Гимн во имя хлеборобов Витебщины
Вельмі прыемна, што ў час правядзення сёлетняга свята «Дажынкі-2020» сярод лепшых хлебаробаў адзначаны і прадстаўнікі Лепельшчыны. Экіпаж у складзе перадавых механізатараў Леаніда Аляксеенкі і Сяргея Калбасава першым у Лепельскім раёне і Віцебскай вобласці намалаціў адну, дзве, тры, чатыры і пяць тысяч тон. Гэта лепшы паказчык у Віцебскай вобласці. Дасягнуць такіх высокіх вынікаў удасца не кожнаму.
Пад шчырыя апладысменты гледачоў на сцэне летняга амфітэатра старшы камбайнер СВФ «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» Леанід Аляксеенка і камбайнер гэтай жа гаспадаркі Сяргей Калбасаў з рук старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва атрымалі Падзячныя пісьмы ў намінацыі «Сярод старшых камбайнераў і камбайнераў маладзёжных экіпажаў сельскагаспадарчых арганізацый ва ўзросце да 31 года». Да таго ж Леаніда Аляксеенку памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч узнагародзіў за плённую працу ў галіне сельскай гаспадаркі, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу краіны.
У дзень правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2020» Віцебск стаў сталіцай творчасці, звонкіх спеваў, шчодрых пачастункаў і, вядома ж, руплівай працы. З самай раніцы на плошчах, вуліцах, у парках і скверах не сціхала музыка, шматлікіх гасцей заклікалі цікавыя мерапрыемствы, у якіх з задавальненнем прымалі ўдзел і дарослыя, і дзеці.
[metaslider id=29984]
Немагчыма было адвесці вачэй ад выставы караваяў раёнаў вобласці, выставы сельскагаспадарчай тэхнікі, падрыхтаваных на плошчы Перамогі. Узнімалі настрой гасцям музычныя падарункі ад вядомых творчых калектываў вобласці ў час канцэртна-забаўляльнай праграмы «Віцебск – горад юнацтва майго».
Для таго, каб падтрымаць сваіх родных, сяброў і знаёмых, на плошчы Перамогі сабраліся шматлікія гледачы. Менавіта тут пачалося ўрачыстае шэсце працоўных дэлегацый Віцебшчыны. Ганаровае месца сярод іх занялі і прадстаўнікі Лепельшчыны.
Свае дасягненні прадставіла і моладзь. Шмат гасцей сабралася ля тэматычнай пляцоўкі Віцебскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання «БРСМ», дзе можна было ўбачыць выставу рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта «100 ідэй для Беларусі і інтэлектальны квіз «PROБеларусь». Маладыя эрудыты пажадалі праявіць свае здольнасці ў інтэрактыўна-інтэлектуальным турніры сярод каманд Віцебскай вобласці. Нямала гасцей сабраў турнір па варкаўту. Здольныя спартсмены ўдзельнічалі ва ўстаноўцы рэкорду «1000-чнае падцягванне на турніку ў гонар 1000-гадовага Віцебска», турнірах па настольных, напольных гульнях і пазаарэнным лазертагу. Шмат гледачоў сабралася ля тэматычных фотазон «Ленд-арт», дзе былі прадстаўлены саламяныя скульптуры, «Вішнёвы фестываль у Глыбокім», «Жывыя скульптуры Браслава», «СенаФэст Сянно», «Яблычны Фэст Шаркаўшчыны» і многіх іншых.
Шчыра запрашалі да сябе гасцей і прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якія падрыхтавалі інтэрактыўную пляцоўку «Кірмаш бяспекі». Гледачы з цікавасцю назіралі за паказальнымі выступленнямі па перацягванні вялікагрузнага аўтатранспарту. Шмат незабыўных уражанняў у гледачоў пакінула абласное свята традыцыйнай культуры «Спяваем, танцуем і гуляем». У рамках свята былі арганізаваны танцавальны турнір побытавых танцаў Віцебскай вобласці «Танчым разам», гульнявыя праграмы «Ад мінулага да сучаснага». Шмат незабыўных уражанняў гасцям падарылі выступленні народных, вакальных ансамбляў і іншых калектываў. Тут жа выступілі ўдзельнікі эстрадных студый, народных клубаў традыцыйнай кухні, гульні і фальклору, а таксама народных тэатраў гульні.
Вельмі ажыўлена было і на пляцоўцы культурна-спартыўнага комплексу летняга амфітэатра. Так, на інтэрактыўнай пляцоўцы Дзяржаўтаінспекцыі праходзілі паказальныя выступленні па кіруемым заносе. Шмат гасцей пажадала прыняць удзел у фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемствах.
Памятнай падзеяй стала закладка «Сямейнай Алеі», праведзенай удзельнікамі рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі». У гэты ж дзень адбылося адкрыццё паветраабароннага манежа дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы футбольнага клуба «Віцебск».
У кожным кутку Віцебска для гасцей быў падрыхтаваны сюрпрыз.
Самай жа яркай падзеяй свята стала ўрачыстае адкрыццё абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2020». У адрас перадавых работнікаў сельскай гаспадаркі было сказана шмат шчырых слоў падзякі за штодзённую руплівую працу, за адданасць сваёй справе і любоў да роднай зямлі. Адзін за другім на сцэну выходзілі перадавыя камбайнеры, вадзіцелі, аграномы, прадстаўнікі шэрага сельскагаспадарчых арганізацый Віцебшчыны. Кожны з іх у гэты дзень атрымаў заслужаную ўзнагароду. Сярод лепшых работнікаў вельмі прыемна было ўбачыць і прадстаўнікоў Лепельшчыны. Акрамя работнікаў СВФ «Заазер’е» АА «Віцебскі мясакамбінат» Леаніда Аляксеенкі і Сяргея Калбасава, дастойную ўзнагароду атрымала і старшыня Домжарыцкага сельвыканкама Таццяна Рамановіч. З рук міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэя Худыка Таццяна Агееўна атрымала Дыплом пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культурай земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў».
Адзін за адным са сцэну выходзяць перадавыя работнікі, кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія заслугоўваюць асаблівай пашаны і павагі. Пранікнёныя радкі песень, харэаграфічныя кампазіцыі ў выкананні лепшых творчых калектываў Віцебшчыны, яркія выступленні юных артыстаў, вядомых эстрадных выканаўцаў сталі шчырым пасланнем да тых людзей, якія зрабілі важкі ўклад у развіццё краіны, каб родная Беларусь была забяспечана багатым ураджаем. Нізкі паклон вам, дарагія хлебаробы, шчыра віншуем вас са значнымі дасягненнямі! Няхай жа з году ў год толькі памнажаюцца працоўныя здабыткі, і ў ваш адрас не сціхаюць цёплыя словы віншаванняў!