Грамадзянін сеў за краты

тюрьма-2-e1371801538979-1Грамадзянін сеў за краты. Па законе быў асуджаны за супрацьпраўныя дзеянні. А праходзіць час, вызваляецца. І становіцца часцяком галаўным болем міліцыі. І не толькі міліцыі. Чаму? Не ўсе свядома становяцца на сумленны шлях выпраўлення, некаторыя злосна не хочуць адаптавацца ў грамадстве, схільныя да рэцыдыву. З такімі асобамі раённым аддзелам унутраных спраў праводзіцца мэтанакіраваная работа.

Пачатак яе — на пасяджэнні назіральнай камісіі раённага выканаўчага камітэта, дзе разглядаецца пытанне аб праца­ўладкаванні і вырашэнні жыллёвага пытання па меры неабходнасці. Усяго адбылося адзінаццаць пасяджэнняў, восемдзесят адзін асуджаны разгледжаны. Пры садзеянні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  дваццаці сямі чалавекам аказана дзейснае садзеянне ў працаўладкаванні.

Зразумела, не ўсе тыя, хто прайшоў турэмныя “ўніверсітэты”  па той бок калючага дроту, гараць жаданнем заняцца грамадска карыснай справай. Абцяжарваць сябе залішнімі клопатамі ім, маўляў, не з рукі. Прывыклі да казённага харчу… З такімі і размова адпаведная. У саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку (ГПАП) па месцы працы альбо вучобы накіравана пяцьдзясят дзве інфармацыі ў дачыненні былых асу­джаных, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, да  трыццаці дзевяці грамадзян прыняты меры прафілактычнага характару.

Не да ўсіх даходзіць слова. Некаторыя працягваюць паводзіць сябе неадэкватна, вядуць амаральны лад жыцця, злоўжываюць спіртнымі напоямі. Дык колькі яшчэ ўшчуваць можна! Прынамсі, і закон прымяніць варта. Праводзяцца выязныя пасяджэнні раённага суда па разглядзе спраў па артыкулах 415-421 Крымінальнага кодэкса Республікі Беларусь, усталяванні прэвентыўнага нагляду, накіраванні ў лячэбна-працоўныя  ўстановы.

Пагодзімся, робіцца нямала. Аднак эфект дасягаецца не заўсёды чаканы. Ну ніяк не хочуць былыя асу­джаныя станавіцца на шлях правапаслухмянасці. Цягне дужа на коўзкую сцяжыну канф­лікту з законам.  Толькі летась на тэрыторыі раёна асобамі, якія маюць судзімасць, па лініі ўсіх службаў здзейснена шэсцьдзясят сем  злачынстваў, пры тым учынілі іх сорак дзевяць грамадзян, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі Лепельскага РАУС, з іх  трыццаць пяць — беспрацоўныя і чатырнаццаць  працуючых. Удзельная вага рэцыдыўных злачынстваў склала трыццаць сем працэнтаў, што ніжэй за сярэднеабласны паказчык на два працэнты.

— З гэтай даволі праблемнай катэгорыяй грамадзян варта шчыльна працаваць і органам улады, і кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання, і грамадскім фарміраванням, — падкрэсліў старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў. — Не мае чалаваек працы сталай, трэба дапамагчы. Недзе жыць былому асуджанаму —  па меры магчымасці выдзеліць жыллё. Словам, такія людзі пастаянна павінны быць у полі зроку не толькі праваахоўні­каў, але і ўсяго грамадства. Інакш самі спарадзім ачаг напружанасці…

На пасяджэнні мясцовай ўладнай вертыкалі вырашана абавязаць раённы ад­дзел унутраных спраў  штоквартальна да пятага  чысла кожнага месяца, наступнага за справаздачным, накіроў­ваць у грамадскія пункты аховы правапарадку спісы асоб, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі.

Старшыні саветаў АПАП павінны штоквартальна разглядаць асоб, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі па спісах РАУС, шырэй выкарыстоўваць свае магчымасці, актыўна практыкаваць заслухоўванне на пасяджэннях раней асуджаных грамадзян, што адмоўна характарызуюцца па месцы жыхарства, а таксама зноў учынілі злачынствы і адміністрацыйныя правапарушэнні.

Кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання ўсіх формаў уласнасці ў выпадку прыняцця на працу асоб, раней судзімых, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, замацаваць  загадам за імі адказную асобу для кантролю за  захаваннем падапечнымі працоўнай дысцыпліны. А па наяўных фактах парушэнняў прадастаўляць інфармацыю ў РАУС штомесяц да  пятага  чысла месяца, наступнага за справаздачным.

Начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне В.У. Рававому  ва ўзаемадзеянні з РАУС варта неадкладна  вывучыць сітуацыю па працаўладкаванні асоб, якія вызваляюцца з месцаў пазбаўлення волі ў лік броні, забяспечыць браніраванне не кваліфікаваных працоўных месцаў для гэтай катэгорыі асоб.

За невыкананне дадзенага рашэння ва ўстаноўленыя тэрміны вырашана прыцягваць службовых асоб да дысцыплінарнай адказнасці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.