Эмблема з выявай «ў»

8Любяць і шануюць родную мову, як і ўсё сваё, роднае, што завем мы беларушчынай, у Слабадской СШ-садзе. У нацыянальна-фальклорным, краязнаўчым, лінгвістычным накірунках працуюць некалькі настаўнікаў. Гісторык Валерый Тухта прапагандуе і ўвасабляе ў жыццё беларушчыну ў краязнаўчым гуртку “Нашчадкі”, якім кіруе ўжо шмат гадоў. Сёлета ён упершыню правёў абрадавую гульню “Жаніцьба Цярэшкі” на школьнай сцэне. Як вядома, абрад гэты даволі шырока распаўсюджаны на Лепельшчыне і, прынамсі, у Слабадскім сельсавеце, дзе нават вёска носіць назву Цярэшкі.
Валерый Уладзіміравіч меў на мэце папулярызаваць нацыянальную гульню, асаблівасці якой падрабязна не ведалі не толькі дзеці, але і многія настаўнікі. Цягам некалькіх тыдняў развучвалі з дзецьмі танцы “Лысы”, “Падыспань”, “Кракавяк”, спявалі цярэшкаўскія прыпеўкі, знаёміліся з гульнямі “Вішанькі”, “Пацалунак”, “Фанты” і іншымі. Дзеці самі вялі абрад, настаўнік стараўся не ўмешвацца ў ход гульні, толькі зрэдзьчас рабіў каментарыі для гледачоў. Працавалася з задавальненнем, ды і дзеці засталіся задаволенымі. Адзін хлопчык, у якога спачатку ўсё не атрымліваліся танцы, урэшце, заскакаў як прафесійны танцор і прасіў, каб яго і надалей запрашалі на падобныя мерапрыемствы. З задавальненнем глядзелі аўтэнтычны беларускі абрад настаўнікі і бацькі, запрошаныя ў школу на свята.
Не так даўно фальклорнае мерапрыемства падрыхтавала і школьны бібліятэкар, этнограф Валянціна Рабцэвіч, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юныя фалькларысты”. Пад кіраўніцтвам Валянціны Іванаўны вучні некалькі гадоў збіралі народныя песні, а сёлета ўзялі накірунак мясцовай беларускай народнай гульні. На “Вечары беларускіх гаспадынек” дзеці гулялі ў “Бульбу” – цікавая гульня, калі трэба з завязанымі вачыма сабраць рассыпаную бульбу, у “два – трэці лішні”. Аказваецца, гэтая папулярная і дасюль гульня была добра вядома і нашым бабулям і дзядулям. Паказалі і яшчэ шэраг безназоўных гульняў – кацялок на вілках насілі і г.д.
Аднак, асноўныя падзеі ў нацыянальным жыцці школы прыпадаюць менавіта на Дзень роднай мовы 21 лютага, у гонар якога падрыхтавала цікавае мерапрыемства Вольга Бабаед, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Калі вы наведаецеся ў гэты дзень ў Слабадскую школу, будзеце прыемна здзіўлены. Бо ўжо на ўваходзе вас ветліва сустрэнуць дзяўчаты ў нацыянальных строях, на мілагучнай роднай мове шчыра павіншуюць са святам, прымацуюць эмблемку з выявай Ў нескладовага, якая будзе сімвалізаваць своеасаблівы ўваходны білет на школьнае свята. А потым здзіўлення прыемнага яшчэ паболее, бо традыцыйная літаратурна-музычная кампазіцыя для вучняў сярэдняга школьнага звяна перарасце ў гасцінныя вячоркі, дзе гаспадар і гаспадыня прымаюць у роднай хаце дарагіх гасцей і ўсяляк імкнуцца, каб тыя не сумавалі. А таму гасцям прапануюць розныя забавы ў рэчышчы нацыянальнага фальклору. На конкурсе чытача беларускіх вершаў загучыць паэтычнае роднае слова, увекавечанае такімі слыннымі майстрамі беларускага пісьменства, як Янка Купала і Якуб Колас, Пімен Панчанка і Максім Танк, Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін ды іншымі творцамі. Можна будзе даведацца і пра літаратурныя саміх удзельнікаў свята – вучняў і настаўнікаў – азнаёміўшыся з выставаю “Мой любімы беларускі верш”. Цікавай падаецца і задумка вызначыць любімае беларускае слова, дзеля чаго кожны ўдзельнік свята можа прыняць удзел у своеасаблівым “галасаванні”,на чыстым лістку паперы напісаўшы роднае слова, якое каму даспадобы. А на вялікіх перапынках вучні 8-11 класаў заспяваюць сучасны беларускі рок з рэпертуару папулярных рок-гуртоў “Тяни-толкай”,”G:Марс” і іншых. Фотавыстава “Я — беларус, я — беларусачка” прадэманструе панарамныя фотаздымкі ўдзельнікаў свята на фоне родных краявідаў. Аб’яўлены таксама конкурс “Спроба пяра”, на які паступілі і працягваюць паступаць творчыя работы. Пераможцаў чакаюць не толькі яркія ўражанні, але і прызы. А ў дзіцячым садзе тым часам пакажуць мультфільмы на беларускай мове.
На ўроках роднай мовы і літаратуры ў школе Вольга Іванаўна шырока выкарыстоўвае новыя лічбавыя тэхналогіі з прэзентацыямі, дэманструе відэа і аўдыяматэрыялы.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: гульня “Жа­ніцьба Цярэшкі” на школьнай сцэне.
Фота В.Тухты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.