Какое там настроение, если в желудке пусто! Голод – не тетка

Які там настрой, калі ў страўніку пуста! Голад – не цётка. Так за горла схопіць, так страсяне ўсю істоту — дзясятаму закажаш. Бывае такое. Тады чалавек шыбуе да ўласнага халадзільніка, пачынае грымець накрыўкамі ўласных каструль. А калі дома стравы не багата, а хочацца нечага смачненькага? Такога, каб пальцы хацелася аблізаць? Тады адзіны шлях — у краму. Маршрут для законапаслухмянага грамадзяніна.
Наш “герой” да такіх сябе не прылічваў, напэўна. Ды і не напэўна, а хутчэй за ўсё. У роднай сваёй вёсачцы Дзмітрый Грымзюк 1959 года нараджэння (прозвішча зменена) слядзіць не стаў. Ці пабаяўся пагалоскі, ці не было там хат з прысмакамі. Пацягнула чалавека у Ладзеена. І нейкі нюх, мусіць, меўся ў мужчыны. Надыбаў улюбёную хату. І пачаў нескладаныя маніпуляцыі здзяйсняць. Не, не з металічным замком на дзвярах.  Навошта! Валтузні с жалезным вартаўніком зашмат.
На судовым пасяджэнні абвінавачваемы падрабязна распавядаў:

k-mat-pa-slyadax-galodnaga-gurmana

— Абышоў той дом з тыльнага боку. Надзеў на рукі будаўнічыя пальчаткі. Выставіў шкло з першай рамы: яно было замацавана штапікам. Шкло падвойнай рамы выбіў локцем…
Імпэтна залез у памяшканне. Есці, па сцвярджэнні абвінавачваемага, дужа хацелася. Пацягаўся па пакоях у пошуках ежы. Нарэшце ўдача ўсміхнулася злодзею: убачыў халадзільнік. Адчыніў дзверцы — і сэрца соладка ёкнула. Гэтулькі смакаты! Хцівы погляд прыкмеціў добры шматок сальца, вэнджанага мясца, батон каўбасы… Цягуткія слінкі напоўнілі рот. На падаконніку ўгледзеў пустую шкляную банку з-пад кавы, наліў у ёмістасць сланечнікавага алею… Пазней падлічылі, што нарабаваў Дзмітрый багата: на цяперашнія грошы  55 рублёў 28 капеек пацягнула “прыхватызаванае” чужое дабро.
Браў не толькі прадукты харчавання, з адзення тое-сёе прыхапіў.
Паклыпаў злодзей дадому. У страўніку голасна бурліла, жывот раз-пораз “паенчваў”. Па шляху прыкончыў цалюткі батон каўбасы. Палагаднела нібы на сэрцы. А наперадзе прадуктовы пір чакаў!
Не сказаць, каб у Дзмітрыя дома наогул скразняк гуляў, нічога пакласці на язык не было. Бульбачка была! А вэнджанае мясцо так казытала нос. Душа прасіла балю. Пасмажыў бульбачкі на вэнджаніне і ўкрадзеным алеі. Такі цудоўны пах па хаце заструменіў. Рэстаран дый годзе! Ды не, рэстаран не параўнанне. Там повар можа нешта недакласці, смак не той. А тут уласнымі рукамі страву гатуеш. Для сябе роднага дабра не пашкадуеш. Усё лепшае на патэльню трапіла. Чужы кавалак колам у роце не стаў. Пракаўтнуў злодзей смакату ды ўсцешна паляпаў сябе па пузе.
Баляваў Дзмітрый не доўга. Спынілі ўдалую вандроўку міліцыянеры. З імі спрачацца было не з рукі.  Добраахвотна здаў вынесенае з чужога жытла адзенне і рэштку прадуктаў — тыя, вядома, якія не паспелі трапіць у страўнік мужчыны.
І суседка Дзмітрыя “засвяцілася”.
— Не вінаватая я, — даводзіла сведка, — зайшоў неяк сусед, цвярозым быў, і папрасіў пакласці ў халадзільнік кавалак салёнага сала. Думаю, можа хто за работу якую разлічыўся з ім. Не прападаць жа дабру, уважыла просьбу суседа. Акурат на наступны дзень ён забраў сала…
Доўга раскашавацца “гурману” не ўдалося. Можа, спадзяваўся на больш спрыяльны зыход, ды памыліўся дужа ў сваіх разліках. Шыла ў мяху не схаваеш. Супрацоўнікі міліцыі па гарачых слядах адшукалі галоднага злодзея. Смачна падсілкаваўся, ды мулка будзе спаць за кратамі. Фінал заканамерны.
Суд улічыў, што Дзмітрый Грымзюк здзейсніў злачынства пад час не адбытага пакарання і прыгаварыў яго да пазбаўлення волі на паўтара года ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Мікалай КАЗЛОЎСКІ, суддзя суда раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.