Главная копилка района

Праект бюджэту раёна на 2018 год сфарміраваны на аснове параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2018 год, чаканага выканання бюджэту ў 2017 годзе, змяненняў і дапаўненняў, унесеных у падатковае і бюджэтнае заканадаўства, адзначыла ў сваім дакладзе намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Фралова. Даходная частка сфарміравана на падставе дзеючага складу і колькасці падаткаў. Такім чынам, падатковая нагрузка не перавысіць узроўню праграмных дакументаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 — 2020 гады.
Уласныя даходы вызначаны ў суме 24 688,8 тыс. рублёў, або з ростам на 13,8 працэнта да ацэнкі даходаў 2017 года. Прагназуюцца паступленні падатковых даходаў у суме 22 149,6 тыс. рублёў (89,7 працэнта ад уласных даходаў), непадатковых — 2 539,2 тыс. рублёў (10,3 працэнта).
Асноўную долю ў структуры даходаў складаюць падаходны падатак — 10 379,1 тыс. рублёў (42 працэнты ад усіх даходаў), падатак на даданую вартасць — 3 250,7 тыс. рублёў (13,2 працэнта), падатак на прыбытак — 2 508,4 тыс. рублёў (10,2 працэнта), а таксама зямельны падатак, які на 2018 год запланаваны з ростам да 2017 года ў 1,85 раза. Улічаны сумы зямельнага падатку, вылічаныя РУП “Віцебскэнерга” па даплаце за 2010 — 2015 гады за зямельныя ўчасткі, выдзеленыя з земляў ляснога фонду для будаўніцтва і абслугоўвання лінейных аб’ектаў, якія падлягаюць залічэнню ў бюджэты адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак у парадку растэрміноўкі з 1 мая 2018 года па 1 жніўня 2018 года. Чаканая сума падатку — 2208,1 тыс. рублёў, або 10 працэнтаў ад аб’ёму ўласных даходаў.
З рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў перадаюцца бязвыплатныя паступленні ў памеры 17 239,0 тыс. рублёў, ці 41,1 працэнта, у тым ліку датацыя — 17 059,0 тыс. рублёў, мэтавыя субвенцыі і трансферты — 180,0 тыс. (у 2017 годзе сума датацыі склала 16 828,1 тыс. рублёў). У выніку даходы па бюджэце раёна на 2018 год з улікам бязвыплатных паступленняў складуць 41 927,8 тыс. рублёў, па раённым бюджэце — 41 244,5 тыс. рублёў (98,4 працэнта).
Усе бюджэты сельсаветаў датацыйныя. Сярэдні ўзровень датацыйнасці складае 30,4 працэнта. Сума датацый, якія перадаюцца бюджэтам сельсаветаў, складае 298,9 тыс. рублёў. Агульны аб’ём іх даходаў складзе 982,2 тыс. рублёў, у тым ліку ўласныя — 683,3 тыс. рублёў.
Прадоўжыцца жорсткая бюджэтная палітыка. Дзяржаўны доўг прадугледжваецца захоўваць на эканамічна бяспечным узроўні ў адпаведнасці з параметрамі праграмных дакументаў. Асноўнай жа задачай бюджэтнай палітыкі ў галіне расходаў сёлета будзе з’яўляцца падтрыманне збалансаванасці і забеспячэнне асноўных базавых абавязацельстваў.
Расходы бюджэту раёна плануюцца ў суме 41 997,8 тыс. рублёў, па раённым бюджэце — 41 314,5 тыс. рублёў. У першачарговым парадку прадугледжаны сродкі на фінансаванне абавязацельстваў, якія забяспечваюць функцыянаванне арганізацый бюджэтнай сферы. Гэта значыць, на выплату заробку работнікам з улікам узносаў (адлічэнняў) на сацыяльнае страхаванне, трансфертаў насельніцтву, аплату прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, камунальных паслуг, субсідаванне жыллёва-камунальных і транспартных паслуг, што аказваюцца насельніцтву, субсідыі арганізацыям, якія рэалізуюць цвёрдае паліва, паліўныя брыкеты і дровы для насельніцтва па фіксаваных рознічных цэнах, а таксама абслугоўванне даўгавых абавязацельстваў органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Названыя выдаткі складаюць так званы сацыяльна абаронены блок расходаў. Сума ўнушальная — 37 739,7 тыс. рублёў, альбо 89,9 працэнта ад агульнага аб’ёму выдаткаў.
Выдаткі на заработную плату ў бюджэтным сектары дазваляюць захаваць яе памер у рэальным выражэнні. Пры гэтым рост заробку ў сярэднім на 10 працэнтаў па адносінах да ацэнкі мінулага года будзе забяспечвацца ў асноўным за кошт аптымізацыі структуры і колькасці бюджэтных арганізацый.
Дадатковы рост заработнай платы плануецца за кошт дадатковых даходаў, якія паступаюць у мясцовыя бюджэты, спецыяльных рэзервовых фондаў. Пры гэтым парогавы памер даходаў, звыш якіх адбываецца фарміраванне спецыяльных рэзервовых фондаў, усталяваны рашэннем абласнога Савета дэпутатаў “Аб абласным бюджэце на 2018 год”, зыходзячы з аб’ёму падатковых і непадатковых даходаў у суме 21 434,3 тыс. рублёў, што дазволіць разгарнуць бюджэт на 70,0 тыс. руб.
У агульным аб’ёме расходаў 43,8 працэнта прыпадае на адукацыю, 24,2 — на ахову здароўя, 12,0 — на жыллёва-камунальную гаспадарку.
З улікам абмежаванасці сродкаў, прадугледжаных на расходы капітальнага характару, разлікі па ўказаных напрамках складзены паводле прыярытэтнасці, канцэнтрацыі рэсурсаў на найбольш значных аб’ектах, недапушчэння іх распылення.
Па сельскай гаспадарцы прадугледжаны асігнаванні ў памеры 425,9 тыс. руб., з іх на ўтрыманне раённай ветэрынарнай станцыі — 327,3 тыс. рублёў.
У бюджэце раёна на 2018 год расходы на субсідаванне гарадскіх перавозак складаюць 160,8 тыс. рублёў, на патанненне кошту цвёрдых відаў паліва, што рэалізуецца насельніцтву па фіксаваных рознічных цэнах палівазабеспячэнскімі арганізацыямі, складуць 300,6 тыс. рублёў.
Плануемыя да паступлення даходы ад прыватызацыі жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду залічваюцца ў бюджэт раёна і перадаюцца ў абласны бюджэт у выглядзе міжбюджэтных трансфертаў у суме 300,0 тыс. рублёў.
Выдаткі на жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва прадугледжаны ў суме 5 057,6 тыс. рублёў. З іх субсідаванне ЖКГ паслуг — 3 563,7 тыс. рублёў (2017 г. — 4 147,2 тыс. руб.); бягучы рамонт жыллёвага фонду — 105,3 тыс. рублёў (2017 г. — 94,5 тыс. руб.); капітальны рамонт жыллёвага фонду — 529,4 тыс. рублёў (2017 г. — 736,7 тыс. руб.); выдаткі на добраўпарадкаванне — 795,8 тыс. рублёў, з іх 100,0 тыс. рублёў за кошт сродкаў ад спагнання дзяржпошліны за выдачу дазволаў на допуск да ўдзелу ў руху транспартных сродкаў.
Па галінах сацыяльнай сферы ў прыярытэтным парадку прадугледжаны асігнаванні на фінансаванне базавых бягучых абавязацельстваў, якія забяспечваюць функцыянаванне бюджэтных арганізацый. Іншыя расходы прадугледжаны ў аб’ёмах, якія забяспечваюць функцыянаванне бюджэтных арганізацый з улікам неабходнасці правядзення мерапрыемстваў па эканоміі бюджэтных рэсурсаў.
Аб’ём расходаў па ахове здароўя на 2018 год прадугледжаны ў суме 10 168,9 тыс. руб. (2017 г. — 9225,4 тыс. руб., пры тым, што прагназуемая запазычанасць за медыкаменты — 300,0 тыс. руб.). Раёну ўстаноўлены нарматыў бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара ў памеры 312,97 руб. (на 2017 г. — 272,77 руб.).
Для фінансавання фізкультуры і спорту расходы складаюць 470 тыс. руб. (2017 г. — 393 тыс. руб.) — у асноўным рост склаўся за кошт росту камунальных паслуг (2017 г. — 106,0 тыс. руб., 2018 г. — 173,0 тыс. руб.).
Выдаткі па галіне “Культура” скіраваны на сацыяльна значныя артыкулы — 1699,0 тыс. руб. (2017 г. — 1690,0 тыс. руб.). На падпіску перыядычных выданняў і набыццё літаратуры для бібліятэчнай сеткі прадугледжаны асігнаванні ў памеры 12 працэнтаў ад выдаткаў на бягучае ўтрыманне бібліятэк.
Далейшае развіццё атрымаюць установы адукацыі. У першую чаргу сродкі накіроўваюцца на бягучае ўтрыманне ўстаноў — 18 394,3 тыс. руб. На набыццё аўтобуса, тэхналагічнага абсталявання для харчблокаў, камп’ютэрнай тэхнікі, сродкаў навучання для ўстаноў адукацыі прадугледжана 240,0 тыс. рублёў. 500,0 тыс. рублёў прадугледжана на рамонт УА “Заслонаўская сярэдняя школа”.
Па галіне “Сацыяльная палітыка” разліковыя паказчыкі забяспечваюць толькі сацыяльна значныя артыкулы выдаткаў устаноў сацыяльнага абслугоўвання. Бягучае ўтрыманне ўстаноў можа быць забяспечана за кошт сродкаў, атрыманых ад пазабюджэтнай дзейнасці (выдаткі на ўтрыманне ТЦСАН — 1067,9 тыс. руб., у 2017 г. — 978,0 тыс. руб.). Расходы на аказанне дзяржаўнай адраснай дапамогі прадугледжаны ў памеры 202,5 тыс. руб. (у 2017 г. — 198,0 тыс. рублёў і іх недастаткова), бясплатнае харчаванне дзяцей да 2 гадоў — 88,4 тыс. руб. Сёлета прадоўжыцца будаўніцтва цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў. Прадугледжана 120,0 тыс. руб.
У бюджэтах сельсаветаў прадугледжаны выдаткі на ўтрыманне грамадскіх пунктаў аховы правапарадку ў суме 11,1 тыс. руб., знос старых дамоў — 4,0 тыс. руб., заахвочванне старэйшын — 4,8 тыс. руб.
У бюджэце раёна запланаваны расходы на аказанне фінансавай падтрымкі дзяржавы маладым і шматдзетным сем’ям у пагашэнні запазычанасці па крэдытах, выдадзеных банкамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў у суме 30,0 тыс. рублёў; па індэксаваных жыллёвых квотах (імянных прыватызацыйных чэках “Жыллё”) — 50,0 тыс. рублёў. Плануецца выдзеліць сродкі на ўтрыманне няпрофільных аб’ектаў — 15,0 тыс. рублёў.
Вядома, на пэўныя расходы арганізацыям сродкаў недастаткова, таму ад кіраўнікоў і службаў іх арганізацый патрабуюцца выразныя падыходы да планавання і вызначэння прыярытэтаў развіцця. Ужо сёння, на стадыі планавання, павінна быць дакладна разлічана патрэба ў сродках на мыццё бялізны, ГЗМ для хуткай дапамогі і падвозу дзяцей, падпіску.
Адзначым і такую акалічнасць. Бюджэт сфарміраваны з дэфіцытам 70,0 тыс. рублёў, крыніцай пакрыцця якога з’яўляецца вяртанне пазык. У выпадку паступлення названых сродкаў яны будуць накіраваны на фінансаванне расходаў па развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці.
Выкарыстаныя падыходы пры фарміраванні разліковых паказчыкаў дазволілі збалансаваць бюджэт у межах наяўных фінансавых рэсурсаў, забяспечыць фінансаванне важнейшых напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. А ў цэлым усё будзе напрамую залежыць ад работы рэальнага сектара эканомікі, падтрымання ўсімі суб’ектамі гаспадарання плацежна-разліковай дысцыпліны.
У абмеркаванні надзённых пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна бралі ўдзел Майя Бародзіч, старшыня камісіі па бюджэце і эканамічным развіцці, дэпутат па Чуйкоўскай выбарчай акрузе № 15, Алена Скорба, старшыня камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і справах моладзі, дэпутат па Данукалаўскай выбарчай акрузе № 9, Святлана Знарок, старшыня камісіі па пытаннях аграрнага комплексу і экалогіі, дэпутат па Каменскай выбарчай акрузе № 32, Васіль Бадзяй, старшыня камісіі па пытаннях мясцовага самакіравання і рэгламенту, старшыня Горскага сельскага Савета дэпутатаў, Юрый Дзеркач, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Лепельскай выбарчай акрузе, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама.
Уладзімір
ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.