Эти красавицы в Лепеле, расквецили весь город

img_0198 На падворку ў Валянціны Латышавай расцвілі чырвоныя ружы. Знекуль жа завяліся гэтыя прыгажуні   ў Лепелі, расквецілі вунь увесь горад – сёлета значна раней, чым заўсёды, вясна ўзялася дружная і стаяла цёплая, без маразоў, гэткую ж цёплую эстафету пердала і лету. Ружы, як, зрэшты, і іншая расліннасць, былі ў выгодзе і рана зацвілі. То там, то тут чырванеюць вяночкамі ў палісадніках.

Гэтымі самымі доўгімі чэрвеньскімі днямі, калі міжволі ўзгадваеш пра вайну, і пляцістая чырвань руж чымсьці нагадвае чырвоныя стужкі тых вянкоў, якія ўскладваюць да помнікаў і абеліскаў…
Бабуля Валянціна — у мінулым школьны настаўнік біялогіі. Каму ж, як не ёй, мець багаты расліннасцю падворак. Багаты расліннасцю — неяк казённа сказана. Не пустазелле ж буяе на двары ў Валянціны Андрэеўны. Разлілося тут мора кветак. Півоні, гваздзікі, рамонкі вунь жоўценькія з поля прывезла, пасадзіла. Яно ж мяне і збянтэжыла, тое мора кветкавае, калі падышоў да брамкі. Брамка “крутая”, як зараз кажуць, на ўсе засаўкі зачыненая, паспрабуй зайсці, кветак як у батанічным садзе. Яшчэ й туі шарападобныя з вуліцы як на варце выстраіліся. Ці не памыліўся я адрасам? Давалі адрас старой бабулькі, якая на абслугоўванні сацыяльнага работніка, а тут…
Пасля падзялюся з Валянцінай Андрэеўнай сваімі сумненнямі — і тая толькі заўсміхаецца.
— Дык а як жа тыя засаўкі, раптам кепска стане — і “хуткая” не дастукаецца…
— А, усё роўна калі-небудзь паміраць давядзецца. Вунь Муська мне паведаміць, калі хто прыйшоў.
— Па хаце танцуе сімпатычны сабачка, сімпатычны душою, па дабрыні душы сваёй радуецца гасцям.
— А кветкі хто даглядае?
— Пакуль сама.
Паціху з кіёчкам, туп-туп, баба Валя асцярожна спускаецца з ганка — і пайшла па кветках, і травіначкі ніводнай не міне. Хаця сагнуцца цяжка, ды на кіёчак абапрэцца і вырве, ды як ты спакойна пройдзеш міма тае травіны! Не прывыкла Валянціна Андрэеўна да непарадку.
— Ат, моладзь пайшла, ой лянівая, — падцяла бабуля вусны. — Яны цяпер, ведаеце, травою засеюць, фігурак панастаўляюць розных, а сярод іх — маленечкія клумбачкі з кветкамі. У мяне, бывала, уся школа буяла ў квецені!
Доўгія гады вучыла Валянціна Андрэеўна ў СШ №2 дзяцей біялогіі, і не толькі біялогіі — да працы прывучала, на прышкольным участку рупілася.
* * *
Як ва ўсіх даваенных, падзяліла яе жыццё вайна на дзве часткі. І няхай сабе першая частка была карацейшай. Гэткі там век —у сорак пятым ёй было толькі пятнаццаць гадоў. А ўсё роўна той кароткі век даўжэйшы ў памяці.
Жылі на гары за Чэрскім возерам, у Гушчыне, трое братоў Гаранскіх — Андрэй, Мікола і Сёмка. Затое і звалася тое месца Гаранскімі хутарамі. У Андрэя было шасцёра дзяцей — хлопцы Васіль з Міканорам і дзяўчаты Анюта, Зіна, Шура і самая маленькая Валя. “Паскробыш” — сама сябе жартам называе бабуля. Маці была вельмі працавітая. Свінней білі — сала ў чвэрць. Пуню сена накошвалі, карова ў хляве стаяла. Раптам хтосьці заявіў, што ў іх грошы схаваны, ці то керанкі, ці царскія яшчэ. Прыйшлі з вобыскам. Грошай не знайшлі, а пазабіралі рамкі з сямейнымі фота.
А пасля павысялялі з хутароў. У Паддуб’і пад хату адвялі пуню, дзе лён сушылі. Бацька — інвалід, аднак быў добрым краўцом, шыў боты, так што сям’я ніколі ў лапцях не хадзіла. Урэшце, на скрыжаванні ля Барысаўскага шляху пабудавалі добрую хату.
А тут вайна… Міканора забралі адразу ж на фронт. З вайны ён вернецца, пабудуе ў Паддуб’і хату, жэніцца, займее чацвёра дзяцей, а пасля з сям’ёю з’едзе ва Украіну. Васіль служыў у сто шаснаццатым на чыгунцы, меў сувязь з партызанамі.
Як прыйшлі немцы, сям’ю выгналі з хаты і выселілі ў пуню. Людзі жылі ў вечным страху, бачылі, як расправіліся карнікі з зелёнавостраўскімі мужчынамі. За Паддуб’ем у сілоснай яме расстралялі. Бачылі, як папалілі хаты ў суседняй вёсцы, і таму вельмі баяліся, каб і ў іх не паўтарылася тое ж самае. Тым болей, сябравалі з сям’ёю Трубчанкаў, з якою таксама жорстка расправіліся. Хваляваліся і за кароўку, затачылі яе ў кладовачцы цеснай, толькі галава тырчэла, каб дыхаць. Бо як было інакш уратаваць: ноччу з лесу адны выходзілі, днём прыганялі другія. Фашысты рабілі аблавы на партызан, праўда, тых заўсёды своечасова папярэджвалі. Бліжэй да лесу, на водшыбе, жыў непрыкметны дзядулька. Ён падаваў партызанам сігнал. І ніхто яго не выдаў, дзядуля той застаўся жывы.
Памятае Валя, як прыйшлі нашы. Сонечны дзянёк, ідуць з боку Прудзішча. А тата радасны: “Дзеткі! Нашы ідуць, нашы ідуць!”
Пасля дзесяці класаў Валя скончыла Віцебскі педінстытут, паехала працаваць у Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці ў Шастакоўскую сямігодку. І ўжо быў там хлопец, аднак прыехала дадому і пазнаёмілася з Косцем Латышавым, які ў той час будаваў дарогу ля Паддуб’я і заходзіў да іх дадому. Неўзабаве той зрабіў прапанову. Так болей і не паехала ў чужыя мясціны. Жылі ў Лепелі. Ён працаваў шафёрам у сельгастэхніцы, яна — настаўніцай. Спачатку — у школе рабочай моладзі, а пасля — у другой школе. Перавезлі хату, купіўшы ў Дабрамыслях. Зрабілі добры подруб. Хата гэтая і зараз служыць, вось толькі засталася ў ёй адна Валянціна, памёр яе Косця каля трох год таму.
У Валянціны — двое дзяцей і трое ўнукаў. Аднаго з унукаў назвалі ў гонар дзядулі — Косцем. Ён ваенны, жыве ў Бабруйску, вучыцца.
— Можа, будзе дыпламатам, — хваліцца бабуля і тут жа ўздыхае, — абы вайны не было. Толькі б не было яе, праклятай…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Валянціна Андрэеўна Латышава сярод любімых кветак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.