Этого очень заметного человека, кто же из старшего поколения на Лепельщине не помнит

bez-imeni-1 Ларыса Церашкова з тых людзей, якія не любяць сябе выстаўляць напаказ. І хаця жыццё яе — цалкам самастойная і вельмі багатая на падзеі і факты старонка, гэтая жанчына псіхалагічна ўсё роўна адчувае сябе ў цені свайго мужа, якога даўно ўжо няма. Гэтага вельмі заўважнага чалавека хто ж са старэйшага пакалення на Лепельшчыне не памятае. Ростам ён быў пад метр дзевяноста. Звалі яго Сцяпан Церашкоў. Гэта быў адзін з той легендарнай абоймы старшыняў калгасаў, якія прынеслі славу і дабрабыт. Гэтыя людзі — сама адзнака тае эпохі, калі малако цякло рэкамі, а беражкі ў тых рэк былі, амаль як у казцы, толькі што не кісельныя, а хлебныя і мясныя.
“А што Лорка? — скажа сама пра сябе Ларыса Пятроўна. — Цягнулася за мужам, як нітка за іголкаю, усяго толькі”. Яна і зараз бы адмахнулася ад мяне, як ад назойлівай мухі, зашылася б у сваіх вышыванках ці схавалася б на возеры з вудачкай, калі б я не схітраваў ды не папрасіў расказаць пра мужа. А заадно і пра сябе. Такі вось няхітры журналісцкі прыём. І перад памяццю мужа сціплая пенсіянерка не ўстаяла…
Ішоў сорак чацвёрты год. Маці хавалася з мужам і двухгадовай Лоркаю ў балоце, а тая крыкам крычала. І раптам бацька прапанаваў: “Можа… забіць малую? Бо ўсіх жа выдасць. Загінем”. Жахліва, але факт. Так расказала сама Ларыса Пятроўна. Больш таго, пасля тое ж самае паўтарыў сын Ігар. Можа, Лорка такім чынам адпомсціла бацьку, які неўзабаве кінуў сям’ю і пайшоў, як яна сказала, “сабакам сена касіць”… Дзяўчынка гадавалася без бацькі.
— І ў школе мне на далі павучыцца. А я так хацела! Я выдатніцай была, а мяне ў чатырнаццаць гадоў — на будоўлю, — на вачах у Ларысы раптам праступіла сляза. І жанчына як бы ачомалася ад сваіх успамінаў, — Толькі ж вы нічога пра мяне не пішыце.
Жанчына… Я не магу адважыцца назваць яе бабуляю. Я ўжо назваў быў. Яна няўцямна зірнула на мяне, здзівілася:
— Бабуля? Мне ж яшчэ толькі семдзесят чатыры!
У яе чацвёра ўнукаў і ніводнага пакуль праўнука. Дзіва што маладая. Хатку мые сама, а хатка тая, як палац. Натуральная гарадская кватэра ва ўласным доме. Нават душ ёсць.
…Маці працавала на хлебапякарным пункце, на месцы цяперашняга камбікормавага. Маленькая Лорка бачыла разбітую тэхніку — такім запомнілася ёй пасляваеннае жыццё. У чыгуначную школу, як я ўжо казаў, пахадзіла сем гадоў, далей — будоўля. Давучвалася ў вячэрняй, але гэта ўжо было пасля, пры Церашкове. На будоўлі цэгла, мяхі з цэментам. Рукі як граблі. Рада была, што вырвалася ў гандаль. Закончыла курсы ў гарпо і дзе толькі ні працавала — і па магазінах у Лепелі, і ў ваенгандлі ў Межыцы, і ў ваенным санаторыі ў Бароўцы.
— Не пахваляючыся, я была такая прыгожая, што многія проста прыходзілі на мяне паглядзець, а не штосьці купіць.
А потым у Бароўцы стала загадваць магазінам. Там і сустрэла свайго Церашкова. Ён з Буда-Кашалёва. Закончыў у Гомелі тэхнікум на эканаміста і па размеркаванні ў лепельскую сельгастэхніку трапіў. Прыехаў у Бароўку і там знайшоў за прылаўкам сваю прыгожую птушачку. А неўзабаве прыехалі сваты. І ўрэшце яны з Церашковым апынуліся ў аднапакаёўцы.
bez-imeni-2Пасля Сцяпану далі двухпакаёвую на Партызанскай. Ужо там нарадзіўся Сяргей. А Церашкоў паступіў завочна ў сельгасакадэмію. Год споўніўся сыну. Ларыса выходзіць з дэкрэтнага загадчыкам гаспадаркі ў дзіцячы садзік. Універсальная жанчына. Яна змяніла ў жыцці мноства прафесій, безліч месцаў працы, аднак ніколі ў жыцці не здрадзіла галоўным жаночым прафесіям — маці і жонкі. У сямідзясятым нарадзіўся Ігар, а праз год Церашкова прызначаюць старшынёй калгаса “Калгасная праўда” — і сям’я едзе ў Камень.
У гэты час Ларыса нарэшце давучваецца ў вячэрняй і паступае завочна на бухгалтара. Класічны варыянт: ён старшыня, яна ў калгасе эканаміст па працы. Малако льецца ракою, мяса гарою расце, ураджаі рэкордныя. Калгас працвітае. Хто толькі сюды не ездзіць! Былі і палякі, і кубінцы. На адным з тагачасных здымкаў мы бачым побач з Церашковым легендарнага Уладзіміра Лабанка, які ў той час быў сакратаром Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Старшыня строгі і разам з тым чуллівы. За народ стаіць гарою.
— Яго механізатары па п’янцы трапяць у міліцыю, іх пасадзяць, а Церашкоў едзе да Каленчыца, упрошвае, забірае, маўляў, хто ж у мяне працаваць будзе, — распавядае Ларыса Пятроўна.— Сам у жыцці нічога цяжэй ручкі ніколі не падняў, здароўе падкасілася. А працавітых любіў і паважаў цяжкую працу сялянскую.
У восемдзесят пятым аб’ядналі калгасы. Церашковы вяртаюцца ў Лепель. Ён стаў кіраўніком ашчаднай касы, што на плошчы. Яна пайшла кіраваць разліковай групай у гарана.
— Вельмі маркотная і цяжкая праца. Настаўнікі — народ амбіцыйны, кожнаму не дагодзіш. Надакучыла мне — пайшла касірам у банк.
Тым часам сэрца Сцяпана Іванавіча не вытрымала, не дацягнуўшыся да нітрагліцэрына, памёр проста на працоўным месцы ў лютым восемдзесят восьмага года. Жонцы застаюцца шматлікія мужавы ўзнагароды, сярод якіх медаль “За працоўную доблесць” і ордэн “Знак пашаны”. І застаецца — светлая памяць.
Яшчэ доўга пасля была Ларыса Пятроўна ў працоўных шэрагах, і нават пасля выхаду на пенсію працавала — то памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садзе, то вартаўніком. Для яе не было працы прэстыжнай ці непрэстыжнай. Яна паспрабавала ўсялякага хлеба. Вось каму трэба даваць ордэны…
Атрымала медаль “Ветэран працы”, як і большасць людзей яе пакалення. Знаходзіцца на пенсіі. Хіба сядзіць! Гаспадарку ўжо звяла. А гадавала ж калісьці і свіней, і курэй. Абклалася вышыўкамі. Вышывае і крыжыкам, і бісерам — чым хочаш! Унукі навезлі натуры для вышыўкі. Хутка ў Ларысы, мусіць, збярэцца ўжо на персанальную выставу. Спрабуе і вязаць. А ўлетку едзе ў Луцішча на лецішча. Там у яе копанка, і там яна прападае з вудачкай і спінінгам. Рыбку свежую вунь як любяць у сям’і…
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Ларыса і Сцяпан Церашковы; працоўныя будні.
Фота з сямейнага архіва Церашковых.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.