«Горад — не для мяне»

IMG_8081 Сям’ю Пшанко з Матырына парэкамендавалі найперш як прыклад моцных вясковых гаспадароў. Калі прыехаў да іх у госці, гаспадар Андрэй завіхаўся ля гаспадарчых пабудоў, яму дапамагалі сыны Саша і Максім. Хлопцы, у адрозненне ад іх гарадскіх аднагодкаў, якія днямі ся­дзяць за камп’ютарамі і планшэтамі, з’яўляюцца першымі памочнікамі бацькам.

— Ім даць волю —  гулялі­ б суткамі за камп’ютарам, — кажа бацька, — аднак мы з Таняй не дужа даём ім расслабіцца. Няхай з дзяцінства ведаюць пра “лёгкі” хлеб.

— А ў вас ці былі прапановы падацца ў горад?

— Былі прапановы, былі магчымасці, але я ўжо даўно зразумеў, што горад не для мяне. Не магу ўявіць сабе, як бы жыў там у шматпавярховай шпакоўні, гуле і смуродзе ад выхлапных газаў. Не! Тут для мяне раздолле: свой дом, зямля. За агарод выйшаў — ужо лес, а там ягады, грыбы, дзічына. Гэта жыццё не прамяняю.

У куце заўважыў замацаваную і замкнутую на замок жалезную скрынку, зразумеў, што гаспадар — паляўнічы.

— Аднак жа ў вёсцы працаваць шмат трэба…

— А дзе не трэба працаваць? Любая справа, прафесія, калі ёю займацца адказна, з поўнай аддачай, цяжкая.

Андрэй некалькі гадоў адпрацаваў егерам у лесапаляўнічай гаспадарцы “ЛябурХантФіш”, пад час чарговай рэарганізацыі прадпрыемства звольніўся, аб чым ніколькі не шкадуе. Уладкаваўся на працу ў КУВП “Бароўка” аператарам мясцовай кацельні на пелетах. Асноўная праца пачынаецца з сярэдзіны восені, з пачаткам ацяпляльнага сезона. А завяршаецца ўвесну. Пасля гэтага некаторы час праводзіцца планавы рамонт, абслугоўванне, а потым можна ісці ў водпуск да новага сезона. А ў міжсезонне — праца на сваёй сядзібе. Тым больш, што гаспадарка немалая: карова Муха, свінні, куры, гектар зямлі. Была яшчэ і кабылка, але збылі нядаўна. Андрэй разважае:

— Апрацоўваць зямлю канём — гэта ўжо мінулае стагоддзе. Тэхнічны прагрэс не спыніць, усё больш і больш трэба тэхніку выкарыстоўваць.

І набыў міні-трактар. Увогуле, галава сям’і даўно намерваўся абнавіць, так бы мовіць, тэхнічны парк. Вагаўся толькі паміж больш новым аўтамабілем, бо старэнькая Audi-100 усё часцей патрабуе рамонту, і міні-трактарам. Пэўны час прыглядаўся да тэхнікі Fermer, якая прадаецца ў адной з гандлёвых кропак райцэнтра. Аднак прыяцель яго адгаварыў, маўляў, дарагі, кітайскі, ды і не надта надзейны. Ён жа падказаў варыянт з ільготным крэдытам ААТ “Белагра­прамбанк”, які выдаецца для набыцця айчыннай сельгастэхнікі. Увесну такім жа крэдытам скарысталіся іх аднавяскоўцы — сям’я Леаніда і Любові Яўдошчанкаў, якія і сталі першымі кансультантамі ў справе збірання патрэбных дакументаў. Як кажа Андрэй, ад пачатку працэдуры да выдзялення грошай прайшло не больш як паўмесяца. Аплата была пералічана на краму, Андрэй на запраўцы Lukoil арандаваў прычэп і выехаў у Віцебск. З аграмагазіна даставіў міні-трактар “Беларус-132” з плугам, акучнікам, культыватарам і бульбакапалкай. Літаральна за два-тры дні тэхніку абкаталі і ўзялі­ся за гаспадарчыя работы ўсур’ёз.

— Як вам агрэгаты?

— Па міні-трактару скажу наступнае. Рухавік там японскі, вельмі выдатны, наладжаны. Раю ўсім набываць гэтыя міні-трактары, толькі перад пачаткам эксплуатацыі трэба пераціснуць усе ніты і гайкі, асабліва на рулявых цягах. Усё ж такі яшчэ халтураць на заводах. Плуг выдатны, я араў і бульбянішча, і дзёран — пераварочвае як мае быць. Паспеў яшчэ і акучыць разок бульбу. Культыватар перарабіў адразу, зняў родныя зубы і замест іх паставіў зубы ад культыватара АКШ — атрымалася значна лепш. Бульбакапалка задумана добра. Я прапанаваў выпрабаваць яе. У абед паехалі на поле, пачалі капаць і да вечара ўправі­ліся. А да гэтага на капанне бульбы пад каня трацілі два дні. Аднак зроблена капалка са слабага металу. Пасля таго, як паўдня папрацавалі, на раме пайшлі расколіны, давялося заварваць. Як наклалі касынкі, капалка стала надзейнай. А барану зрабіў сам літаральна за пару гадзін. Зараз буду мудрагеліць снегавы адвал.

— Як?! Навошта?!

— Адказваю па парадку. Далі мне рэшткі старога невыкарыстоўваемага сейфа. А ў ім металічныя сценкі таўшчынёй тры міліметры — вось і палатно адвала. Па нізе накручу на ніты гумавы наканечнік, каб не пашкодзіць асфальт, звару раму з труб і швелераў — вось і гатова. Па-другое, жывём мы ў самым канцы вёскі, не заўсёды да нас даязджае трактар, каб пачысціць вуліцу. А тут ёсць адзін участак, рэгулярна перамятаецца. Жонку ж трэба кожны дзень вазіць на працу ў бібліятэку ў Баброва, а ўвечары забіраць. Так што адвал — патрэбная рэч.

— А ці хопіць міні-трактару моцы, каб спіхваць снег?

— Хопіць, з запасам. Нядаўна я ў КУВСГП “Баброва” выпісаў тону зерня. Прыехаў на цэнтральную сядзібу. Там мне на скла­дзе нагрузілі ўсю тону ў мяхах, і я адным рэйсам адвёз. Адлегласць — 10 кіламетраў.

— Сыны ўжо асвойваюць тэхніку?

— Саша ўжо сам культываваў і баранаваў агарод, ворыва, праўда, ім пакуль што не давяраю. Нарыхтоў­валі дровы, хлопцы вазілі іх на трактары. Словам, механікі яны ў мяне яшчэ тыя.

— Якія ў вас планы адносна далейшага развіцця гаспадаркі?

— Думаем крыху расшырыцца. Раней, з канём, мы пераворвалі каля 15 сотак, саджалі бульбу, гародніну. Зараз жа плошчу павялічылі амаль удвая. У перспектыве думаем абнавіць сад. Мой бацька Аляксандр Міхайлавіч добра прышчэплівае яблынькі, грушы, папрашу ў яго некалькі саджанцаў.

— Калі не сакрэт, колькі зараз плаціце па крэдыце?

Адказвае Таццяна Пшанко:

— Штомесяц уносім па 1,2 мільёна рублёў. Сума адчувальная для сямейнага бюджэту, але не крытычная.

Падводзячы вынікі гутаркі, успомнілася інфармацыя з інтэрнэту, дзе распавядалася пра крэдыты з адмоўнай працэнтнай стаўкай, пад -1…-3 працэнты, якія выдаюцца ў некаторых еўрапейскіх краінах для развіцця прадпрымальніцтва, асабліва на пачатковым этапе. Чалавек атрымлівае, умоўна, сто еўра, а за пяць-сем гадоў вяртае 99-97 еўра. Страты банку кампенсуе дзяржава. Здаецца на першы погляд, што гэта дзяржаве не выгадна. Аднак логіка ў гэтым ёсць. Па-першае, чалавек, пачынаючы сваю справу, здымаецца з уліку беспрацоўных, яму не трэба плаціць дапамогу, што зніжае сацыяльную нагрузку. Калі бізнэс пайшоў, атрымліваюцца даходы, то з іх бюджэт атрымлівае падаткі. І нарэшце, паспяховы прадпрымальнік можа наняць работнікаў, якім таксама плаціцца заробак, з якога, зноў жа, плацяцца падаткі ў бюджэт. Атрымліваецца, што ад такой дабрачыннай, на першы погляд, справы ў выйгрышы ўсе.

Пагутарыўшы з руплівымі вясковымі гаспадарамі, яшчэ раз атрымаў упэўненасць, што менавіта за такімі людзьмі будучыня беларускай вёскі.

Васіль МАТЫРКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.