Игорь — с нового класса деревенских хозяев

138Ігар Балотнік на першы погляд не надта падобны на тыповага вяскоўца, хутчэй на гараджаніна-дачніка, які ў вёску на бацькаўшчыну прыязджае хіба што шашлык з’есці, адпачыць ды між іншым парадак збольшага дагледзець. Аднак варта толькі глянуць на яго сядзібу ў Крыўцах, каб зразумець, што гэты чалавек асталяваўся “ўсур’ёз і надоўга”. Ігар — з новага класу вясковых гаспадароў, які пакрысе адраджаецца на Лепельшчыне, якія жылі тут да рэвалюцыі стагоддзямі, апрацоўвалі свой надзел зямлі, шчыравалі, мелі дабрабыт і ні да каго не хадзілі на паклон, спадзеючыся толькі на свае сілы і свой розум.
* * *
Дом у Крыўцах Ігар з жонкай Святланай Валянцінаўнай набылі ў хуткім часе пасля жаніцьбы, завялі гаспадарку.
— У першую чаргу ў абавязковым парадку аформілі ўсе належныя дакументы: на дом, на зямлю. Ведаю, што часта вяскоўцы па старой завядзёнцы не задумваюцца аб гэтым, проста аруць свой надзел, ведаюць, што ён “запісаны недзе ў сельсавеце”, аплачваюць падаткі. Мы ж на ўласным досведзе пераканаліся, што правільна аформленыя дакументы — надзейная абарона ўласнасці ад розных нечаканасцяў. Таму затрацілі пэўны час і грошы.
Атрымаўшы зямлю, нямала сіл і сродкаў уклалі ў яе акультурванне, давядзенне да розуму. Да гэтага некалькі гадоў зямля, што называецца, гуляла без гаспадара, зарастала быльнягом, а дзесьці і кустоўем. Ды і дом таксама патрабаваў працавітых рук. Як адзін знаёмы кажа, рамонт толькі ў гарадской кватэры можна калісьці канчаткова завяршыць. Рамонт жа на сядзібе, як войны на Блізкім Усходзе, толькі пачынаецца, доўжыцца, доўжыцца, пераходзіць у новыя стадыі — і ніколі не заканчваецца. Дбайнаму гаспадару на сваёй сядзібе заўсёды ёсць дзе рукі прыкласці.
Ігар і Святлана — розныя людзі. Ён — вясковец са шматдзетнай сям’і, у яго бацькоў было пяцёра сыноў і пяцёра дочак. Яна — гарадская, мінчанка. Пазнаёміліся ў Пышне, а для жыцця выбралі Крыўцы. Узаемаразуменне і ўзаемадапамога — аснова сям’і.
У гаспадарцы вырошчваецца гародніна, бульба (куды ж без яе ў Беларусі?!). З цягам часу склаўся і рынак збыту. Ігар не вывозіць прадукцыю свайго падворка на базар, у гэтым патрэбы няма. Амаль уся рэалізуецца пастаянным пакупнікам, якія ўжо загадзя ведаюць, калі гародніна будзе вырашчана, што яна толькі натуральная, самай высокай якасці. Сярод такіх пастаянных кліентаў ёсць і мінчане.
Гадуюць у Крыўцах і жывёлу. Праўда, не дужа габарытную, толькі курэй і коз. Аднак яйкамі і малаком таксама забяспечваюць сябе і ўсіх жадаючых.
А нядаўна Ігар набыў сабе 15 коней — цэлы табун. Дакладней — 15 у адным флаконе, жалезным. Карацей, мінітрактар ён купіў. Пакупку ажыццявіў выключна на свае грошы, не браўшы ні пазыкі, ні крэдыту, бо, як кажа народная мудрасць: “Бярэш грошы чужыя і на пэўны час, а аддаеш свае і назаўсёды”.
— Такі ж мінітрактар Shtenli ужо тры гады эксплуатуе мой бацька, ён таксама жыве ў вёсцы, — кажа Ігар, — не нарадуецца. Тэхніка дызельная, з яе дапамогай робяцца амаль усе аперацыі па гаспадарцы: пераворванне зямлі, культывацыя, выкопванне гародніны.
— Shtenli, наколькі разумею, назва англійская…
— Паводле дакументаў, трактар зроблены ў Германіі. Але, аглядаючы агрэгаты, раз-пораз натыкаўся на самы распаўсюджаны ў свеце надпіс “made in China” (“зроблена ў Кітаі”), — з іроніяй адказвае суразмоўца. — У прынцыпе, на сёння гэтая азіяцкая краіна стала сусветным зборачным цэхам, так што няма чаму здзіўляцца. З іншага боку, за апошнія гады якасць кітайскай тэхнікі вырасла істотна. Паглядзіце, колькі ў нашых дамах і кватэрах бытавой апаратуры, інструментаў, тэхнікі з гэтым распаўсюджаным надпісам. А за свой трактар скажу, што я на прычэп грузіў тону, і нават больш, — і ён цягнуў, вёз.
— Перадача сілы ад рухавіка на трансмісію ажыццяўляецца праз рамяні. Чуў, што дадзены спосаб лічаць не дужа надзейным, многія аддаюць перавагу больш прывычным і зарэкамендаваным шасцерням і валам.
— Не сказаў бы, што раменная перадача ненадзейная. Мой трактар працуе толькі паўгода, нічога сказаць не магу, кароткі тэрмін. А на бацькавым такая ж сістэма працуе бездакорна тры гады. Рамяні трывалыя, нічога ім не зробіцца, калі нармальна нацягнуць. Затое па цане — амаль удвая танней, чым трактары з шасцернямі і валамі, пры той жа самай магутнасці рухавіка. Можаце дзеля цікавасці зазірнуць у інтэрнэт і параўнаць.
* * *
А перад вясной Ігар зрабіў яшчэ адну пакупку — мінібульбасаджалку, аднарадную, якраз для свайго трактара. Цяпер адна з самых працаёмкіх аперацый, для якой звычайна трэба збіраць вялікую талаку, будзе механізаваная. Вялікую плошчу можна будзе без намаганняў засадзіць за дзень, у крайнім выпадку за два. Разлічваючы, зноў жа, на самы надзейны рэсурс — на самога сябе.
Вось такое яно — няспешнае вясковае жыццё.
Дарэчы, знаёмыя мінчане, якія не раз заязджалі ў госці ў Крыўцы, упадабалі гэтыя мясціны настолькі, што набылі сядзібу насупраць. Пабудавалі новы дом, абуладкоўваюць участак. Крыўцы ажываюць!
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Ігар Балотнік на сваім трактары.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.