Гаспадыня «кнігарні»

338Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі рухаюцца наперад сямімільнымі крокамі, уражваюць сваёй непрадказальнасцю ў развіцці і імклівай хуткасці змен. Дастаткова прывесці ў гэтых адносінах толькі адзін канкрэтны факт: усім нам спатрэбілася ўсяго некалькі гадоў для таго, каб камп’ютары перасталі здзіўляць, трывала ўвайшлі ў наша жыццё, сталі звычайнай справай, бу­дзённасцю. З іх дапамогай цяпер можна лёгка і хутка патрапіць у інтэрнэт — бязмежную крыніцу разнастайных ведаў аб навакольным свеце і аб нас, людзях, якія назапасіла чалавецтва на працягу свайго існавання.
Таму ніколькі не здзівіла наяўнасць камп’ютара і ў Горскай сельскай бібліятэцы, які падключаны да “сусветнай павуціны”. Гаспадыняй гэтага сучаснага “цуда”, шматлікіх стэлажоў з мастацкай, грамадска-палітычнай і спецыяльнай літаратурай, якія размясціліся ў добра абуладкаваным памяшканні мясцовай “кнігарні” ў будынку мясцовага сельскага Савета дэпутатаў, з’яўляецца бібліятэкар Алена Гурко.
— Працую ў Горках з красавіка бягучага года, — паведаміла Алена Пятроўна. — Да гэтага рупілася ў бібліятэцы вёскі Бораўна, якую сёлета скарацілі ў сувязі з праведзенай аптымізацыяй сеткі культасветустаноў.
— Якая цяпер зона абслугоўвання?
— У яе ўваходзяць Горкі, Бораўна, Баравенскія Хутары, Бачкары, Гарадчэвічы, Слабада — усяго больш за дзесяць населеных пунктаў.
— Як падтрымліваеце сувязь з чытачамі аддаленых вёсак?
— У летні час дабіраюся да іх на вела­сіпедзе, у іншыя перыяды года —спадарожным транспартам. Напрыклад, сёння ўжо паспела пабываць у Гарадчэвічах і Слаба­дзе.
— Мабыць, ёсць і грамадскія “нагрузкі”?
— Выбрана старэйшынай вёскі Бораўна, дзе жыву разам са сваёй сям’ёй. Дапамагаю аднавяскоўцам, аргані­зую іх на розныя добрыя справы, у тым ліку і па добра­ў­парадкаванні.
— Ці вялікая сям’я?
— Нарадзілі і выхоў­ваем з мужам траіх дзяцей. Старэйшая дачка Дзіна ўжо закончыла Беларускі радыётэхнічны каледж у Мінску, працуе ў сталіцы тэхнікам-праграмістам і завочна вучыцца ў вышэйшай навучальнай установе. Сын Уладзімір — студэнт Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Малодшая дачка Ліза пакуль яшчэ зусім малая — наведвае Горскі дзіцячы сад, сёлета ў жніўні ёй споўніцца чатыры гады.
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Алена Гурко.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.