Идея неожиданных и незапланированных проверок воинских частей очень эффективная и полезная

З 30 студзеня па 24 лютага 231-я артылерыйская брыгада ўдзельнічала ў вялікіх манеўрах. Спецыяльна для гэтага ў часць былі прызваны дадаткова 204 вайскоўцы запасу, з іх удзелам цалкам разгарнулі артылерыйскія батарэі, падраздзяленні забеспячэння. Дарэчы, такая праверка для часці аказалася нечаканай.
img_1927 Ідэя нечаканых і незапланаваных праверак вайсковых часцей вельмі эфектыўная і карысная. Яны, з аднаго боку, дазваляюць убачыць рэальны ўзровень баявой падрыхтоўкі вайскоўцаў, стан баявой тэхнікі, уменне камандзіраў наладжваць узаемадзеянне паміж асобнымі салдатамі і падраздзяленнямі, а з другога боку — з’яўляюцца дадатковым стымулам для падтрымання баявой гатоўнасці, павышэння свайго ўзроўню, годнага захавання і рэгулярнага абслугоўвання баявой і іншай тэхнікі.
Па камандзе з Генеральнага штаба Узброеных Сіл адбыўся прызыў ваеннаслужачых запасу, усяго ў брыгаду былі прызваны 204 чалавекі з усёй Віцебскай вобласці. З Лепельскага раёна былі накіраваны механік-вадзіцель Уладзімір Танасовіч і афіцэры запасу Андрэй Шпілеўскі і Дзмітрый Барысовіч.
Уладзімір Танасовіч тэрміновую службу адслужыў механікам-вадзіцелем баявой машыны пяхоты ў 19-й механізаванай брыгадзе ў Заслонаве.
— Мая БМП была вучэбнай, гэта значыць, што яна была пастаянна на палігоне, рэгулярна выконваліся розныя практыкаванні, у тым ліку і з баявой стральбой. За тыя паўтара года я атрымаў багатую практыку.
Пасля вяртання з арміі Уладзімір ажаніўся з лепяльчанкай Наталляй. Некаторы час маладая сям’я пажыла ў Віцебску, а потым пераехала на малую радзіму жонкі. Тут Уладзімір уладкаваўся працаваць у пансіянат “Ладэ”.
— Пад час тэрміновай вы служылі ў механізаванай брыгадзе, а на зборы прызвалі ў артылерыйскую. У чым галоўнае адрозненне?
— Па ваенна-ўліковай спецыяльнасці я механік-вадзіцель БМП. На зборы мяне прызначылі механікам-вадзіцелем ПРП — спецыяльнай машыны артылерыйскай разведкі. Вобразна кажучы, на шасі БМП у вежы і дэсантным аддзяленні стаіць спецыяльная разведвальная апаратура. На ёй працавалі аператары, я ж як быў, так і заставаўся механікам-вадзіцелем, вазіў іх па палігоне з адной пазіцыі на другую. Аднак вось дзіўная сітуацыя. Я з тэрміновай службы звальняўся ў 2012 годзе. А зараз зноў апрануў вайсковую форму, сеў у машыну — і нібыта не было гэтых пяці гадоў, рукі-ногі самі ўспомнілі ваенную навуку.
У адзін з першых дзён збораў была праведзена ўрачыстая цырымонія прыняцця ваеннай прысягі. З больш як 200 чалавек збораў беларускую прысягу не прымалі раней толькі трое ці чацвёра, яны служылі тэрміновую яшчэ ў часы Савецкага Саюза.
— Канец студзеня — пачатак лютага адзначыўся лютымі маразамі…
— Вядома, на марозе цяжка і непрыемна гайкі круціць, асабліва ў тэхніцы, якая некалькі гадоў стаяла на кансервацыі. Добра, што наша машына стаяла ў боксе, там быў не такі люты мароз, як на вуліцы. Аднак завяліся, выехалі, праверылі апаратуру. Потым — марш на станцыю пагрузкі, чыгункай на палігон. Тады мароз ужо адпаў, па начах рэдка апускалася ніжэй за 15 градусаў. А калі палігон заканчваўся і трэба было ехаць дахаты, увогуле прыйшла адліга, слота. А ў астатнім забеспячэнне было на вышыні.
Андрэй Шпілеўскі — былы вайсковец, ужо гады чатыры як на пенсіі, жыве ў Бароўцы. Хаця, “былых” вайскоўцаў не бывае.
img_1937— Андрэй Іванавіч, дзе і як праходзіла ваша служба?
— Я быў камандзірам узвода ў 427-м рэактыўным артылерыйскім палку. Выслужыў тэрмін і пайшоў на пенсію. А зараз зноў паклікалі, на гэты раз на зборы.
— Параўнайце службу ў рэактыўнай і ствольнай артылерыі.
— Калі параўноўваць зброю, то гэта зусім розныя сістэмы. Назва гаворыць сама за сябе — рэактыўныя сістэмы залпавага агню “Град” і “Ураган” стаялі ў нас на ўзбраенні. Такая машына залпам накрывае вялікую плошчу, не пакідаючы нічога жывога. У 231-й брыгадзе дальнабойныя высокадакладныя гарматы, якія могуць адным стрэлам паразіць цэль за 20 кіламетраў, за гарызонтам. Прымяненне розных сістэм можа быць абумоўлена рознымі задачамі. У астатнім жа служба была цалкам аналагічная: пад’ём, прыём ежы па распарадку, выкананне задач, адбой.
— Раскажыце крыху падрабязней пра зборы…
— Як і амаль ва ўсіх. У канцы студзеня мне прыйшла павестка. Прыбыў у ваенкамат, адкуль мяне накіравалі ў часць. Спачатку зняцце тэхнікі з кансервацыі, баявое зладжванне, потым выезд на палігон. Там паваявалі, пастралялі і дахаты, атрымаўшы добрую адзнаку. Забеспячэнне было неблагое, адзенне выдалі якраз па сезоне: цеплыя ватовыя штаны, курткі, валёнкі. Так што на палігоне не мерзлі. Харчаванне таксама было на самым высокім узроўні — сытнае, каларыйнае. З домам падтрымлівалі пастаянную сувязь. Звычайна ўвечары, калі выдавалася больш-менш вольная гадзіна, тэлефанавалі, даведваліся, як яны там. Жонкі, безумоўна, засумавалі. Для мяне асабіста дадзеныя зборы не былі чымсьці звышардынарным, пад час сваёй службы я такіх палігонаў адбыў вельмі шмат. Так што штосьці ўспамінаць і настройвацца не давялося, нібыта і не звальняўся.
Падводзячы вынікі збораў, камандуючы войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Аляксандр Вальфовіч зазначае:
— Гэтая праверка была нечаканай не толькі для 231-й артылерыйскай брыгады, а і для ўсяго камандавання, бо не толькі адны артылерысты разгортваліся і выконвалі пастаўленыя перад імі задачы. Гэтая праверка сталася нечаканай і для ваенных камісарыятаў. Быў правераны ўвесь вайсковы механізм: ад прызыву на службу да адпраўкі дахаты.
Згодна з загадам Генеральнага штаба, кандыдатуры вайскоўцаў запасу былі выбраны ваеннымі камісарыятамі. Кандыдатуры адбіралі па адпаведных або сумежных ваенна-ўліковых спецыяльнасцях: наводчыкі, аператары, нумары разлікаў, вадзіцелі аўтамашын, механікі-вадзіцелі баявых машын, камандзіры падраздзяленняў. У брыгадзе адбылося зладжванне разлікаў, узводаў, батарэй, з запаснікаў склалі цэлы, паўнавартасны артылерыйскі дывізіён.
Потым быў выезд на палігон. Уся тэхніка, некалькі дзясяткаў баявых машын і машын забеспячэння, была пагружана на чыгуначны састаў і разам з людзьмі дастаўлена на Абуз-Лясноўскі палігон у Брэсцкай вобласці.
— Таварыш генерал-маёр, але ж бароўскія артылерысты звычайна практыкуюцца на палігонах пад Барысавам або Асіповічамі…
— Генеральным штабам у апошнія гады выбрана лінія, па-першае, на правядзенне нечаканых, пазапланавых праверак. Па-другое, вайсковыя часці для практыкаванняў накіроўваюцца, так бы мовіць, на чужыя палігоны. Разумееце, калі перыядычна займацца адной і той жа справай, на адным і тым жа месцы, чалавека зацягвае руціна, вока замыльваецца. Артылерысты прывыкаюць да адных і тых жа пазіцый, агнявых рубяжоў. Вось таму і патрэбна час ад часу мяняць умовы выканання задач.
— І як вы ацэньваеце ўзровень 231-й артбрыгады?
— Узровень ацэньваў не я. Для большай аб’ектыўнасці дзеянні іх ацэньвалі прадстаўнікі Генштаба. Па выніках усіх практыкаванняў, пачынаючы ад зладжвання разлікаў да выніковых стрэльбаў і адбыцця назад у пункт пастаяннай дыслакацыі 231-й артылерыйскай брыгадзе пастаўлена моцная, трывалая адзнака “добра”. Ад сябе дадам, што я задаволены брыгадай, яе баявым калектывам, які выканаў усе пастаўленыя задачы і без парушэнняў тэхнікі бяспекі, без інцыдэнтаў вярнуўся дахаты.
img_1948 Словы падзякі скажу і ў адрас камандзіра брыгады падпалкоўніка Аляксея Хахлова. Ён толькі за пару месяцаў да пачатку вучэнняў прыняў камандаванне, аднак з поспехам кіраваў часцю. Асабовы склад паказаў сябе згуртаваным калектывам. Хлопцы атрымалі новы вопыт, выпрабавалі сябе, завялі новых сяброў. За гэтымі вучэннямі, а ў іх удзельнічала не толькі дадзеная артылерыйская брыгада, а і шэраг іншых вайсковых часцей, пільна сачылі як унутры рэспублікі, так і за яе межамі. Пабачыўшы жаданне людзей абараняць сваю Радзіму, здольнасць часцей і падраздзяленняў выконваць пастаўленыя задачы, іх зладжанасць і арганізаванасць, могуць паставіць пад вялікі сумніў магчымасць нейкіх агрэсіўных дзеянняў супраць Рэспублікі Беларусь.
А зараз слова камандзіру брыгады падпалкоўніку Аляксею Хахлову:
— Да выканання абавязкаў камбрыга я прыступіў першага снежня мінулага года. Да гэтага мая служба праходзіла наступнымі этапамі: у 2001 годзе скончыў факультэт ракетных войскаў і артылерыі Ваеннай акадэміі. Затым былі служба ў 38-й мабільнай брыгадзе ў Брэсце, у 103-й мабільнай брыгадзе ў Віцебску — дэсантнікі таксама маюць на ўзбраенні свае артылерыйскія сістэмы, там я дарос да пасады начальніка артылерыі паветрана-дэсантнай брыгады. Была служба ў галоўным упраўленні ракетных войскаў і артылерыі Генеральнага штаба Узброеных Сіл. А ў канцы лістапада мне паступіў загад узначаліць 231-ю артылерыйскую.
— Як вы ацэньваеце дзеянні байцоў, асабліва прызваных з запасу?
— Магу паставіць толькі самыя высокія адзнакі. Калектыў добрасумленна аднёсся да даручанай справы. Я ж са свайго боку пабачыў, праверыў, хто на што гатовы, як усе падрыхтаваныя. Брыгада даўно не падвяргалася падобным праверкам, аднак увесь ваенны механізм спрацаваў як належна. Мы праехалі больш за 400 кіламетраў чыгуначным шляхам туды, там адстраляліся, выканалі 12 агнявых задач. Для артылерыйскай часці гэта шмат, паразілі амаль усе мішэні. А потым раздзельна вярнуліся назад: гусенічная тэхніка ехала чыгункай, а колавая — сваім ходам.
— Каго можаце адзначыць асабліва?
— Цяжкое пытанне задаяце! Кагосьці аднаго выбраць складана. Выдатна адстралялася другая батарэя пад камандаваннем старшага лейтэнанта Макейчыка. Выдатна паказаў сябе ўзвод забеспячэння, якім камандаваў прапаршчык запасу Аляксандр Бабахін. Ён у свой час служыў у 103 паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску. Пад час вучэнняў узвод забеспячэння быў укамплектаваны цалкам з вайскоўцаў запасу. Іх камандзір за кароткі час здолеў такім выдатным чынам наладзіць службу, што паліва і змазачныя матэрыялы, боепрыпасы падвозіліся ў тэрмін і ў патрэбнай колькасці. Харчовае забеспячэнне было на самым высокім узроўні. А некаторы час узвод забеспячэння нёс неўласцівую яму службу — ахову і абарону раёна сканцэнтравання брыгады, з якой справіўся таксама выдатна. Так што ўсім ваеннаслужачым запасу, якія ўдзельнічалі ў вучэннях, усім кадравым вайскоўцам брыгады магу толькі сказаць вялікае дзякуй.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: урачысты вынас баявога сцяга; вайскоўцаў запасу віншуе генерал-маёр Аляксандр Вальфовіч; ваенны камісар Лепельскага і Ушацкага раёнаў падпалкоўнік Васіль Шапка ўручае прэмію радавому запасу Уладзіміру Танасовічу.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.