Фестываль для працуючай моладзі “Алімпія” ўжо дванаццаты год запар праходзіць на лясной паляне берага ракі Іслач, што ў Валожынскім раёне

Аб адметных падзеях рэспубліканскага спартыўна-адукацыйнага фестывалю “Алімпія” гутарым з першым сакратаром райкама ГА “БРСМ” Таццянай Шчэрбач.
— Фестываль для працуючай моладзі “Алімпія” ўжо дванаццаты год запар праходзіць на лясной паляне берага ракі Іслач, што ў Валожынскім раёне, — адзначыла Таццяна Уладзіміраўна. — Тры дні ўдзельнікі “Алімпіі”, — а гэта больш за 600 чалавек са зборных каманд міністэрстваў, дэпартаментаў, абласцей Рэспублікі Беларусь — правялі ў палявых умовах і паказалі ўсё, на што толькі былі здольныя. За час свайго існавання фэст ператварыўся ў сапраўднае свята, вясёлае і відовішчнае.
— Што ўваходзіла ў праграму?
— Спорт і творчасць, фізічная сіла і інтэлект ішлі побач. Турніры па футболе, валейболе, дартсе, падняцці гіры і перацягванні каната суседнічалі з кулінарнымі паядынкамі, адукацыйнымі пляцоўкамі, конкурсамі бівуакоў і візіткамі ўдзельнікаў. Дух спаборніцтва быў вельмі моцны, аднак яшчэ мацней была атмасфера сяброўства і адзінства.
У “Алімпіі” ёсць і свой “алімпійскі агонь”, які перадаюць адзін другому капітаны каманд. У гэтым годзе запаліў яго сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра цяжкаатлет Вадзім Стальцоў.
— Колькі ўдзельнікаў прадстаўлялі Віцебшчыну?
— У камандзе было 30 чалавек. Сярод іх і прадстаўнікі Лепельскага раёна. Удзельнічалі ў адкрытым дыялогу “Моладзь і палітыка: формула адказнасці”, дзе экспертамі выступілі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, старшыня Цэнтрвыбаркама нашай краіны Лідзія Ярмошына, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч і першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” Андрэй Белякоў. Многае цікавіла ўдзельнікаў дыялогу: ці патрэбна палітыка моладзі, як рухаць наперад нашу эканоміку і ствараць добры прафесійны прадукт.
— Ці прысутнічаў у каманды Віцебшчыны свой нацыянальны каларыт?
— Да конкурсу бівуакоў было створана вясковае падвор’е з нацыянальнымі стравамі і народнымі песнямі, гульнямі.
— Які лепшы вынік?
— Лепшым вынікам для нашай каманды стала другое месца ў перацягванні каната. У склад яе ўвайшоў і настаўнік фізкультуры гімназіі імя Ерашова Канстанцін Шчэрбач. Гэта былі па-сапраўднаму мужчынскія, захапляльныя паядынкі!
Наогул, фестываль удаўся на славу! Удзельнікі атрымалі бязмежнае мора энергіі і пазітыву, сустрэліся са старымі і набылі новых сяброў.
Гутарыў Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.