Галіну Жураўлёву ведаюць на Лепельшчыне як цудоўнага майстра выцінанкі

Галіну Жураўлёву ведаюць у нашым раёне як цудоўнага майстра выцінанкі. Кожнаму твору Галіны ўласцівыя індывідуальнасць, выразны почырк, своеасаблівы погляд на свет. Майстрыха неаднаразова рыхтавала непаўторныя выставы ў Лепельскім цэнтры рамёстваў, а таксама прымала ўдзел у многіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.
Сёлета Галіна ўдзельнічала ў VI міжнародным сімпозіуме “Беларусь-2016”, які праходзіў у г. Маладзечна.
— Гэта мерапрыемства, безумоўна, пакінула ў мяне шмат яркіх уражанняў, таму што яно падарыла магчымасць пазнаёміцца з цудоўнымі творамі майстроў іншых краін, — расказвае Галіна. — Сімпозіум праходзіў на базе вучылішча імя А. Агінскага. Акрамя Беларусі ўдзельнічалі майстры выцінанкі з Расіі, Літвы, Польшчы і Украіны — усяго каля трыццаці чалавек. Ад кожнай краіны-ўдзельніцы была падрыхтавана міні-выстава, а таксама быў прадстаўлены семінар. Майстры з розных краін праводзілі майстар-класы.
Вельмі прыемна было ў чарговы раз сустрэцца са знакамітымі творцамі нашай краіны, сярод якіх мастацтвазнаўца, старшыня беларускага Саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута. Аматары творчасці з задавальненнем набывалі творы на кірмашы. Вельмі прыемна, што ўсе мае работы хутка былі прададзены. Я ж набыла прыгожыя паштоўкі з Літвы і Польшчы.
Пасля ўдзелу ў сімпозіуме ў творчым жыцці Галіны адбылася яшчэ адна важная падзея — яна стала членам міжнароднага клуба выцінанкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.