Где отремонтировать бытовую технику в Лепеле?

nemiro-2Даўно ўжо не даводзілася звяртацца ў пункты па рамонце бытавой тэхнікі. Набываючы танныя прыборы, разумеем, што іх век нядоўгі. Яны, напэўна, і рамонту не падлягаюць. Адразу выкідваем пры паломцы. Нават неяк сорамна несці ў рамонт дробную тэхніку кітайскай вытворчасці, якая часам у руках развальваецца.
А месяц таму сапсавалася кавамашынка, і нятанная. Што рабіць? Куды звяртацца? Пагартала “Лепельскі край”—
не знайшла ніводнай аб’явы. Ці займаецца ўвогуле хтосьці рамонтам бытавой тэхнікі ў нашым горадзе?
Пачала размаўляць са знаёмымі. Адзін сябар прапанаваў занесці на сметнік, бо будзе даражэй запчастка каштаваць, чым сама машынка. Хтосьці падказаў некалькі адрасоў, куды можна звярнуцца з такім пытаннем.
На рынку ІП Мацешы знаходзіцца пункт па рамонце тэхнікі, але ён у выхадны дзень быў зачынены. Прачытала на паперы, што вісіць на дзвярах, пералік паслуг. Калісьці сюды прыходзіла, каб зрабіць дадатковы камплект ключоў. Суседзі сказалі, што майстар зараз знаходзіцца на выездзе. Можна яму патэлефанаваць, нумар указаны ў аб’яве. Так і зрабіла.
Індывідуальны прадпрымальнік Глеб Адамейка больш рамантуе буйнагабарытную тэхніку— воданагравальнікі, халадзільнікі, пральныя машыны, па рамонце якіх, дарэчы, часцей за ўсе і звяртаюцца людзі. За дзень выконвае дзве-тры заяўкі. Выязджае на дом да кліента, таму цяжка знайсці яго на месцы. Бывае, ездзіць у Чашнікі, Ушачы і Новалукомль. Лічу, што для кліентаў такі варыянт абслугоўвання, калі майстар прыязджае дадому, зручны. Ды і ці навозішся габарытнай тэхнікі ў майстэрню?!
Накіравалася ў другую кропку, якая знаходзіцца каля цэнтральнага рынку, на тэрыторыі фотаатэлье. Там працуе індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Няміра. Уважліва выслухаў маю праблему, паабяцаў дапамагчы. Якіх толькі ў яго няма інструментаў на рабочым стале! Задумалася: “Як можна прывесці ў рабочы стан такую розную тэхніку?”
— Што можна ў вас адрамантаваць?
Рамантую ўсялякую бытавую тэхніку. Мужчыны прыносяць дрылі, шрубавёрты, балгаркі і іншы інструмент. Жанчыны часцей прыносяць прыборы, якімі карыстаюцца на кухні, ну і, канечне, пыласосы.
Не рамантую халадзільнікі, пральныя машыны і мікрахвалёўкі.
— Ці шмат наведвальнікаў?
— Па-рознаму. Бывае, за дзень і пяць чалавек звернуцца, а часам — і адзін.
— А даводзілася адказваць у рамонце?
— Розныя бываюць выпадкі. Купіць, напрыклад, чалавек дрыль танную. Яна папрацуе некалькі дзён, а часам — і гадзін, і сапсуецца. Прыносіць, просіць што-небудзь зрабіць. Тады тлумачу, што запчастка будзе каштаваць больш, чым сам інструмент. Нават калі і замяню дэталь, праз некалькі дзён, магчыма, прыйдзецца мяняць другую. Не рэкамендую набываць рэчы невядомых вытворцаў. Такія ж сітуацыі ўзнікаюць і пры звароце жанчын.
— А дзе набываеце запчасткі?
— Больш працую з мінскім сэрвісам, даводзіцца і са Смаленска прывозіць. Не існуе такой службы, якая б абслугоўвала ўсю існуючую тэхніку.
Ад знаёмых даведалася, што ёсць яшчэ адна кропка, якая знаходзіцца на завулку Азёрным. Індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Мальчэўскі працуе ўжо з 2012 года. У яго можна адрамантаваць халадзільнікі, пральныя машыны, мікрахвалёўкі і іншую тэхніку. Аўтааматары могуць таксама заправіць кандыцыянеры сваіх транспартных сродкаў. Спецыялісты, якія працуюць у яго, абслугоўваюць і магазіны. Дзякуючы іх працы летам у гандлёвых кропках не горача.
Цікавы факт паведамілі хлопцы: больш за ўсё жанчыны хвалююцца за пральныя машыны. Гатовыя патэлефанаваць уначы, абы ім адрамантавалі гэты прыбор. Нават халадзільнік у наш час не такі важны.
Я, напэўна, згодная з гэтай заўвагай. Для нас, жанчын, пральная машына стала першай неабходнасцю ў гаспадарцы. Раней мыццё бялізны займала шмат часу. А цяпер мы можам гэты час правесці з сям’ёй.
Спытала ў хлопцаў, ці шмат наведвальнікаў. У адзін голас адказалі: “Дастаткова. Нават аб’яву не даём нідзе. Тэлефануюць з Чашнікаў, Ушачаў, іншых суседніх раёнаў. Працы хапае”.
Праз некалькі дзён даведалася аб існаванні яшчэ адной кропкі па рамонце бытавой тэхнікі, якая знаходзіцца ў раёне Бяленіцы. Індывідуальны прадпрымальнік Канстанцін Кавалёў працуе там ужо з 1996 года. За гэты час займеў сваіх пастаянных кліентаў. Больш займаецца буйнагабарытнай тэхнікай: пральнымі машынкамі і халадзільнікамі. У былыя часы не паспяваў абслугоўваць усіх жадаючых. Цяпер, кажа, стала менш, бо паявілася канкурэнцыя. Звяртаюцца да яго людзі з рознымі праблемамі, аднак найчасцей — ад перанапружання выходзяць са строю маторы, у машынках перагараюць тэны.
На самой справе так. Сама да яго звярталася з такім пытаннем двойчы.
Не забываюць у нас і пра вёскі. Сельскія жыхары могуць пакінуць заяўкі на рамонт бытавой тэхнікі ў дыспетчарскай КУВП “Бароўка” па нумары “115”. Да іх прыедзе спецыяліст і вырашыць усе пытанні. Аднак ёсць вяскоўцы, якія давяраюць толькі свайму майстру і прывозяць самі ў Лепель прыборы, як кажуць: “Не такі і далёкі свет”.
Лічу, для такога горада, як наш, маецца дастатковая колькасць “кропак дапамогі”. Можна нават выбраць сабе майстра.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымку: Уладзімір Няміра на сваім працоўным месцы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.