Гарадзішчы — апірышча продкаў

Шматлікія археалагічныя помнікі, якія выяўлены вучонымі-гісторыкамі ў розных кутках Лепельшчыны, яскрава сведчаць аб тым, што тысячагоддзямі ў нашым родным краі актыўна віравала жыццё, уся гэтая мясцовасць была густа заселеная людзьмі. Асабліва ўражвае наяўнасць вялікай колькасці старажытных гарадзішчаў. У гэтых адносінах выклікае асаблівую цікавасць старадаўняе гарадзішча, размешчанае за 0,2 кіламетра на ўсход ад вёскі Азерцы, на адным з падоўжаных пагоркаў, з поўначы і паўднёвага захаду абмежаванага двума азёрамі. Пляцоўка здзірванелая, роўная, авальнай формы, памерам 70 Х 55 метраў. Схілы гарадзішча ў іх верхняй частцы вельмі стромкія, у ніжняй — пакатыя. Даследаваў у 1972 годзе археолаг А.Р. Мітрафанаў. Культурны пласт у агаленнях заходняга і паўночнага схілаў — 1,3-1,4 метра. У верхнім гарызонце знойдзены абломкі ганчарнага посуду, два невялікія кавалкі ляпных з жарствой у гліняным цесце гаршкоў, у ніжнім — рэшткі ляпных гладкасценных пасудзін. Акрамя керамікі, трапляюцца шлак, абпаленыя камяні, косці жывёл. Магутнасць культурнага пласта і разначасовасць керамікі гавораць аб тым, што гэта гарадзішча функцыянавала вельмі доўга: у час Днепра-Дзвінскай культуры (не пазней III-IV стагоддзяў), культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны (VI-VIII стагоддзяў) і ў перыяд Кіеўскай Русі (X-XIII стагоддзі).
Працяглы час існавала і гарадзішча, якое знахо­дзіцца за адзін кіламетр на паўночны ўсход ад вёскі Бораўна, на ўзгорку карэннага берага безыменнай рэчкі. Схілы гарадзішча стромкія, вышынёй з боку рэчкі каля дзесяці метраў, астатнія — трох-шасці метраў. З паўднёвага боку, дзе схіл ад асновы вала не вышэй за тры метры, гарадзішча ўмацавана валам шырынёй да васьмі-дзевяці метраў каля асновы і вышынёй да двух з паловай метра. Пляцоўка разам з валам амаль круглая, памерам 37 Х 35 метраў. Захаванасць гарадзішча добрая. Пляцоўка і схілы здзірванелыя. Выявіў яго і даследаваў ў 1972-ім і 1976-ым гадах археолаг А. Р. Мітрафанаў. Таўшчыня культурнага пласта ў цэнтры гара­дзішча складае 0,2-0,3 метра, каля вала — адзін метр. У раскопе плошчай каля 100 квадратных метраў знойдзены абломкі ляпной керамікі, жалезны серп, дзындры, косці жывёл, кавалкі ляпных гаршкоў VI-VIII стагоддзяў, рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі і гаспадарчых ям. Адносіцца да Днепра-Дзвінскай (III-V стагоддзі) і тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны (VI-VIII стагоддзі) культур.
Наводзіць на роздум аб жыцці нашых продкаў у глыбокай старажытнасці, іх плённай гаспадарчай дзейнасці і ўмелай абароне ад ворагаў яшчэ адно гарадзішча, якое вядома пад назвай Царкавішча. Яно размешчана за 1,5 кіламетра на паўднёвы захад ад вёскі Кастрыца, на ўзгорку вышынёй да 20 метраў, мае стромкія схілы. Пляцоўка авальная, памерам 44 Х 24 метры. У 1965 годзе раскопкі праводзілі археолагі Г.В.Штыхаў і К.П.Шут, абследаваў у 1972 годзе А.Р.Мітрафанаў. Культурны пласт у цэнтры пляцоўкі — 0,2-0,4 метра, па краях — адзін метр. Мае тры гарызонты. У ніжнім выяўлены сляды жытлаў слупавой канструкцыі, агнішча з камянёў, рэшткі майстэрні, у якой здабывалі і апрацоўвалі жалеза. Унутры майстэрні былі каменнае кавадла, дзындра і акаліна. Знойдзены жалезныя нажы, сярпы, касцяныя праколкі, амулет з мядзведжага ікла, гліняныя прасліцы, тыглі для плаўкі бронзы, каменныя зерняцёркі, тачыльныя камяні і гліняныя пасудзіны Днепра-Дзвінскай культуры. У сярэднім гарызонце былі выкапаны жалезныя сякеры, сярпы, рыбалоўныя кручкі, наканечнік кап’я, бронзавыя падвескі, іголка, шмат абломкаў гліняных вырабаў, характэрных для культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны. У верхніх пластах зямлі знойдзены спружынныя нажніцы, зубіла, нажы, тачыльныя брускі, прасліца, каменныя таўкачы, ганчарная кераміка. Адносіцца да эпохі Кіеўскай Русі.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.