Інфармацыя плюс методыка

У сферы культуры раёна распрацавана дзейсная сістэма метадычнага забеспячэння функцыянавання і развіцця калектываў народнай творчасці. Пры ўсебаковай падтрымцы метадычных службаў плённа дзейнічаюць 149 фарміраванняў пры ўстановах клубнага тыпу і 17 аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах пры бібліятэках. Школай прафесійнага майстэрства з’яўляюцца фестывалі, конкурсы, агляды. У фестывальным календары занатавана звыш 12 розных творчых акцый. У 2013 го¬дзе творчасць рэгіёна была прадстаўлена на 22 абласных фестывалях, святах, конкурсах і чатырох Міжнародных фестывалях.

Метадычнае забеспячэнне прадугледжвае таксама выдавецкую дзейнасць. З пачатку года выдадзена 10 метадычных дапаможнікаў для культасветработнікаў. Метадычнымі службамі праведзена анкетаванне насельніцтва жыхароў аграгарадкоў і чытачоў бібліятэк. На працягу трох гадоў ажыццяўляўся творчы праект з маладымі сем’ямі «Хатка ў вёсцы».
Са шкадаваннем варта прызнаць, што кадравае забеспячэнне метадычных службаў мае невысокі прафесійны ўзровень. З 11 спецыялістаў толькі пяць маюць вышэйшую адукацыю, астатнія — сярэднюю спецыяльную. Два чалавекі вучацца завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Адсюль і недастатковы ўзровень даследчай і інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці метадычных цэнтраў раёна. Рэальная практыка дзейнасці ўстаноў культуры патрабуе больш глыбокага і сістэмнага аналізу, ацэнкі, абагульнення вынікаў і прагназавання.
Новыя тэхналогіі павінны шырэй разгортвацца і ў культурным асяродку. У раённым арганізацыйна-метадычным цэнтры маецца пяць камп’ютараў, ксеракс, сфарміраваны бібліятэчны фонд метадычнай літаратуры, ёсць выхад у Інтэрнэт. У клубных установах вёскі камп’ютарная тэхніка ўсталявана ў 12 установах (55%), электронная пошта і выхад у Інтэрнэт — усяго ў пяці.

 ЭКАЛАГІЧНЫ РАКУРС

На чарговым пасяджэнні мясцовага органа ўлады канстатавалася, што на тэрыторыі раёна вядзецца пэўная работа па выкананні патрабаванняў прырода¬ахоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, стабілізацыі экалагічнага становішча. Аднак па некаторых напрамках існуе шэраг недахопаў. Выяўляюцца факты парушэння рэжыму ўтрымання водаахоўных зон і прыбярэжных палос водных аб’ектаў з боку сельскагаспадарчых прадпрыемстваў па прычыне несвоечасовай вывазкі арганікі ад жывёлагадоўчых памяшканняў.
А колькі разоў даводзілася бачыць такі малюнак, калі вада ліецца праз патрубак, адпаведныя прыборы не спрацоўваюць альбо іх наогул няма. Адсутнічае, на жаль, сістэмны падыход да ліквідацыйнага тампанажу невыкарыстоўваемых артэзіянскіх свідравін.
Зямлю справядліва называем асновай нашага нацыянальнага багацця. Аднак у будзённым калаўроце забываем пра гэта. У прыватнасці, землекарыстальнікі, якія маюць на сваім балансе ўнутрыгаспадарчыя кар’еры, не выконваюць патрабаванні заканадаўства ў частцы абазначэння кар’ераў на мясцовасці. А там, дзе буяе баршчэўнік Сасноўскага, не прымяняюцца ядахімікаты, не практыкуецца глыбокае ворыва глебы, сяўба травасумесяў.
ЛКУВП ЖКГ «Лепель» да канца не даведзена работа па перадачы зямель рэкультываваных міні-палігонаў па прызначэнні. Філіялам «Дражна» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» не нала¬джаны маніторынг якасці падземных вод у раёне палявых рэзервуараў асветленых сцёкаў.

АБ ШЛЮБЕ І СЯМ’І

Абмеркавана інфармацыя начальніка аддзела загса райвыканкама А.К. Бельскай аб рабоце органаў запiсу актаў грамадзянскага стану раёна па выкананні заканадаўства аб шлюбе і сям’і і задачах па ўдасканаленні іх дзейнасці. За 11 месяцаў зарэгістравана 1312 актаў грамадзянскага стану, выдадзена 1212 даведак. У выніку ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур з грамадзян па аддзеле загса спагнана 50 млн 50 тысяч рублёў дзяржаўнай пошліны і 7 млн 570 тысяч рублёў па сельскіх выканаўчым камітэтах.
У час урачыстай рэгістрацыі шлюбу выкарыстоўваюцца беларускія народныя традыцыі. Ва ўзаемадзеянні з аддзелам культуры райвыканкама практыкуюцца дадатковыя платныя паслугі — абрад “Вяселле ў музеі”, пракат нацыянальнага касцюма і інш.
Для выключэння чэргаў арганізаваны папярэдні запіс на прыём. Паслугай за 11 месяцаў скарысталіся 143 чалавекі. Акрамя таго, заяўкі прымаюцца па тэлефоне на папярэднюю падрыхтоўку дакументаў (такім чынам абслужана сем чалавек). Грамадзяне маюць магчымасць звярнуцца ў аддзел загса з дапамогай электроннай пошты. Дарэчы, усе сельвыканкамы для выканання адміністрацыйных працэдур і працы са зваротамі грамадзян маюць неабходную заканадаўчую базу, аснашчаны камп’ютарнай тэхнікай і праграмным забеспячэннем, што дазваляе затрачваць мінімальную колькасць часу на разгляд зваротаў вяскоўцаў і выдачу ім неабходных дакументаў.
З прычыны адсутнасці архіўнага пакоя дакументы аддзела загса захоўваюцца непасрэдна ў кабінеце начальніка і спецыяліста ў драўляных шафах, што з’яўляецца грубым парушэннем правілаў захоўвання архіўнага фонду. Патрабуе касметычнага рамонту і эстэтычнага афармлення фасад памяшкання.
Па ўсіх абмеркаваных пытаннях на пасяджэнні райвыканкама прыняты канкрэтныя рашэнні.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.