Горячая пора на полях: на днях поздравили лучшего водителя

Нагодай для чарговага прыезду ў ААТ “Чарэйшчына” для старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргея Марціновіча стала ўзнагароджанне кіроўцы Рамана Шарко.

— Рамана мы ўзнагароджваем па выніках працы падчас правядзення корманарыхтоўчай кампаніі з траў першага ўкосу, — кажа Сяргей Арсенцьевіч. — Спачатку на адвозцы здробненай зялёнай масы на раённай Дошцы гонару былі трактарысты. І гэта зразумела: у іх аб’ёмныя прычэпы, якія за адзін рэйс могуць перавезці дзясяткі тон. Выбар трактараў для адвозкі зялёнай масы абумоўлены яшчэ і станам палёў, па некаторых толькі на трактары і можна праехаць. Лепшым жа сярод аўтамабілістаў быў менавіта Раман Шарко. Мужчына адвёз ад корманарыхтоўчых комплексаў амаль тысячу тон здробненай зялёнай масы.

Віншаванне праводзілася ў імправізаванай форме, раніцай на мехдвары. Перад тым, як паехаць на палі, механізатары і кіроўцы сабраліся разам.

— Мне вельмі прыемна наведаць вас з добрай нагоды — віншавання вашага сябра, — звярнуўся да работнікаў Сяргей Марціновіч. — Па выніках нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу Раман Шарко заняў 1 месца сярод кіроўцаў на адвозцы зялёнай масы. Прыміце ж шчырую падзяку за нялёгкую працу, а ў якасці салодкага падарунка — торт!

Раман Мікалаевіч ужо некалькі гадоў працуе ў ААТ “Чарэйшчына” адразу на 2 аўтамабілях МАЗ. Хтосьці здзівіцца, як такое можа быць. Справа ў тым, што адзін МАЗ вялікі, з ёмістым кузавам і прычэпам, другі ж — нашмат меншы. Кіроўцу ў гаспадарцы, калі не праводзіцца гадавая кампанія кшталту ўборкі і корманарыхтоўкі, працы зусім няшмат. Тады ён мае магчымасць выкарыстоўваць аўтамабіль у адпаведнасці з пастаўленай задачай. Трэба, напрыклад, завезці рухавік на маторарамонтны завод у Віцебск — выкарыстоўваецца невялікі аўтамабіль, які справіцца пры меншым раходзе паліва. А калі трэба везці зерне рапсу на алейнаэкстракцыйны завод, загружаюцца вялікі аўтамабіль і прычэп, каб адным рэйсам адвезці як мага больш.

Варта зазначыць, што поспех кіроўцы — вынік штодзённай плённай працы, да якой далучана і шмат іншых работнікаў ААТ “Чарэйшчына”: земляробы і аграномы вырасцілі на палетках багатую зялёную масу, якая давала сотні цэнтнераў з гектара. Механізатары і слесары наладзілі корманарыхтоўчыя комплексы, каб яны бесперабойна здрабнялі зялёнку і накіроўвалі яе ў кузавы і прычэпы. Аднак самы галоўны вынік працы Рамана і яго калег не толькі ў прэміях, падзяках і граматах, колькі ў тым, што закладваецца надзейная аснова для перазімоўвання прадукцыйнага малочнага статку. Будзе жывёла з кормам, а, значыць, будзе і малако.

Цяпер у Рамана Шарко, як і ва ўсіх работнікаў ААТ “Чарэйшчына”, чарговая гарачая пара — уборка. Трэба як мага хутчэй і пры найменшых стратах убраць збажыну з палёў. Першымі на палеткі выязджаюць камбайнеры. У кіроўцаў жа з раніцы ёсць крыху часу, пакуль камбайнеры правядуць абслугоўванне сваёй тэхнікі, падрамантуюць яе і намалоцяць першыя бункеры. І Раман Мікалаевіч запускае МАЗ і выязджае з майстэрні адным з першых.

Васіль МАТЫРКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.