Гордость района — молодые передовики

img_3745— У рэспубліцы праводзіцца акцыя “Моладзь за ўраджай”, — расказвае першы сакратар райкама БРСМ Вікторыя Пшонка. — Вельмі радуе, што і маладыя працаўнікі сельгасарганізацый Лепельшчыны актыўна ўключыліся ва ўборачную кампанію. У кожнай гаспадарцы ёсць маладыя перадавікі, а правафланговымі па праве з’яўляюцца рэкардсмены з СВФ “Заазер’е” — маладзёжны экіпаж Леаніда Аляксеенкі і Аляксандра Глазковіча, які нядаўна намалаціў дзве тысячы тон збожжа, і малады вадзіцель Уладзімір Парфяновіч, што перавёз тысячу тон збожжа ад камбайнаў. Зараз і едзем іх віншаваць.
Перад ад’ездам сталі цікавіцца, дзе шукаць перадавікоў. Землі СВФ “Заазер’е” раскіданы па тэрыторыі ўсяго раёна, камбайнеры могуць жаць палеткі і ля Заазер’я, і за Ляхавічамі, а гэта — 30 кіламетраў у адзін бок і амаль 50 — у другі ад райцэнтра. Па тэлефоне паведамілі, што пасля выхадных, якія адзначыліся моцнымі дажджамі, камбайнеры зараз на мехдвары ў Юркоўшчыне, рамантуюць тэхніку. Уладзімір Парфяновіч таксама на месцы, праводзіць тэхнічнае абслугоўванне. Аднак ёсць вялікая верагоднасць, што да сярэдзіны дня механізатары адрамантуюць тэхніку і выедуць, паспрабуй іх адшукаць потым на палетках. Таму вырашылі не губляць часу і адразу ж адправіліся ў дарогу.
Камбайн стаяў на мехдвары, а неўзабаве на МАЗе пад’ехаў і Уладзімір Парфяновіч.
— Якія ў вас паломкі? — пытаюся ў камбайнераў.
— Адламалася большасць пальцаў у шнэку жняяркі, — адказвае Леанід Аляксеенка.
— Такая густая маса ішла ці на камень наткнуўся?
— Камяні пакуль што ўдавалася абмінаць. Пальцы шнэка з’яўляюцца расходным матэрыялам, яны разлічаны на тое. Калі ідзе вялікая маса, а пальцы ўжо досыць выпрацаваныя, яны абломваюцца. Прычым канструкцыя задумана так, што адламаныя пальцы трапляюць унутр шнэка, а не ідуць з хлебнай масай у нахільную камеру. Нам застаецца толькі адкруціць лючок на шнэку і дастаць іх адтуль. Усё, што трэба, мы знялі, зараз павінны з Віцебска, з інтэграванай структуры, падвезці камплект пальцаў, паставім іх — і можна зноў адпраўляцца ў поле. Якраз і збажына да гэтага часу абсохне ад дажджу, што ліў усе выхадныя.
Акрамя гасцей, перадавікоў пажадалі павіншаваць і прадстаўнікі прадпрыемства: дырэктар Аляксандр Быкаў, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Сяргей Маркавец і старшыня прафкама Вячаслаў Ляйко.
— Шаноўныя хлебаробы, — звярнулася да камбайнераў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Маргарыта Мядзведзева. — Я шчыра рада вітаць вас, віншаваць з новым высокім працоўным дасягненнем. Сваёй працай вы ўносіце свой уклад ва ўмацаванне харчовай бяспекі краіны. Вельмі рада, што менавіта вы, моладзь Беларусі, з’яўляецеся лідарамі, перадавікамі, паказваеце прыклад у працы. Жадаю вам здароўя, далейшых поспехаў у вашай нялёгкай справе. Спадзяюся, што мы сустрэнемся яшчэ з нагоды намалоту трох, а можа і чатырох тысяч тон збожжа новага ўраджаю.
img_3725— Малайцы, хлопцы, так трымаць! — павіншаваў перадавікоў старшыня прафсаюзнага камітэта СВФ “Заазер’е” Вячаслаў Ляйко і ўручыў ім ад імя прафсаюзнага камітэта філіяла невялікія падарункі.
Да сярэдзіны дня камбайнеры і вадзіцель завяршылі рамонт сваёй тэхнікі і зноў выехалі ў поле — клікала хлебная ніва. Такім чынам кожны запісаў на свой рахунак новыя тоны збожжа.
На вялікі жаль, надвор’е ўносіць сумныя карэктывы ў ход уборачнай кампаніі. Летась у гэты час была сухмень, на 13-14 жніўня амаль усе гаспадаркі ўбралі больш за палову свайго збожжавага кліна, а некаторыя ўжо набліжаліся да завяршэння жніва. Нагадаем: дзявятага жніўня 2018 года Леанід Аляксеенка з памочнікам Паўлам Ханяком намалацілі тры тысячы тон, а дваццатага жніўня запісалі на свой рахунак яшчэ тысячу тон, чым устанавілі абсалютны рэкорд для Лепельскага раёна.
У бліжэйшыя дні камбайнеры Лепельшчыны актывізуюць усе сілы, каб максімальна эфектыўна выкарыстаць не толькі пагодлівыя дні, а нават і гадзіны, паспець сабраць багаты ўраджай.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.