматычная супрацьтанкавая стрэльба Сіманава, стальныя шлемы ўзору 1936 года, так званыя “халхінголкі”, нямецкія і савецкія кулямёты, абутак, прадметы асабістага ўжытку — брытвы, люстэркі і посуд. Вядома, шмат чаго за дзесяцігоддзі, праведзеныя ў зямлі, балотах, пад вадой, заржавела, згніло, але, знойдзенае рукамі ваенных археолагаў, уражвае і сёння. Асабліва тых, хто хаця б няшмат цікавіцца гісторыяй роднага краю.
Экскурсію для юных наведвальнікаў вёў Вадзім Тамілін:
— Напачатку вы можаце пазнаёміцца з асноўнымі інструментамі, якімі карыстаюцца нашы салдаты. Гэта ў першую чаргу карта і компас, у апошнія гады працуем і з GPS-навігацыяй, бо перш, чым пачаць капаць, трэба дакладна вызначыць каардынаты, зрабіць прывязку на мясцовасці. І толькі потым мы бяром рыдлёўкі і робім раскоп. Карыстаемся таксама рознымі шчоткамі, усе салдаты абавязкова маюць пальчаткі і маскі з тканіны.
Калі разглядаць даследаваныя 52-м пошукавым батальёнам гістарычныя эпохі, скажу, што самыя старажытныя знаходкі датуюцца 1503 годам. Пад Клецкам, на месцы бітвы войскаў Вялікага княства Літоўскага супраць татараў, было знойдзена вялікае пахаванне, дзе выяўлены рэшткі некалькіх соцень чалавек. Мы іх ідэнтыфікавалі як мірных жыхароў, палон, бо там было вельмі шмат жанчын. Паміж іх костак знойдзены наканечнікі стрэл і фрагменты нажоў.
Другім гістарычным перыядам стала эпоха напалеонаўскіх войнаў, і ў прыватнасці — вайна 1812 года на Беларусі. У раёне Бешанковічаў, Барысава праходзілі цяжкія баі, у выніку якіх загінулі тысячы салдатаў абедзвюх армій. Трэцім перыядам, над якім мы інтэнсіўна працуем, з’яўляюцца падзеі Першай сусветнай вайны. Фронт той вайны тры гады раздзяляў Беларусь надвое, дзясяткі тысяч воінаў знайшлі вечны спакой на нашай зямлі. Летась нам усміхнулася вялікая археалагічная ўдача — мы змаглі ўзнавіць імёны трох салдатаў Расійскай імператарскай арміі. І, нарэшце, апошні вялікі пласт гісторыі — Другая сусветная вайна, у якой загінулі мільёны. Узнавіць імёны можна рознымі спосабамі. Напрыклад, незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Чырвонай Арміі былі ўведзены імянныя медальёны, у Вермахце яшчэ раней сталі выдавацца металічныя жэтоны, салдаты падпісвалі свае рэчы. Зноў жа вялікім поспехам з’яўляецца знайсці ўзнагароду. Баявыя савецкія ордэны і медалі былі нумарныя. Вёўся строгі ўлік, чым і за які подзвіг быў узнагароджаны ваеннаслужачы, таму на нашы запыты мы атрымліваем вычарпальныя адказы з Цэнтральнага ваеннага архіва Расійскай Федэрацыі.
Затым госці пазнаёміліся з узорамі сучаснай зброі, змаглі пабываць у казарме, паглядзець, як жывуць салдаты.
— Звярніце ўвагу, якая чысціня ў памяшканні, — сказаў Андрэй Зінкевіч. — А цяпер, хлопцы, успомніце, які парадак у вашых пакоях. Як вы яго падтрымліваеце?
— Ой, і не кажыце! — уздыхнуўшы, адказала мама-выхавальнік Наталля Міхайлава. — Як цяжка ўпрасіць, каб хлопчыкі прыбраліся, прывучыць да парадку…
— Вучыцеся, хлопцы, неўзабаве вы самі будзеце прызваны ў войска, і, магчыма, хтосьці з вас будзе тут служыць.
На заканчэнне сустрэчы маёр Андрэй Зінкевіч падарыў гасцям памятныя значкі 52-га асобнага пошукавага сапёрнага батальёна, і ўсе дружна накіраваліся ў аўтобус.
— Што вам найбольш спадабалася? — задаю ўсім пытанне.
— Музей! Асабліва тое, што тут можна ўсё памацаць рукамі, — адказвае хлопчык.
— Так, там я стары аўтамат у руках трымаў, а потым мне далі яшчэ і сучасны, — адказвае другі.
— Нам жа спадабалася тое, што дзецям паказалі, які павінен быць сапраўдны армейскі парадак! — амаль у адзін голас адказалі бацькі-выхавальнікі.
На здымку: пад час пазнавальнай экскурсіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.