Как двигаться велосипедисту?

velosipedНа адрас рэдакцыі патэлефанаваў Сяргей Міснік, жыхар горада Лепеля, і паведаміў сваю праблему:
— Я веласіпедыст са стажам. Заўсёды лічыў, што езджу згодна з правіламі дарожнага руху — па краі праезнай часткі. Нядаўна мяне спынілі супрацоўнікі АДАІ і зрабілі заўвагу. Аказваецца, калі ў нашым населеным пункце няма веласіпеднай дарожкі, я павінен ехаць па тратуары або пешаходнай дарожцы. Дапамажыце, калі ласка, разабрацца. Думаю, у іншых веласіпедыстаў такое ж пытанне ўзнікла.
Звярнуліся да начальніка АДАІ Лепельскага РАУС падпалкоўніка міліцыі Аляксандра Трусава, які даў адказ:
— Рух на веласіпедзе павінен ажыццяўляцца па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па ўзбочыне, тратуары або пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкод і небяспекі для прахожых. Пры адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх дапускаецца рух веласіпедыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін шэраг не далей за адзін метр ад яе правага краю.
— А што рабіць, калі перад табой ідуць пешаходы?
— Веласіпедыст павінен сысці з транспартнага сродку і ўступіць дарогу пешаходу.
Хочацца таксама нагадаць, што пры перасячэнні праезнай часткі дарогі па пешаходным пераходзе веласіпедыст павінен спешыцца і весці веласіпед побач з сабой, кіруючыся патрабаваннямі, прадугледжанымі правіламі для руху пешаходаў.
І, канечне, каб менш было розных непрыемнасцяў на дарогах, удзельнікі дарожнага руху павінны быць уважлівымі і ўзаемаветлівымі.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.