Эх, даўно не бачыла іх прасторная, светлая хатка гэткіх вялікіх бясед

Ужо не ўпершыню сустракаю ў старых вясковых хатах, якія будавалі недзе ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, высокую-высокую столь. Не зусім, скажам шчыра, практычна. Бо жывуць там, як правіла, людзі пажылыя. А каб такую столь памыць, трэба ўскараскацца на стол, і тады, можа, швабраю дастанеш. Не самі, вядома, дзеці мыюць…

89

У хаце ў Пятра і Фядоссі Кавалеўскіх з Юркоўшчыны ёсць каму прыбраць. Жартачкі! Дзевяць унукаў і дзесяць праўнукаў. Ну і выгаблявалі ж — перад вяселлем!
Эх, даўно не бачыла іх прасторная, светлая хатка гэткіх вялікіх бясед! Старыя сабралі ўсіх разам за сталом на брыльянтавае вяселле. Адных сваіх, родных, збяры — чалавек трыццаць за стол пасадзіш. І галоўнае — усім у хаце месца хопіць.
— І навошта ўжо, — пытаюся, — было такую вяледу будаваць?
— Дык хацелася ж прасторнага і светлага, — уздыхае гаспадыня. Але відаць, што ёй падабаецца жыць у такой вось сонечнай хатцы.
Ой жа, не сонечным было маленства і юнацтва нашых брыльянтавых юбіляраў! У Фядоссі ў вайну браціка забілі. Прама на агародзе. Страляніна пачалася, а яны, малыя, выбеглі з хаты паглядзець… А сястрыцу забралі ў канцлагер, адкуль яна і не вярнулася. Пасля вайны неўзабаве яшчэ адна сястра памерла. Да сталых гадоў дажылі яны ўтрох з вялікай шматдзетнай сям’і, а зараз і ўвогуле Фядосся адна засталася.
Вайна застала ў Заходняй Беларусі, куды паехала да старэйшай сястры. Разам і былі эвакуіраваны ў Саратаўскую вобласць. Пад бамбёжку па дарозе трапілі. Адным словам, прыехалі на месца, як стаялі, у лёгкіх сукеначках, і не было за што зачапіцца. Добра, старшыня калгаса трапіўся чалавечны. Ежы хапала, усё можна было ў калгасе выпісаць. Сястра працавала на плантацыі — вырошчвалі агуркі, памідоры. Тая свайго гора сербанула таксама — на мужа пахавальная прыйшла. Адвячоркам Фядосся са школы прыбегла, шчаслівая, свята там было, песні спявалі, а тут — гора такое. І сын у сястры ў вайну памёр, а другі — пасля…
— Каб ведалі, увогуле б не вярталіся з-пад Саратава, — кажа бабуля. — Там есці было што, а тут у сорак чацвёртым, як вярнуліся, усяго наеліся — і шчаўя, і рудзькі, і парулёў з мёрзлай леташняй бульбы. Сямігодку ў Старым Лепелі заканчвала, далей вучылася ў горадзе ў беларускай школе, на курсах лабарантаў на малаказаводзе…

Няпростым было маленства і ў Пятра. Бацька на фінскай загінуў ад снайперскай кулі. Брат, як і ў Фядоссі, — ад кулі нямецкай на сваім жа агародзе цяжка паміраў, у жывот паранены. Дзядзькі — Іван, Міхаіл і Пётр — у партызаны пайшлі, неўзабаве і пляменніка забралі ў партызанскую зону, бо тут пачалі ўжо спісы складаць, каго ў Германію адправіць. Вайну хлопчык перабываў у вёсцы Навалкі, на Ушаччыне, а ў блакаду нацярпеліся, асабліва калі ўслед за партызанамі пайшлі на прарыў. Калі тыя пачалі перапраўляцца праз раку, немцы бамбілі пераправу ўвесь дзень. І вёска Самаўка, што побач, згарэла. І шпіталь у вёсцы разбамбілі. Прарвацца не ўдалося. Усіх пагналі ва Ушачы, дзе моладзь неўзабаве адабралі везці ў Германію, а старых ды дзяцей распусцілі па дамах. Пеця вярнуўся ў Юркоўшчыну. Трое іх засталося ў маці, хата то ацалела, але ж есці не было. Вось тут і асака, і рудзька ў ход пайшлі.

Школы адолеў Пётр усяго шэсць класаў, далей распачалася суровая і мудрая школа жыцця. У пяцідзясятым ваенкамат накіраваў у школу парашутыстаў у Дражна. Праз месяц паступіў на стралка-радыста, аднак павучыўся толькі два тыдні — позва прыйшла ў армію. У Германіі амаль чатыры гады служыў, восенню пяцьдзясят чацвёртага вярнуўся ў родны калгас. У брыгаду хадзіў будаўнічую, і свіней гадаваў, і на ферме вартаваў…
img_9338
Пакуль гаспадары прыгадвалі ўчарашні дзень, у хату нечакана ўварваўся дзень сённяшні. Прыбегла суседка, дачуўшыся, што карэспандэнт прыехаў. Ну і галасок! Зычны, звонкі, добра пастаўлены. Можа, настаўніцай працавала? Не, як высветлілася, таксама хлебароб. А ёй бы, між іншым, у оперныя спявачкі.
— Прыгожа пішыце пра нашых суседзяў! Вы нават не ўяўляеце, якія яны добрыя, шчырыя, спагадлівыя людзі. Гэта кожны з суседзяў вам скажа. У мяне муж хворы, няма каму на падворку абкасіць. Мікалаевіч прыйдзе са сваёю касою, выгаблюе — як бы карова языком вылізала. А чалавеку, між іншым, восемдзесят шэсць гадоў. І касу навострыць, і плуг падладзіць. І што хочаш дапаможа. Веласіпед вунь суседу адрамантаваў, як новенькі — залатыя рукі. Усе да яго звяртаюцца. Я кажу, хіба не сорамна старога чалавека напружваць. І капейкі ніколі не возьме. У Пахомаўны сэрца залатое, спагадлівае. Гасцінныя ўсе, мы тут разам як адна сям’я.
І добра што яна прыйшла — нібы свежы вецер у хату заляцеў. Сціплыя гаспадары самі таго пра сябе не расказалі б. Сам не пахвалішся — суседзі забыцца не дадуць. Дабрыня — як зерне, узыдзе абавязкова і закаласіцца.
… У лютым пяцьдзясят сёмага яны пажаніліся. Аднавяскоўцы ж, ведаліся даўно, ды вось пакуль лёс звёў разам. Вяселле ладзілі акурат на выбары. На дзве хаты гулялі, як і было заведзена ў вёсках. Яшчэ начальства баялася, каб выбары не сарвалі.

Жылі спачатку ў яго бацькоўскай хаце. Якая там хатка, адна назва. Зараз ад яе вунь толькі фундамент застаўся. А людзей у хаце было! У адначассі аж тры калыскі гойдаліся. Зрэшты, у той хатцы з пяцьдзясят восьмага па шэсцьдзясят пяты і нарадзіліся ўсе іх пяцёра дзяцей: Тамара, Саша, Люда і Валя з Аняй — блізняты.
— Асабліва ў шэсцьдзясят пятым цяжка было, — прыгадвае гаспадыня, — малако ў мяне прапала. Чым карміць дзяцей? Пячэння натру ім, намачу, а яны сплёўваюць. Пайшла да старшыні малака выпісаць — не даў нават літра. А пасля ў ягады з’ездзілі з жанчынамі, дык на суд таварыскі выклікаў. Маўляў, чаму на працу не выходзіш, а ў ягады ездзіш? А ў мяне дзеці малыя. Кажу: “Штрафуйце, так я вам і заплачу”.
— Хіба ў яго сваіх дзяцей не было?
— Былі. Такі ўжо чалавек. Бог яму суддзя. У горад у бальніцу пайшла, пытаюся, чым мне дзяцей карміць? Там здзівіліся: “Вам жа паёк паложаны”. А я пра той паёк і не чула нічога. Праз дзень прыбягаюць ужо са сваёй бальніцы, з Ворані: “Мы вам кашкі прынеслі”. Відаць, далі ім прачуханцу.
Калі далі лес — пачалі і яны будавацца. Ужо, можна сказаць, паставілі новую хатку, ды зноў бяда — бліскавіца ўдарыла, і хата, як свечка, згарэла. Тады ўжо выканкам зноў лесу выпісаў, а калгас дапамог пабудаваць гэту хату.
Брыльянтавае шчасце — вядома ж, прыгожае, так і зіхаціць, так і пераліваецца яно ўсімі гранямі. Вось толькі грані тыя воглыя, цвёрдыя — як і лініі лёсу. Нездарма ж брыльянтавае шчасце па-іншаму алмазным завецца.
Грані жыццёвага шчасця Фядоссі Пахомаўны і Пятра Мікалаевіча Кавалеўскіх — іх дзеці, якія цвёрдай хадой пайшлі па жыцці. Аляксандр вадзіцелем працаваў, у Полацку жыве. Тамара — у Лепелі, тэхнолаг, у хімчыстцы рабіла, зараз ужо на пенсіі. Прадаўцом у Лепелі і Людміла. Ганна з Валянцінай — бухгалтары, першая — у Полацку на заводзе “Шкловалакно”, другая — у Баброве.
Цэлая гвардыя ўнукаў і праўнукаў села за стол у Кавалеўскіх пад час іх брыльянтавага вяселля. Старэйшая праўнучка Юля — падлетак ужо, а малодшаму Мацвею ўсяго восем месяцаў. І зноў гучыць у хаце ў шчаслівых юбіляраў звонкі дзіцячы смех. Вось калі нарэшце сапраўднае шчасце прыйшло. Цярністымі сцежкамі прабіралася, яркія адмеціны пакідаючы. І тыя адмеціны — брыльянтавыя грані няпростых жыццёвых калізій гаспадароў гэтай хаты, калізій, якія сталі іх агульным лёсам. Брыльянтавае шчасце моцнае, як крэмень.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Фядосся і Пётр Кавалеўскія; з дзецьмі і ўнукамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.