Если бы Инна Шам не была педагогом-организатором, наверное, была бы телеведущей

img_3600Калі б Іна Шам не была педагогам-арганізатарам, напэўна, была б тэлевядучай. Я ёй наўпрост так і сказаў. Усміхнулася сваёй загадкава-прыязнай усмешкаю, паціснула плячыма:
— Ніхто не прапаноўваў.
А можа, і добра, што не прапаноўвалі. І не загінуў, не закапала дзяўчына ў зямлю свой несумненны педагагічны талент. Які можа быць педагагічны талент, скажаце вы, у чалавека, якому ўсяго дваццаць чатыры гады? А ці не хочаце ведаць, што ўсё таленавітае надзвычай простае. І калі педагог любіць дзяцей, і калі дзеці таксама хінуцца да яго, то можна ўжо гаварыць пра парасткі педагагічнага таленту. Не будзе галаву ламаць, як усталяваць дысцыпліну, — зоймецца творчасцю. І дзеці стануць не перашкодай, а, наадварот, добрай дапамогай у гэтай справе. І будзе поспех, і будзе плён — вось табе і талент.
Пра тое, што будзе педагогам, Іна вырашыла сама. Ні маці-аграном, ні бацька-вадзіцель такога ёй нараіць не маглі. Ні пры чым тут і педагогі з Альхоўскай СШ, пад Оршай, дзе дзяўчына закончыла дзевяць класаў. Вучылася няблага. Праўда, трапіла пад усе гэтыя педагагічныя эксперыменты: то ў штрых-класе вучыліся, то праз год праскоквалі. Любіла матэматыку і беларускую мову, мо таму, што падабаліся настаўнікі, якія вялі гэтыя прадметы. У школе вельмі многае залежыць ад настаўніка-прадметніка, а чалавечы фактар ніхто не адмяняў.
Наважылася паступаць у Аршанскі педкаледж і ажыццявіла свой намер. Ніколькі не шкадуе. У каледжы настолькі грунтоўна рыхтавалі па ўсіх напрамках, што зараз яна майстар ва ўсіх справах. Выкладалі і саломапляценне, і вышыўку, і маляванне, і працоўнае навучанне. Вышыла ручнік велізарны ў нацыянальнай аздобе. І зараз ёй, педагогу-арганізатару, за што б ні ўзяцца — усё ўмее і дзяцей лёгка можа навучыць. Студэнцкае жыццё цікавае, з абавязковым налётам рамантыкі. Група — дваццаць восем дзяўчат і адзін хлопчык. Прыгадвае, як на чацвёртым курсе ездзілі ў калгас яблыкі ўбіраць. Слота, мокрыя яблыкі, гарачы тэрмас з чаем і бутэрброды — смачнейшых у жыцці не бывае, і песні ў аўтобусе.
А можа, проста яна па натуры рамантык?
Вунь як распавядае пра звычайную двухтыднёвую паездку з любімым чалавекам у Геленджык. Паход у горы, джымпінг, выстава мёду, прагулкі на катары і на веласіпедах, навальнічная брама. Дэгустацыя шампанскага на заводзе “АмбрауДзюрсо”. Скрыпач, якога слухалі мо з гадзіну. Апісвае надзвычай коратка, нібы тым самым дае прастору для фантазіі слухачу, а разам з тым як смакавіта! Здаецца, сам п’еш тое шампанскае, слухаеш скрыпку і з вецярком імчыш на катары па чыстых-чыстых хвалях, абганяючы вецер.
Акрамя знешняй абаяльнасці, у Іны сімпатычная манера распавядаць. І гэта сапраўды незаменныя якасці для тэлевядучай. Аднак жа няхай яна лепей застаецца ў школе. Хіба тут не патрэбны сімпатычныя і камунікабельныя?
Скончыла ўніверсітэт. Перад тым, як асесці ў Лепелі, працавала ў Верхнядзвінску і Оршы. Прыйшла ў СШ №3 лабарантам-хімікам, і нарэшце вось ужо год як педагог-арганізатар. Школа вялікая, шмат творчых спраў. Летась ездзілі ў Лужасна на конкурс юных інспектараў дарожнага руху. Трэцяе месца занялі. Працуе і з акцябратамі, і з піянерамі, і з “бээрэсэмаўцамі”, конкурсы, зборы піянерскія, гурткі. Аднолькава добра знаходзіць паразуменне з кожным дзіцячым узростам. Дзеці яе паважаюць. А яна з імі як бы і на дыстанцыі, разам з тым, аднак, на адной хвалі, маладая ж яшчэ. Агульныя інтарэсы, разумеюць адзін аднаго з паўслова.
На першага верасня падарылі букет кветак. Цікава, ці падораць на дзень настаўніка? Іншым чамусьці падабаюцца ружы. Чаму? Гламурныя кветкі са злым норавам, нездарма ж з калючкамі. А ёй, Іне Шам, болей даспадобы бялюткія лілеі і герберы. У белым колеры — першародная чысціня і нявіннасць. Як не хапае нам гэтых якасцяў, як не хапае белага колеру ў жыцці!
На здымку: Іна Шам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.