Грунтоўны рамонт

У будынку Домжарыцкага сельвыканкама адрамантаваны кабінеты — пасланы ламінат, атынкаваны сцены. Цяпер даводзяцца да ладу лесвічныя пляцоўкі, дзе, акрамя атынкоўкі сцен, будзе паслана плітка на падлогу. Наладжана электразабеспячэнне. Рамантуе ЛБУП “Лепельрамбуд”.

З мэтай прафілактыкі

На апошніх пасяджэннях грамадскага пункта аховы правапарадку ў Домжарыцах былі разгледжаны справы чатырох чалавек. Адзін з іх нядаўна вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі. Ён нідзе не працуе, як і яшчэ двое з выкліканых на прафілактычную гутарку. Чацвёрты “трапіў на аловак” за сямейны скандал.

Карысны досвед

Нядаўна ў Домжарыцах адбыўся выязны семінар камісіі па справах непаўналетніх і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Быў абмеркаваны досвед працы з праблемнымі падлеткамі ў мясцовай школе, у выніку якой там зараз няма дзяцей, якія стаяць на ўліку ў ІСН. Былі наладжаны выстава дзіцячых вырабаў, экскурсія да вальераў і ў музей запаведніка, выступіла экалагічная агітбрыгада.

Турысты і госці

Летась Бярэзінскі біясферны запаведнік наведалі каля трыццаці пяці тысяч турыстаў і гасцей, з іх 6138 замежных турыстаў. Сёлета за тры месяцы — больш за тры тысячы. Наведваюць вальеры, музей, ходзяць турыстычнымі маршрутамі, сустракаюцца з Балотнікам — казачным персанажам, які стаў своеасаблівым брэндам запаведніка. Турысты прыязджаюць з Германіі, Францыі, Англіі, Нідэрландаў, Кітая, арабскіх краін, а таксама з розных раёнаў Беларусі.

Экалагічны накірунак

На базе дашкольнай установы працуе экалагічны гурток “Лесавічок”, якім кіруе выкладчыца старэйшай групы Алена Ігараўна Мігно. Дзеці рыхтуюць вырабы з прыроднага матэрыялу, ім дапамагаюць і бацькі. Хо­дзяць на экскурсіі на прыроду. У бліжэйшы час запланавана экскурсія ў абноўлены музей запаведніка.
Міхась ВАЛОХА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.