Гран-пры на Tallinn-Fest

538Прыемная навіна прыйшла з Таліна. Навучэнка Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў Яна Стрэльчанка за выкананне двух папулярных эстрадных песень удастоена адзінай галоўнай узнагароды — Гран-пры ў намінацыі “эстрадны вакал-сола” на 5-м Міжнародным конкурсе-фестывалі Tallinn-Fest. Адну з песень Яна выканала на беларускай мове, а другую — на англійскай. Аўтарытэтнае журы высока ацаніла выканаўчае майстэрства, музычную гарманічнасць і харэаграфічную дасканаласць творчасці нашай зямлячкі, узнагародзіла юную спявачку спецыяльным сертыфікатам на бясплатную паездку, яе асабісты ўдзел у Міжнародным конкурсе Paris-Fest, які адбудзецца ў лістападзе 2015 года. Дарэчы, суправаджалі Яну Стрэльчанка ў час паездкі ў Талін яе маці Святлана, а таксама выкладчыца Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Мікалаеўна Ермаловіч. Педагог мэтанакіравана працуе, цярпліва ўдасканальвае вакальныя, музычныя і харэаграфічныя здольнасці спявачкі. Таму зусім лагічным было маё пытанне да маці юнай эстраднай зоркі, хто першым заўважыў у дзяўчынкі выключныя прыродныя вакальныя задаткі.
— На гэта першай звярнула ўвагу я, — сказала Святлана Генадзьеўна. — Таму вырашыла параіц­ца са спецыялістамі Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Выкладчыца Таццяна Ермаловіч папрасіла прывесці Яну на праслухоўванне. Таццяна Мікалаеўна адразу ацаніла выдатныя вакальныя здольнасці Яны, пачала яшчэ задоўга да афіцыйнага паступлення ў школу мастацтваў індывідуальна з ёй займацца. Ды і зараз Таццяна Ермаловіч праводзіць з Янай шмат дадатковых урокаў, якія не прадугледжаны вучэбнай праграмай. Дзякуй ёй за клопат аб маёй дачцэ, шчырую падтрымку ў час выступленняў Яны ў Таліне, іншых прадстаўнічых форумах міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўняў!
— Што найбольш запомнілася на Tallinn-Fest?
— Гледачы і аўтарытэтнае журы цёпла прымалі Яну ў час конкурсных праглядаў і на заключным гала-канцэрце, ганаровае права выступіць на якім было прадастаўлена толькі самым лепшым эстрадным выканаўцам.
Прыемна было і тое, што адкрывалі конкурс-фестываль і былі яго вядучымі на працягу некалькіх дзён вядомыя расійскія спевакі Саці Казанава і Улад Тапалаў. Ганаровымі членамі журы былі эстрадныя аўтарытэты — бацька зоркі расійскай эстрады Філіпа Кіркорава, народны артыст Расіі Бедрас Кіркораў і народны артыст Расійскай Федэрацыі Фарух Рузіматаў. Уразілі і словы старшыні журы — старшага выкладчыка эстрадна-джазавага вакала Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, педагога па вакале і хармайстра Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Вольгі Сафронавай, якая пры падвядзенні вынікаў адзначыла, што Яна выканала песні эмацыйна, таленавіта і на высокім прафесійным узроўні, не дапусціла ніводнай памылкі.
— Ці не ўзнікаюць у Яны праблемы з вучобай у агульнаадукацыйнай школе?
— Настаўнікі сярэдняй школы №3, дзе Яна вучыцца ў 7 “А” класе, з разуменнем адносяцца да яе адсутнасці на ўроках па ўважлівых прычынах, дапамагаюць не адстаць з вывучэннем асобных прадметаў. Ды і Яна спрабуе паўсюдна паспець.
— Можа было б лепш, каб Яна пачала займацца ў Мінску са сталічнымі спецыялістамі?
— Выкладчыкі Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў — выдатныя спецыялісты. Таццяна Ермаловіч не горшая за любога сталічнага педагога. Зразумела, што ў Мінску маецца больш магчымасцей для “раскруткі”, набыцця большай вядомасці сярод аматараў эстраднай песні. Аднак ці гэта галоўнае для таго, каб у рэшце рэшт можна было стаць знакамітым спеваком?! Наш мясцовы эстрадны выканаўца і кампазітар Аляксандр Балотнік, які стаяў ля вытокаў папулярнага беларускага ансамбля “Бяседа”, зараз жыве і працуе ў Лепелі, аднак, тым не менш, яго творчасць добра вядомая не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Ён двойчы толькі ў апошнія гады ўшаноўваўся ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі ў Мінску ў прысутнасці тысяч гледачоў, калі ўзнагароджваўся каштоўным прызам — своеасаблівым беларускім “Грэмі”, паколькі яго эстрадны твор уключаўся ў “Залатую калекцыю беларускай песні”, а яго знакамітая песня “Чарка па пасашок” — гэта беларускі хіт на ўсе часы, які заўсёды з задавальненнем слухаюць.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымках: Яна Стрэльчанка разам з народным артыстам Расіі Бедрасам Кіркоравым на сцэне Міжнароднага конкурсу-фестывалю Tallinn-Fest.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.