Ездил ли он когда верхом на коне?

palachaninСустрэча была кароткай, і я не паспеў запытацца ва Улада, ці ездзіў ён калі вярхом на кані. Магчыма, што ездзіў. Хлопец спартыўны, футбаліст. Калі ж усё жыццё ганяў па стадыёне мяч, то чаму б яму не пагарцаваць і на кані? Жыве ж ні ў якім там вялікім горадзе, а ў ціхмяных Докшыцах, не ў кватэры на паверсе ў аблоках лунае, а ў сваім доме, на зямлі. І агарод ёсць дома. Так што чалавек ён прыземлены, хоць і з вялікімі марамі, хоць і з амбіцыямі. Зрэшты, мець добрыя амбіцыі — гэта добра.
Аднак яго магу лёгка ўявіць вершнікам, бо ўжо аднойчы бачыў… Справа ў тым, што мая знаёмая Таццяна Гольдзіна, якая працуе педагогам дадатковай адукацыі ў каледжы, разам з педагогам-арганізатарам Святланай Стэльмах рыхтавала каманду для ўдзелу ў традыцыйным фестывалі “Аграрная вясна”. Не так даўно Таццяна Віктараўна выклала “Укантакце” некалькі відэа пра тое, як нашы шаноўныя каляджане выступілі. А трэба сказаць, што выступілі яны там годна, утварыўшы цэлы фурор. Падзялілі разам з камандай з Гарадка гран-пры фестывалю. Акрамя таго, занялі першае месца на конкурсе ды-джэяў і трэцяе — на інтэлектуальных гульнях і спаборніцтвах клубаў вясёлых і знаходлівых. Адным словам, малайцы! З дзесяці каманд-удзельніц стаць першымі — гэта сапраўдны поспех.
Дык вось, з Уладам Палачаніным я ўпершыню пазнаёміўся па тых відэароліках — завочна, вядома. Яго заўважыў адразу. Як было не заўважыць. Нараспеў, на розныя галасы, зацягнулі хлопцы “Выйду я на поле с конём”. І голас Улада проста немагчыма было не пачуць. А потым была яго сольная песня “Ты мне снишься”, пасля якой публіка апладзіравала, як сапраўднаму куміру.
Запытаўся ў Гольдзінай, хто гэта такі. Адказала, што першакурснік, вучыцца на будаўніка. Аднак, напэўна, іншая яго чакае будучыня, калі пашанцуе, вядома. Яго чакае сцэна. І яна, Таццяна Віктараўна, гатова ўсяляк гэтаму паспрыяць.
І вось мы сустрэліся, гутарым, як французы кажуць, “тэт-а-тэт”. Перада мною звычайны пятнаццацігадовы падлетак, з добрай энергетыкай, хаця і не скажаш, што такой ужо простай натурай — творчая, як-ніяк, асоба. Прыгадваю, як казала пра яго Гольдзіна: “Даверлівы, нават крыху наіўны, аднак сустракае людзей і ставіцца да іх так, як яны да яго”.
Маленства прайшло на стадыёне. Улад нават ужо і не памятае, калі ўпершыню падфутболіў той мяч. Помніць, хлопцы на стадыёне ганялі мяч, дваровая каманда, а яго, малога, не бралі. І гэта была яго першая, такая маленькая і такая вялікая, крыўда. Пачаў упарта трэніравацца адзін, пакуль нарэшце не навучыўся.
І вось ён у камандзе. Колькі ж радасці! А потым быў футбол у школе. Трэнер там добры трапіўся, дарэчы, яго дзядзька. Выступалі на розных спаборніцтвах — і за школу гулялі, і за раён. На памяць пра футбольныя баталіі застаўся медаль — за трэцяе месца ў турніры “Скураны мяч” у Новалукомлі.
Ды неяк сам па сабе футбол адышоў на другі план. А на першы выйшла музыка. Магчыма, таму паспрыяла добры школьны музычны кіраўнік Ірына Дзяхканава, якая своечасова здолела разгледзець у дзіцяці талент. Паказала свайму знаёмаму Андрэю Воранаву, які на той час ужо быў прафесійным спеваком — спяваў серанады. Нейкі час Улад хадзіў да яго ў канцэртную залу “Іскра”. Воранаў прафесійна “паставіў” яго голас, навучыў валодаць дыханнем, трымацца на сцэне. Ужо ў Докшыцах хлопец перастаў баяцца сцэны. Ён удзельнічаў і ў раённых, і ў абласных конкурсах.
А потым паступіў у Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж… на будаўніка. Чаму? Ды ён і сам дакладна не ведае.
— Табе падабаецца гэтая прафесія?
— Ну які з мяне будаўнік? — усміхаецца.
— І што ты тут сабраўся будаваць?
— Кар’еру, — адказвае з гумарам, злавіўшы ў маім пытанні іронію.
— Будзем спадзявацца, гэта кар’ера будзе не на будаўнічых, а на сцэнічных падмостках.
— Будзем спадзявацца.
— А ты яшчэ і амбіцыйны.
Амбіцыі — няблага. Ды і прага творчай кар’еры для маладога чалавека — што ж тут кепскага! Вось калі б яшчэ дзядзьку не футбольнага трэнера, а якога Філіпа Кіркорава ці Алега Газманава мець. Без падобнага сваяцтва простаму хлопцу з правінцыі цяжка сябе сцвердзіць у эстрадным шоу-бізнэсе. Ну, але ж кепскі той салдат, які не марыць стаць генералам.
А пакуль што Улад Палачанін і ў аграрна-тэхнічным каледжы не сумуе. Тут знайшоў сабе лепшага сябра Ігара Андрэева. Хлопец хоць і старэйшы гады на тры, аднак сябруюць па-сапраўднаму. І тут увогуле часу няма сумаваць, бо заняткі, а пасля — сцэна: трэніроўкі, рэпетыцыі, выступленні.
Сцэна яго ўзвысіла, захапіла, закружыла ў шчаслівай калаверці дзён, дапамагла паверыць у сябе, дала новых сяброў і знаёмых і, можна сказаць, стала сэнсам жыцця.
— Што ты адчуваеш, калі выходзіш на сцэну? Хвалюешся? І дзеля чаго ты туды выходзіш? Дзеля славы?
— Хваляванне даўно прайшло, хаця трымценне кожны раз, вядома ж, ёсць.
— Не баішся, што раптам забудзеш словы?
— Не, гэта ўжо аўтаматычна. А выходжу на сцэну не дзеля славы. Спяваю для душы.
— Які рэпертуар спяваеш і любіш слухаць?
— Як ні дзіўна, амаль нічога з замежнага. Люблю рускія хіты васьмідзясятых-дзевяностых гадоў. Мне падабаюцца песні, у якіх ёсць сэнс.
Пакуль яшчэ толькі падлетак, і сам шукае Улад сэнс у жыцці, і знаходзіць яго… у песнях. Хай жа яму пашанцуе!
Уладзімір МІХНО.
На здымку: спявае Улад Палачанін.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.