Фэст імя Цмока Лепельскага

397Другога жніўня аграсядзіба Васіля Шкіндзера ў Вялікім Поўсвіжы ў чацвёрты раз сабрала сяброў – народных рамеснікаў, аматараў фальклорнай творчасці. Адметнасцю сёлетняга фэсту стаў пленэр, прысвечаны Цмоку Лепельскаму, які праводзіўся паралельна. За тры дні да яго пачатку на Лепельшчыну з’ехаліся мастакі з Полацка, Оршы, Віцебска, далучы­ліся мясцовыя майстры фарбаў і пэндзля. Усяго ў імпрэзе прыняла ўдзел 12 чалавек. Творцы тры дні шукалі натхнення ў лепельскай прыродзе, яе традыцыях, легендах, паданнях. Завяршыўся пленэр выставай, праведзенай ужо на фэсце. Мастакі паказалі публіцы свае творы, напісаныя пад эгідай Цмока. Розных карцін, вялікіх і малых, набралася столькі, што імі запоўнілі цэлую сцяну пад навесам.
Потым, ужо пасля ад­крыцця фэсту, мастакі расказвалі пра свае творы. Кацярына Мяснікова з Полацка коратка распавяла:
— Я стварала казку пра Лепельшчыну. З такіх маленькіх казачак , як мазаіка, нараджаецца вялікая казка Беларусь.
Мастак Уладзімір Вальноў з Віцебска напісаў цыкл “Язычніцкая зямля”, расказвае:
— Язычніцтва мае вельмі багатыя традыцыі, праз яго чалавек мае сувязь з зямлёй, на якой жыве. А праз хрысціянства чалавек звязаны з іншымі людзьмі.
Вось такое яно — мастацкае бачанне свету і чалавека ў ім.
Акрамя мастакоў, на свята завіталі і старыя знаёмыя — народныя майстры. Віктар Дудкевіч з Глыбокага — знакаміты 398майстар разьбы па дрэве, з любога сучка можа шэдэўр стварыць. Сёлета на фэст прывёз друкарскі станок. Прыблізна на такім працавалі знакамітыя Францыск Скарына і Сымон Будны. За невялікую плату любы жадаючы мог надрукаваць сабе цытату з Бібліі: “Въ начале сътвори Богъ небо и землю”. У сябе дома Віктар зрабіў драўляны веласіпед, аднак на фэст яго не павёз, казаў:
— У машыну і так было накладзена шмат розных вырабаў, там ужо месца не засталося для веласіпеда.
Сяргей Шчэрба з Паставаў — майстар па кераміцы. Акрамя вырабаў, ён заўсёды бярэ з сабой ганчарны круг, на месцы дае майстар-класы па вырабе гаршкоў, місак і іншага простага посуду. Хаця і кажуць, што не богі гаршкі лепяць, аднак паспрабуй зрабі што-небудзь сваімі рукамі. Пакуль штосьці вартае атрымаецца, забаліць спіна, заныюць ногі.
Галіна Жураўлёва цэлы стол запоўніла сваімі вырабамі. Яна — пастаянная ўдзельніца розных святаў, папулярызуе дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Былі сёлета і навічкі. Сняжана Аўтушка, напрыклад, працуе настаўніцай абслуговай працы ў гімназіі імя І.Ерашова. Зараз яна ў водпуску па доглядзе за дзіцяці, таму больш часу можа вы­дзеліць для заняткаў творчасцю. Шыццём, вышываннем, стварэннем упрыгажэнняў з бісеру жанчына займаецца даўно, а адносна нядаўна, гады тры таму, адкрыла для сябе новы від мастацтва — пляценне вырабаў з газет.
399— Сабралася дома шмат старых газет, — расказвае Сняжана. — Спачатку намерваліся спаліць іх ці здаць у макулатуру, але потым знайшлі ім новае прымяненне.
А вось і пачалася святочная праграма. Выступленне адкрыў гурт “Паўночная Сухадроўка”. Дзяўчаты з Віцебска ўжо трэці раз гасцявалі і спявалі ў Вялікім Поўсвіжы. Спецыяльна да сёлетняга свята яны вывучылі песню пра безадэннага цмока, запісаную фалькларыстамі ў Верхнядзвінскім раёне. Крыху нават шкада было той істоты, якую святы Юры біў мячом, працінаў кап’ём.
Паколькі жнівень — пара жніва, адкуль і пайшла назва месяца, то вельмі дарэчы прагучалі і некалькі жніўных песень, запісаных у Полацкім раёне, на Палессі, і зноў жа вывучаная спецыяльна да свята песня з Лепельшчыны.
Пасля дзяўчат з “Паўночнай Сухадроўкі” песенную эстафету ўзялі лепельскія аматары фальклору Людміла Шыпуля і яе вучаніца Кацярына Зайко. Люд­міла шмат гадоў аддала беларускай песні, яе папулярызацыі. Эстафету ад настаўніцы прымаюць дзеці, якія займаюцца ў Стайскім філіяле Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Сярод іх і Кацярына.
А ў другой палове дня ў Вялікім Поўсвіжы выступілі аматары сярэднявечнай беларускай музыкі — гурт “Літы талер” з Мінска. У “Талераў” за апошнія гады склаліся сталыя сяброўскія сувязі з Лепельшчынай, артысты ўдзельнічалі ў некалькіх фэстах. Прычым, акрамя музыкі і песняў, вучылі ўсіх жадаючых яшчэ і танцам. Выводзілі знаёмыя і “Падыспань”, і “Кракавяк”, і больш экстравагантны “Друмул дракулі”, папулярны ў XVI – XVII стагоддзях.
Ну, і якое ж свята на вольным паветры ды без прысмакаў?! Традыцыйны пачастунак — гарбата на травах — знайшоў і тут сваіх аматараў. Завараная ў сап­раўдным самавары, распаленым дрывамі, са зборам духмяных і лекавых траў, яна ўсім прыйшлася даспадобы. Смакаванню карыснага напою шкодзіла, хіба, адно — неймаверная спёка, якая дасягала трыццаці градусаў, а часам нават і вышэй. Дарэчы, тут жа можна было набыць ужо сабраныя і падрыхтаваныя для выкарыстання травы.
Побач на імправізаваным вогнішчы гатавалі сап­раўдныя беларускія дранікі. Свежы, толькі што спечаны дранік са смятанкай396 ды на вольным паветры — што можа быць рамантычней! Магчыма, таму чарга за дранікамі не разыходзілася амаль да канца свята.
Добры сябар Ва­сіля Шкіндзера Уладзімір Крыцкі па традыцыі гатаваў на вогнішчы пярловую кашу з курыцай. Замест талеркі ці міскі кашу выкладалі на ліст капусты. Атрымлівалася арыгінальна — мясная страва і салата — у адным наборы.
Сёлета, аднак, не было галоўнага атрыбута ранейшых святаў — жорнаў. Яны занялі ганаровае месца ў нядаўна аформленым Васілём музеі аграсядзібы. У музеі гаспадар за гады сабраў шмат арыгінальных рэчаў, атрыбутаў сялянскага ды і гарадскога побыту. Тут і пралкі, і матавілы, і бароны, і плугі, і нават тры драўляныя сахі і шмат чаго іншага, не менш цікавага. Любы жадаючы мог наведаць музей, пазнаёміцца з матэрыяльнай беларускай культурай, атрымаць уяўленне, як жылі і працавалі нашы продкі сто і дзвесце гадоў таму.
Не было, дарэчы, і галоўнага атрыбута святаў і пікнікоў — шашлыка. Арганізатары наўмысна адмовіліся яго гатаваць, паколькі гэтая страва не характэрная для беларускай традыцыйнай кухні.
Свята — гэта яшчэ і добрыя сустрэчы старых сяброў, знаёмства з новымі. Напрыклад, работніца радыё Таццяна Смоткіна спецыяльна прыехала з Глыбокага, каб папрысутнічаць на свяце, а заадно здабыць інфармацыю пра знакаміты абрад жаніцьбы Цярэшкі. Гэта тэма за­цікавіла жанчыну даўно, калісьці і на Глыбоччыне гэты абрад быў пашыраны, але за даўнасцю гадоў забыты. На Лепельшчыне ж Жа­ніцьбу адрадзілі, рэгулярна праводзяць, таму рэпарцёр вырашыла звярнуцца да першакрыніц. Шмат аб чым Таццяне расказаў лепельскі мастак Аляксандр Саўчанка, які з маладосці ўдзель­нічаў у абрадах і ў апошнія гады актыўна займаецца фальклорам.
Адметная і яшчэ адна сустрэча. Менавіта на фэсце пазнаёміліся жыхар Узды Мінскай вобласці Юрый Армонік і жыхар ра­сійскага Растова-на­­­-Доне Анатоль Прокш. Мужчын паяднала падабенства гісторыі іх сем’яў. Дзеда Юрыя Армоніка Ціхана разам з сям’ёй у 1930 го­дзе як кулака саслалі ў Котлас Архангельскай вобласці. Праз паўгода жонка з пяццю дзецьмі здолела вярнуцца, а муж там і загінуў. Дзед Анатоля Прок­ша Эдуард Паўлавіч Філяндмуйж жыў у Лепелі, у 1915 годзе ўзвёў будынак сучаснай рэдакцыі, у той час у ім месціліся галантарэйная крама і булачная. У 1930 годзе Эдуарда Філяндмуйжа разам з сям’ёй выслалі ў Котлас. Жонку з трыма дзецьмі памілавалі, а мужчына праз некаторы час памёр у высылцы. Анатолю Станіслававічу і Юрыю Алегавічу знайшлося шмат аб чым пагаварыць.
Святкаванне з песнямі, танцамі, гутаркамі зацягнулася да позняй ночы. Свята, на вялікі жаль, атрымалася не такое шматлюднае, як у мінулыя гады. Прычын таму магу наз­ваць некалькі. Па-першае, слабае інфармаванне, рэклама. Так што на будучае арганізатару варта будзе больш уважліва аднесціся да гэтага боку справы. Па-другое, адмоўным чынам адбілася на наведванні анамальная спёка. Тэмпература звыш за трыццаць градусаў вельмі цяжка пераносіцца, таму многія лепяльчане аддалі перавагу пляжам, купанню на азёрах і рэках ці проста адпачынку дома. Тыя ж, хто спёкі не спалохаўся, атрымалі мноства станоўчых эмоцый, зарад бадзёрасці і аптымізму.
Васіль
МАТЫРКА.
На здымках: выступае гурт “Паўночная Сухадроўка”; майстар з Паставаў Сяргей Шчэрба знаёміць з ганчарнай справай Славу Манжосіна; узнялі настрой гасцям народныя танцы; майстар разьбы па дрэве Леанід Саўчанка са сваім унукам Віталем ля новага твора — выявы Цмока.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.