Как живет лепельская глубинка? Курс на Горский сельсовет

Чарговы аб’езд ажыццявіла група ў складзе старшыні Горскага сельвыканкама Васіля Бадзяя, спецыяліста аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ганны Бяльковіч і аўтара гэтых радкоў.

Галоўную мэту мерапрыемства сфармуляваў Васіль Аляксандравіч:

— Вёскі знаходзяцца на ўскрайку раёна, малалюдныя. Як правіла, тут няшмат працаздольных жыхароў, якія падчас нашага прыезду хутчэй за ўсё працавалі. Таму ў асноўным мы гутарылі з пенсіянерамі. Вядома, для пажылых людзей вельмі важна, каб іх проста наведалі, выслухалі або пагутарылі з імі. Удзельнікі рэйдавай групы даведаліся аб праблемах вяс­коўцаў і ўзялі іх на кантроль.

Першай у маршруце стала вёска Будзішча. На імправізаваным сходзе сабраліся пенсіянеркі Тамара Агафонава, Леаніда Шпалецкая, шматдзетная маці Іна Цыбуліч, падышлі і госці з Расійскай Федэрацыі Сяргей Шпалецкі з сястрой Інай Смолавай. Месцам для сходу выбралі лавачку. Дарэчы, іх было ўстаноўлена ў вёсцы за кошт сродкаў сельвыканкама 2. Васіль Бадзяй расказвае:

— Законам прадугледжана магчымасць добраахвотных узносаў жыхароў вёсак у бюджэт сельвыканкама, так званае самаабкладанне. Грашовыя сродкі могуць быць выкарыстаны выключна для добраўпарадкавання тэрыторый населеных пунктаў. У нас зявілася пэўная сума, каля тысячы рублёў. На гэтыя грошы ў дзяржаўнай лесагаспадарчай установе «Лепельскі лясгас» набыты піламатэрыялы, у будаўнічай краме — фарба і цвікі. Наш рабочы зрабіў лавачкі, а потым устанавіў у вёсках. Як правіла, тут спыняюцца аўтакрамы.

Жыхары Будзішча ў гутарцы звярнулі ўвагу на кусты, якімі парасла вуліца вёскі, прасілі паспрыяць у тым, каб вуліцу крыху пашырылі. Тамара Карпаўна звярнулася з гэтай праблемай:

— Калісьці вуліца была шырокая, разязджаліся 2 трактары з прычэпамі, грузавікі, а цяпер яна зарастае, становіцца вузкай. Магчыма, можна будзе пашырыць яе? Зараз па ёй толькі адна машына праехаць можа.

Удзельнікі рэйдавай групы пацікавіліся ў вяскоўцаў, ці своечасова дастаўляецца пош­та, ці прыязджае аўталаўка, а таксама ці дастатковы асартымент тавараў у ёй. Вяскоўцы запэўнілі, што асартымент дастатковы, але ўзнікаюць перабоі з дастаўкай пошты і пэўных тавараў. Іна Цыбуліч расказала:

— Летам аўтакрама прыяз­джае рэгулярна, а вось снежнай зімой узнікаюць цяжкасці. Па-першае, трэба чакаць, пакуль работнікі дарожнай службы расчысцяць вуліцу, па-другое, часам яны не расчышчаюць участак у канцы вуліцы, дзе машыны толькі і могуць развярнуцца. У вёску аўтакрама заедзе, а потым з-за таго, што немагчыма развярнуцца, трэба ехаць заднім ходам сотні метраў.

Сяргей Шпалецкі і Іна Смолава нарадзіліся і выраслі ў Бу­дзішчы, а зараз жывуць у Расіі. На лета прыехалі на бацькаўшчыну, для таго, каб наведаць і дагледзець бацькоўскую хату.

Вёска Новазаслонава калісьці была дачным пасёлкам каля вайсковага гарадка, таму тут захаваліся пэўныя асаблівасці: невялікія, па 6 сотак, участкі, блакіраваныя, на 4 кватэры домікі з чырвонай цэглы, планіроўка ў шахматным парадку, вузкія вуліцы… Як правіла, жыхары тут ёсць толькі летам, на зіму ж яны пераязджаюць у кватэры ў Заслонаве. На сустрэчу выйшлі пенсіянеры Іван Трусялёў і Яўгенія Кіцар. Іван Міхайлавіч перад выхадам на заслужаны адпачынак працаваў слесарам-сантэхнікам у кватэрна-эксплуатацыйнай частцы вайсковай часці ў Заслонаве. Яўгенія Мікалаеўна працавала ў «Ваенгандлі».

Людзі ў асноўным задаволены ўмовамі жыцця, пошта дастаўляецца своечасова, прадукты можна набыць у аўталаўцы.

— Шкада, што ў аўтакраме прадаецца малочная прадукцыя з кароткімі тэрмінамі захоўвання, — заўважыла Яўгенія Мікалаеўна.

— Магу патлумачыць, што ў філіяле «Лепельскі МКК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» выпускаецца прадукцыя без кансервантаў, цалкам натуральная, таму тэрміны захоўвання кароткія, — адказвае Васіль Бадзяй.

У астатнім новазаслонаўцы гандлёвым забеспячэннем задаволеныя, пры патрэбе пад заказ прывозяцца ўсе неабходныя тавары.

Яўгенія Мікалаеўна ўзняла таксама пытанне добраўпарадкавання могілак ля вёскі Гарадчэвічы, дзе пахаваны яе бацькі.

— На абпілоўванне дрэваў на бягучы год бюджэтам прадугледжана выдзяленне 3 тысяч рублёў. Іх плануем асво­­­іць на работах на Заслонаўскіх могілках. Калі фінансаванне на наступны год будзе прадугледжана хаця б у аналагічных абёмах, пастараемся даехаць і да Гарадчэвічаў.

На ўчастках вяскоўцаў гародніна ўрадзіла, хоць для гэтага трэба было шмат паліваць пясчаную глебу.

— Незнаёмыя людзі, камерсанты, махляры, жулікі, хуліганы не наведваюцца? — пытаецца Васіль Аляксандравіч.

— Чужыя тут не ходзяць, — словамі з савецкага фільма адказваюць новазаслонаўцы.

Яшчэ суразмоўцы вельмі задаволены работай доктара Заслонаўскай урачэбнай амбулаторыі Антона Івашкевіча.

У Караевічах сустрэча праходзіла на цэнтральнай ся­дзібе аднайменнай сельскагаспадарчай арганізацыі, дзе сабраліся больш за 10 чалавек. Вяскоўцы ўзнялі некалькі важных праблем, сярод якіх першая — чыстка студняў. Калодзежы трэба перыядычна прачышчаць, каб вада не застойвалася і захоўвала пажыўныя якасці.

Другая праблема — дрэнны стан дарогі на вёску Заслонава. Нават цяпер, у сухое лета не кожны легкавы аўтамабіль можа праехаць некаторыя яе праблемныя ўчасткі. А вясной і восенню, у дажджлівае надворе там здараліся выпадкі, калі гразлі трактары.

Яшчэ адзін праблемны момант — невялікі асартымент аўтакрамы. Справа ў тым, што Караевічы — апошні пункт у маршруце аўтакрамы. Вяскоўцы наракалі, што пакуль машына даедзе, у большасці тавар раскупляецца. Васіль Бадзяй абяцаў паведаміць пра гэту праблему кіраўніцтву Лепельскага філіяла аблспажыўтаварыства.

Працаўнікі «Караевічаў» расказалі, што на іх палях жніво блізіцца да завяршэння, а затым камбайн будзе накіраваны на абмалот вясковых агародаў.

Усе ўзнятыя вяскоўцамі пытанні і праблемы ўзяты на кантроль і будуць разгледжаны на адным з бліжэйшых пасяджэнняў райвыканкама.

Васіль МАТЫРКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.