Ехал мужчина на инвалидной коляске

156untitled Напачатку колькі замалёвак з натуры. Нядаўні прыклад прывяду. Ехаў мужчына на інваліднай калясцы. Па праезнай частцы ехаў. Побач тратуар на вуліцы Валадарскага. Новы тратуар, пакладзены летась. Аднак выштукаваны ён без уліку таго, што па ім будуць рухацца асобы з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Заезды-з’езды практычна непрыдатныя для такіх людзей. Мужчына з асцярогай каціў па вуліцы. Раз-пораз аглядваўся па баках, каб не трапіць пад колы аўтамашын. Ды і сама праезная частка зеўрае дзіркамі. Выезд такі колькі нерваў каштаваў! Здароўя і так бракуе, а тут гэтулькі стрэсаў ды перашкод. Бар’еры — нібы для спартсмена. Паспрабуй адужай іх!
І яшчэ. Скажам, пад’ехаў інвалід да дзвярэй. Пандус толькі для выгляду паставілі, паспрабуй ускараскацца наверх. З горам папалам забраўся і тут жа атрымаў удар дзвярыма, бо яны адчыняюцца вонкі. І гэта не проста пустыя словы, а назіранні канкрэтных сітуацый.
Прама скажам, нязручнасці церпяць таксама матулі ды бабулі з дзіцячымі каляскамі. Па асобных тратуарах для іх таксама праблема праціснуцца. Пад’едзе да бардзюра і нерухомее. Два шляхі выйсця: або прасіць пабочнай дапамогі, або выкочваць каляску з малым прама на дарогу. Нярэдка выбіраюць другое.
Колькі славесных коп’яў зламалі, каб з большага агораць праблему! Тое-сёе зрабілі, але да канца не давялі. Пасярод тратуараў колькі электрычных слупоў стаіць. Дзе нельга перанесці ў іншае месца — і гаворкі няма. А дзе надарылася магчымасць — варта зрабіць. Тым больш, калі мянялі электрыкі правады ды слупы новыя ставілі.
Неразвязаных вузлоў і вузельчыкаў гэтулькі нагрувасцілася, цераз край пялешчуць праблемы. І не выпадкова створаны Савет па каардынацыі дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, грамадскіх аб’яднанняў, суб’ектаў гаспадарання ўсіх формаў уласнасці па забеспячэнні фарміравання даступнага асяроддзя пражывання для фізічна аслабленых асоб, пры архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Вось такая вялікая назва. І ахінае яна, па сутнасці, прыярытэтныя напрамкі дзейнасці грамадскага фарміравання.
На нядаўнім пасяджэнні намеснік старшыні райвыканкама, старшыня Савета Віктар Азаронак прынцыпова ацаніў сітуацыю, вобразна кажучы, па нітцы разматаў шчыльны клубок праблем.
— Тое, што магчыма перарабіць, абавязкова трэба зрабіць. А галоўнае, пры ўзвядзенні новых аб’ектаў варта не дапускаць пралікаў. Усе праекты павінны ўзгадняцца, а пад час прыёмкі аб’ектаў у эксплуатацыю з прыёмнымі камісіямі павінны працаваць зацікаўленыя арганізацыі і грамадскія фарміраванні. Тады менш нараканняў будзе. Само сабой зразумела, што недахопы трэба выпраўляць у стадыі будаўніцтва, а потым пры прыёмцы іх ліквідоўваць даволі няпроста, а часам і немагчыма.
Ды і наш Савет увогуле створаны з мэтай выпрацоўкі і ажыццяўлення ўзгодненых дзеянняў пры фарміраванні даступнага асяроддзя для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Савет з’яўляецца пастаянна дзеючым дарадчым і кансультатыўным органам. Дзейнасць яго грунтуецца на прынцыпах публічнасці і калектыўнага абмеркавання пытанняў.
Кола задач досыць актуальнае і шырокае. Грамадскае фарміраванне аказвае садзейнічанне органам дзяржаўнай улады раёна ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да інвалідаў, эфектыўным вырашэнні задач інтэграцыі іх у грамадстве; аналізуе і абагульняе прапановы грамадскіх арганізацый і грамадзян, накіраваныя на вырашэнне праблем інвалідаў, садзейнічанне ў рэалізацыі гэтых ініцыятыў і інш.
Па даручэнні Віктара Азаронка члены Савета атрымалі план будаўніцтва, рэканструкцыі, капітальнага рамонту будынкаў і збудаванняў у раёне. Дакумент змяшчае пералік аб’ектаў на трох старонках. Гэта дазваляе трымаць руку на пульсе жыцця, пакрокава весці кантроль за выкананнем будаўнікамі патрабаванняў безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.