Grill Box выпускается в Лепеле

b0288d34-7432-4d8e-b70d-a0fa0551a670Аляксей Захарынскі: стараемся, каб жыццё наша і суайчыннікаў стала яшчэ больш зручным і камфортным.

Нячаста ўдаецца пазнаёміцца з прадпрымальнікамі, якія, хоць і не вельмі паспяхова, выпускаюць тавар, што прадаецца за межамі Беларусі. Апошнюю сустрэчу лічу вялікай удачай, бо суразмоўца адразу пагадзіўся на адкрыты дыялог, шчыра распавёў пра свае поспехі і цяжкасці, якія даводзіцца пераадольваць.

Як жа ўзнікла ідэя сустрэчы? Падчас наведвання аднаго з павільёнаў гандлёвага цэнтра на прывакзальнай плошчы ўбачыў выстаўленыя кардонныя скрынкі. Пацікавіўся:
– Што гэта за тавар?
– Grill Box – дровы і вугаль для прыгатавання шашлыку, – адказвае прадавец.
Паступова завязалася размова. Мяне вельмі зацікавіла прадукцыя, але суразмоўца, прадпрымальнік Сяргей Захарынскі, прапанаваў пагутарыць на гэтую тэму з яго братам Аляксеем:
– Ён непасрэдна займаецца названай прадукцыяй і пра ўсё раскажа больш кампетэнтна…
Сустрэліся мы ўтраіх праз некалькі дзён. Аляксей Захарынскі ўжо больш за 20 гадоў працуе як індывідуальны прадпрымальнік. За гэты час шукаў сябе ў розных галінах бізнесу: гандлёвым, аказваў паслугі па ўстаноўцы пластыкавых вокнаў, мантажы нацяжной столі.
– Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра новы від прадукцыі.
– Уявіце сабе: сабраліся вы ўсёй сям’ёй, невялікай кампаніяй на прыродзе. Пажадалі зрабіць шашлык. Мяса ёсць, а дзе дровы? Ха­дзіць па наваколлі, збіраць ламачча? Купляць у краме, на аўтазаправачнай станцыі, везці з сабой дровы і мех вугалю, каб потым аб яго выпацкацца? Мы прыдумалі выйсце: сабраць усё ў адну кардонную скрынку, укласці туды паперу для распальвання, прамочаную раслінным алеем, тонка напілаваныя сухія рэечкі з лісцёвых парод, порцыю драўнянага вугалю ў пакеце і нават пачак запалак. 15-20 хвілін – і ўжо гатовыя гарачыя вугалі для смажання шашлыку з 3-3,5 кілаграмаў мяса. Да таго ж усё чыста і акуратна.
Пярэчу:
– Асабіста я не бачу ў гэтым сэнсу. Жыву ва ўласным доме, у мяне заўсёды ёсць дровы для запякання шашлыку. Ды і мне па душы самому займацца гэтай справай.
– Аднак цяпер падумайце пра людзей, якія жывуць у кватэрах і не маюць дач, дамоў у вёсках. Дарэчы, такіх сем’яў з кожным годам усё больш і больш. Хто часцей, а хто радзей жадае адпачыць на прыродзе, і там, сярод іншага, не супраць паласавацца шашлыком. Давайце ўзгадаем, што яшчэ каля 10-15 год таму многія нават не ведалі, што такое драўняны вугаль. Зараз жа гэта тавар, прадстаўлены ў мностве вялікіх і малых гандлёвых кропак. Між тым, яшчэ ў 1990-х гадах лепельскі прадпрымальнік Леанід Мазай, які ў цяперашні час у асноўным займаецца грузаперавозкамі, пачынаў якраз з таго, што вырабляў драўняны вугаль і прадаваў яго ў Польшчы.
– У пэўнай ступені пераканалі. Дзе ж вы знайшлі такую ідэю – сабраць розныя элементы разам?
– Сёе-тое знайшоў у інтэрнэце. Бачыў, як штосьці падобнае выкарыстоўваецца ў Германіі, але мы зрабілі па-свойму.
Па словах суразмоўцаў, яны выпускаюць падобныя наборы ўжо больш за 3 гады. Аднак да цяперашняга часу пры рэалізацыі ўзнікалі пэўныя праблемы і цяжкасці.
– Самае галоўнае тое, што беларусы яшчэ зусім не ведаюць пра нашу прадукцыю, не разумеюць усіх яе станоўчых якасцяў, не прывыклі да яе выкарыстання, – кажа Аляксей. – Нялёгка рэалізоўваць такую прадукцыю ў Лепельскім раёне, дзе шмат людзей жыве ў вёсках, у прыватным сектары горада або маюць уласныя дамы і дачы за горадам. Аднак заўважаю, што паступова справа наладжваецца. Штодня толькі тут набываецца ад 3 да 10 скрынак. Аднак гэта не тыя аб’ёмы, пры якія варта казаць як пра што-небудзь істотнае.
– Чаму ж не паспрабаваць звярнуцца да гандлёвых сетак?
– Спрабавалі, але вопыт узаемаадносін з імі аказаўся вельмі павучальны. Прапаноўвалі сваю прадукцыю «Еўраопту», «Санце», спрабавалі прадаваць яе праз сетку аўтазаправачных станцый «Белнафтахім», і ў кожным выпадку ўзнікалі асаблівасці, якія прыводзілі да нулявой эфектыўнасці. Напрыклад, «Белнафтахім» паставіў умову, каб мы самастойна развозілі сваю прадукцыю па гандлёвых кропках. Толькі па Віцебскай вобласці працуюць 87 заправачных станцый, не кажучы ўжо пра ўсю краіну. Пры гэтым абарот продажаў не такі актыўны, каб пакрыць усе расходы на лагістыку. Вялі перамовы з дыстрыб’ютарамі, кампаніямі, якія займаюцца аптовымі пастаўкамі ў розныя крамы і гандлёвыя сеткі. Аднак у іх сваё патрабаванне – весці супрацоўніцтва толькі з імі. Умоўна кажучы, з моманту заключэння дамовы з кампаніяй вымушаны будзем рэалізоўваць сваю прадукцыю на тэрыторыі Беларусі толькі гэтым кампаніям. Падыдзе да мяне іншы пакупнік, а я не змагу яму нават скрынку прадаць. Падобных акалічнасцяў даволі шмат. Не задавальняюць нас таксама і прынцыпы, якімі кіруюцца прадаўцы пры налічэнні свайго кошту тавару. Я зыходжу з таго, што мая прадукцыя павінна быць максімальна даступнай, каб кожны жыхар краіны мог з лёгкасцю, без вялікіх затрат набыць Grill Box. Напрыклад, пасля пакупкі мяса на 12-15 рублёў кошт у 5 рублёў за малую скрынку або 6,50 за вялікую (па такім кошце мы прапануем тавар у Лепелі) здаецца не такім значным. Пры гэтым мой заробак складзе каля 50 капеек з адной скрынкі. Мы ж нядаўна пасля вяртання партыі з адной гандлёвай сеткі ўбачылі іх цэннікі – 11 рублёў за вялікую скрынку! У мяне няма каментарыяў.
– Калі з распаўсюджваннем тавару ў Беларусі ў вас узнікаюць такія цяжкасці, чаму б не заняцца яго экспартам?
– У еўрапейскіх краінах, нават у Прыбалтыцы, Grill Box – даволі папулярны тавар, яго ведаюць і ахвотна карыстаюцца ім. Пры тым, што цана істотна большая – да шасці еўра за скрынку. Аднак і на гэтым шляху ёсць перашкоды. Першапачаткова мы называлі сваю прадукцыю Super Grill – зразумела на любой еўрапейскай мове. Аднак неўзабаве высветлілася, што падобны таварны знак ужо зарэгістраваны за адной з расійскіх кампаній. Давялося тэрмінова прыдумваць новую назву, і такім чынам узнікла сучасная – Grill Box. Самастойна прадаваць тавар, напрыклад, у Германіі даволі складана, таму разам з нямецкім прадпрымальнікам арганізоўваем сумеснае прадпрыемства. Вось так, паступова пераадольваем кожны крок.
– Якую праблему ў сваёй справе вы назвалі б галоўнай?
– Тое, што нашы патэнцыйныя пакупнікі тут, у Беларусі, вельмі мала ведаюць пра наш тавар. Многія часта, як і вы, глядзяць на Grill Box і не разумеюць, якія зручнасці дае гэты тавар. Мы, дарэчы, імкнёмся папулярызаваць нашу прадукцыю, здымаем відэаролікі і выкладаем іх у інтэрнэт.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.