Горсть земли в память о погибших в Лепельском районе

pomnikiВялікая Айчынная вайна пакінула вялікі трагічны след на тэрыторыі Слабадскога сельсавета. Ні ў сорак першым, калі Чырвоная армія з баямі адыходзіла на ўсход, ні ў сорак чацвёртым, калі гнала фашыстаў з Лепельшчыны, значных баёў у тутэйшых мясцінах не было. Але, амаль што ў кожнай вёсцы сельсавета, ці ў наваколлях, засталося з таго часу чатырнаццаць воінскіх пахаванняў. У брацкіх і індывідуальных магілах спачываюць дзясяткі ўдзельнікі партызанскага руху і воінаў Чырвонай арміі.
Дзякуючы пошукавай рабоце, якая праводзіцца ў сельскім Савеце, за дваццаць год намаганнямі вучняў Велеўшчынскай і Слабадской школ, падчас экспедыцый і паходаў, пошуку ў архіўных крыніцах, было ўстаноўлена з паўсотні прозвішчаў партызанаў і чырвонаармейцаў, якія пахаваны на тэрыторыі сельсавета. Знойдзены дзясятак забытых воінскіх пахаванняў.
Напярэдадні святкавання 75-й гадавіны Вялікай Перамогі ў акцыі па забору зямлі з воінскіх пахаванняў “На славу агульнай Перамогі!” прынялі ўдзел і слабадскія школьнікі на чале са старшынёй Слабадскога сельсавета Валерыем Садоўскім.
Пачалася акцыя заборам зямлі з воінскіх пахаванняў на вясковых могілках у Слабадзе. Тут знаходзіцца магіла лётчыка Мікалая Пшонкі, чые астанкі былі знойдзены на ўзбярэжжы Чорнага мора і з воінскімі ўшанаваннямі перапахаваны на радзіме ў 2014 годзе. У 2013 годзе намаганнямі Лепельскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” быў пастаўлены помнік на магіле партызана брыгады “Чэкіст” Мікалая Есіповіча, які быў смяротна паранены падчас нападу на нямецкі гарнізон ля Верабак. Яшчэ адна магіла невядомага партызана месціцца на ўскрайку старой часткі могілак.
Наступны прыпынак у Свядзіцы, дзе знаходзіцца пахаванне пецярых партызанаў брыгады “Дубава”, месцазнаходжанне якога дапамаглі адшукаць слабадскім школьнікам старажылы. Імёны партызанаў былі вядомы дзякуючы шыльдзе прымацаванай на хаце, ля якой у студзені 1944 года яны загінулі. Да Дня Перамогі на магіле запланавала ўстаноўка новага памятнага знака.
Некалькі магіл з’явілася падчас вайны ў Гадзіўлі. У адным з пахаванняў, згодна з надпісам на помніку, спачывае 28 невядомых ваеннапалонных чырвонаармейцаў, якія загінулі ў жніўні 1941 года. Вядома, што з Лепеля ў накірунку Барысава немцы гналі вялікую калону палонных чырвонаармейцаў. Тых, хто загінуў ля Гадзіўлі, мясцовыя жыхары здолелі пахаваць. Але шмат хто з палонных так і застаўся ляжаць у невядомых і безыменных магілах узбоч старога Барысаўскага бальшака. Яшчэ ў адной брацкай магіле спачываюць чатыры партызаны брыгады “Чэкіст” і “Дубава”. Тры магільныя грудкі ў адной аградзе — пахаванні мірных жыхароў Міхаіла Пыцько, Уладзіміра Юхноўскага, Нікіфара Казака, якія загінулі на мінным полі ў 1944 годзе.
Яшчэ адно брацкае пахаванне ваеннапалонных чырвонаармейцаў знаходзіцца на ўскрайку могілак у Аношках. Дакладная колькасць пахаваных невядома, як і не вядомы іх прозвішчы.
У 2003 годзе ў Велеўшчыне, ля помніка загінуўшым землякам, перапахавалі парэшткі ахвяраў войнаў, якія былі знойдзены падчас пошукавых работ на тэрыторыі Слабадскога сельсавета і ў Чашніцкім раёне. Адно з пахаванняў адносіцца да перыяду савецка-польскай вайны 1919 — 1920 гадоў, у двух магілах — ахвяры мінулай вайны. У брацкай магіле астанкі дваццаці трох партызанаў і чырвонаармейцаў. Асобна пахаваны кулямётчык Фёдар Сакалоў 1916 года нараджэння, адзіны, чыё імя атрымалася даведацца па медальёну, які захаваўся. Ён быў сярод дванаццаці ваеннапалонных чырвонаармейцаў, чыю магілу адшукалі слабадскія следапыты недалёка ад вёскі Сталюгі.
З небыцця былі вернуты імёны адзінаццаці партызанаў, якія пахаваныя на ўскрайку запаведнай вёскі Цярэшкі. У 2018 на сродкі, вылучаныя Лепельскім райвыканкамам і раённым Саветам дэпутатаў у Цярэшках адбылося адкрыццё адноўленага помніка, на якім ужо былі пазначаны прозвішчы загінулых партызанаў.
У мінулым годзе была пастаўлена яшчэ адна кропка ў чарговым пошукавым эпізодзе. На працягу дваццаці год слабадскія следапыты, збіраючы звесткі, вывучаючы архіўныя і літаратурныя крыніцы, шукалі імя партызана, пахаванага ў вёсцы Стайск. Толькі пасля таго, як да справы далучыўся былы аператыўны работнік і краязнаўца Віктар Дзірко са сваімі таварышамі з Беларускага грамадскага аб’яднання “Ветэраны ваеннай разведкі” справа зрушылася з мёртвай кропкі. Былі знойдзены сведкі, якія назвалі імя пахаванага ў Стайску партызана. Гэта Аляксандр Волкаў, баец разведвальна-дыверсійнага атрада Рыгора Лінькова — “Баці”, які загінуў у студзені 1942 года. Адкрыццё помніка на магіле Волкава запланавана напярэдадні святкавання Дня Перамогі.
Пакуль час не сцёр падзеі і даты, зямлю з воінскіх пахаванняў для вечнай малітоўнай памяці збяруць у Мінску — у адной прасторы крыпты Храма-Помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі. Будуць там і жменькі зямлі з воінскіх пахаванняў Слабадскога сельсавета.
Валерый Тухта,
краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.