Каб трапіць у Баброўскую сельскую бібліятэку, Лепельскага раёна, трэба пераадолець пару дзясяткаў прыступак стромай драўлянай лесвіцы

Каб трапіць у Баброўскую сельскую бібліятэку, трэба пераадолець пару дзясяткаў прыступак стромай драўлянай лесвіцы, якая вядзе на другі паверх. Моладзь, дзеці ўзляцяць, як верабейчыкі, нават і не заўважыўшы тых прыступак, а чалавеку пажылому давядзецца-такі папацець — прыступкі высокія, пад’ём круты.

— Высока жывяце! — жартую, павітаўшыся з бібліятэкарам Таццянай Пшанко, якая пакуль што адна сумуе ў атачэнні кніг, часопісаў і іншага бібліятэчнага “антыкварыяту”. (Дзіва што антыкварыяту. Хто цяпер тыя кнігі чытае! Хутка, напэўна, будуць гэткім жа рарытэтам, як і вунь тыя прасніца, ступа, самавар, ліхтар, што прапісаліся праз сценку ў музеі.)
Таццяна Рыгораўна на мой жарт рэагуе літаральна:
— Ды нічога, хто хоча, той знойдзе, вунь і пажылыя чытачы прыходзяць. Праўда, адна бабулька просіць, каб вынесла кніжкі на ніз. Цяжкавата ёй. Такая вось у нас планіроўка. Калісьці тут калгасная кантора была…
Так і жыве Баброўская бібліятэка паміж мінулым і будучыняй: модныя пластыкавыя вокны і “калгасныя” лесвіцы, камп’ютар і прасніца са ступаю, сучасныя кніжкі-маляванкі, часцей маскоўскіх выдавецтваў, і рарытэтныя фотаздымкі вялікай і дружнай беларускай сялянскай сям’і, якая дала назву ўсёй бібліятэцы і вызначыла асноўныя абрысы яе працы.
Афіцыйна культурная ўстанова ў аграгарадку носіць назву “Бібліятэка-музей Язэпа Мароза”. Калі яе займела, бібліятэкар сама дакладна сказаць не можа. Напэўна, пад час рэструктурызацыі вёскі Баброва ў аграгарадок.
Сама ж гаспадыня бібліятэкі тут чатыры гады. Жыве ў Матырыне, дзе дагэтуль працавала… поварам у школе. Так, у Таццяны Рыгораўны два дыпломы. А што! Бібліятэкару быць і добрым кулінарам не зашкодзіць. Розныя святочныя мерапрыемствы з “салодкімі” сталамі, вясковыя пасядзелкі — тут кулінарнае мастацтва як нельга дарэчы. І тое, што Таццяна ўмее прыгатаваць і казахскія манты (муж з Казахстана), і беларускія клёцкі, а яшчэ і смачную паветраную шарлотку, толькі робіць ёй гонар.
На працу дабіраецца, як давядзецца. Летам усе дзесяць кіламетраў адольвае на веласіпедзе, і нават падабаецца. Зімою іншая справа. Часам падвозіць муж, а дзе і пешшу даводзіцца ісці. Праца ёсць праца. У Баброве вучацца і абодва яе сыны. Саша ўжо ў дзявятым, хутка паўстане перад выбарам, куды далей падацца. Максімка-выдатнік пакуль у чацвёртым.
Дзеці з Баброўскай школы, можа, найчасцейшыя госці ў мясцовай бібліятэцы і самыя надзейныя яе чытачы. Гэта для іх тыя прыгожыя кніжачкі, на жаль, пераважна на рускай мове. Вось нядаўна, напрыклад, шасцікласнікі прыбягалі паўдзельнічаць у конкурсе па апавяданнях расійскага пісьменніка Носава з кніжкі “Жывы капялюш”. Ручаёк паміж школай і бібліятэкай ніколі не перасыхае і не мялее. Заўсёды то яна, Таццяна Рыгораўна, у школе, то дзеці ў яе. Наляпілі вунь розных вырабаў — а цікавыя, а прыгожыя! Прыбягаюць нават адвячоркам пагуляць на камп’ютары, хоць гэта паслуга і платная. Ды не ў кожнага яшчэ дома камп’ютар. Зразумела, з секундамерам бібліятэкарка над каркам не стаіць, сваіх шчырых юных сяброў рэгламентам не абцяжарвае.
muzej-bobrovoПрыходзяць школьнікі і ў музей. Музей Язэпа Мароза, славутага нашага земляка, селекцыянера, рупліўца і, можна сказаць, ахвяры сталінскіх рэпрэсій — стрыжань работы бібліятэкі, яе “слуп”, яе гонар і годнасць.
Расказваюць, што музей пачынаўся… у школе. І ўсе гэтыя антыкварныя ступы, прасніцы, вышыванкі, ложак драўляны зносілі дзеці і іх бацькі. Аднак месца ў школе не хапіла, экспанаты вырашылі перадаць сельскай бібліятэцы. А затым ужо дабавілася і “марозаўская тэматыка”.
Распавядаць пра саму сям’ю Язэпа Кандратавіча Мароза ў гэтых нататках я не маю намеру. Хаця прызнаюся шчыра: прачытаўшы з вялікім задавальненнем брашурку «Дивный мир кудесника-селекционера Язепа Мороза» (зноў жа, чамусьці не на роднай мове пішам пра землякоў), якую прапанавала мне бібліятэкар, пачэрпнуў шмат цікавага. Яшчэ адзін тыповы вобраз таленавітага чалавека вялікага розуму і незвычайных здольнасцяў і працалюбства, якога расчалавечыла сталіншчына. Трагедыя беларускай сям’і, якая стала ахвярай стукачоў і гультаёў.
Падумаў, што варта б такія брашуры растыражыраваць, каб меліся ў кожнай навучальнай установе хаця б нашага раёна. А то быццам бы і чулі ў школах, што ёсць у раёне музей такой вось найцікавейшай асобы, а нічога пра яго не ведаюць. І з экскурсіямі сюды мала хто спяшаецца. Зразумела, праблемы транспартныя, фінансавыя, і ўсё ж бліжэй, чым да тых жа Полацка ці Ушачаў. А даведацца можна не меней.
Тым часам за чатыры апошнія гады, пакуль бібліятэкарам працуе Таццяна Пшанко, музей наведалі фактычна лічаныя людзі. Яны ж і пакінулі нататкі ў кнізе водгукаў. Прыязджала з Бароўкі паэтэса Алена Матузава. Прыходзіў на экскурсію Барыс Ахрэменка з унукам Сашам. Жывуць яны ў Мурманску, а ў Баброве маюць дачу. Быў жыхар вёскі Фатынь Віктар Цялюк. Ды вось бадай і ўсе наведнікі. Калі б не мясцовая школа ды не бібліятэчныя семінары для сваіх работнікаў — пуставаць бы музею.
Між тым, ведаю, у іншых школах знаходзяць магчымасць адправіць дзяцей па Пушкінскіх мясцінах і па “залатым кальцы” Расіі. А вось да Баброва ці Фатыні — далёка. Язэп Мароз рабіў клумбы-гадзіннікі, на якіх кветкі распускаліся строга па вызначаным часе. Ён вынайшаў сарты белакачаннай капусты, салодкай “антонаўкі”, рэмадантных суніц, якія спелі з ранняй вясны да позняй восені, завёз на Лепельшчыну французскіх сухапутных слімакоў, трымаў у хатняй бібліятэцы паўтары тысячы кніг, пабудаваў метэаралагічную станцыю, медагонку. У яго на сядзібе навучаліся лозапляценню, ткалі, пралі, шылі, вязалі, рабілі ганчарныя вырабы. У дэндрарыі раслі фінікавыя пальмы, лаўр, італьянскі топаль, срэбрана-белая ветла, піхта, кедр. Гэта інфармацыя-роздум для тых, хто лічыць, што цуды бываюць толькі за морам.
На жаль, у Фатыні мала што нагадвае пра спадчыну дзівоснага селекцыянера, усё панішчылі разбуральная эпоха і час. Хіба што адзін з сямі кедраў захаваўся. Неверагодна, але ён дагэтуль пладаносіць. Цікава было б і адшукаць магілу Язэпавага сына Аляксандра, які пахаваны на мясцовых могілках. Вось вам і матэрыял для даследаванняў.
Не шукайце цудаў за морам. Яны ў вашай хаце пад лаўкаю, трэба толькі ўбачыць. А хто шукае, той знаходзіць.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: у музеі Язэпа Мароза ў Баброве.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.