Какой помнит войну лепельчанка Анна Симако


З Ганнай Ігнатаўнай мы спаткаліся выпадкова ў летні дзень, разгаварыліся. Здавалася, што гэтую мудрую жанчыну ведаю шмат гадоў. Восенню жанчыне споўніцца 88 гадоў, аднак яна яшчэ такая жвавенькая, гаваркая, што не магла пра яе не напісаць.

— Вы, напэўна, працавалі настаўніцай, — цікаўлюся.

— Не, дзетка, больш у полі даводзілася рупіцца: жыта жалі, цапамі малацілі зерне, лён церабілі і шмат чаго іншага рабілі. Але ў маёй сям’і дзеці і ўнукі атрымалі добрую адукацыю, чатыры чырвоныя дыпломы, чым вельмі ганаруся, — у дачкі Вольгі, зяця Аляксандра, унучкі Ганначкі і ўнука Мікалая.

У сям’і тры педагогі — дачка, зяць і ўнучка, якія вельмі любяць сваю працу і выхоўваюць маладое пакаленне нашай радзімы. А вось унук Мікалай пайшоў па іншай сцяжынцы, атрымаў спецыяльнасць інжынера-энергетыка.

Па яе працавітых руках адразу заўважыла, што спачываць яны не любяць, заўсёды сабе знойдуць справу.

— Скончыла я толькі чатыры класы пасля вайны ў зямлянцы, але была вельмі старанная. За гэтыя гады добра навучылася чытаць, усё мне было цікава. Настаўніца хваліла, што ўсё на памяць вучыла, — кажа мая суразмоўца.

Шмат гадоў Ганна Ігнатаўна адпрацавала ў калгасе “Радзіма” ў брыгадзе, дзе яе заўсёды называлі стаханаўкай. І не за прыгожыя вочы, а што выжынала 40 сотак. Доўгі час рупіліся вяскоўцы за працадні, а калі не выраблялі норму, маглі забраць зямлю.

З 14 гадоў пайшла на працу. З вясны па восень — у полі, а зімой жанчыны па хатах мялі, трапалі лён, пралі, гэтай справе навучылася хутка і мая суразмоўца.

— Памятаю, як з Докшыцаў тата прывёў цялушачку і пралку на плячах прынёс. А яшчэ як намочвалі ў рацэ гатовае палатно і рассцілалі яго на сонцы. Як высыхала — зноў намочвалі. І так шмат разоў. Ад сонца і вады лён станавіўся святлейшы. Потым уручную шылі адзенне. А яно такое нязручнае было ў параўнанні з цяперашнімі спадніцамі ды сукенкамі, — успамінае жанчына.

У 1974 годзе сям’я Куйчыкаў, дзявочае прозвішча Ганны Ігнатаўны, пераехала ў Лепель. На пенсію Ганна Ігнатаўна пайшла з дзіцячага санаторыя, дзе працавала сястрой-гаспадыняй.

Тая далёкая вайна…

Закранулі мы і гэтую тэму, бо мая суразмоўца яшчэ з тых сведкаў, якія памятаюць не па чутках ваеннае ліхалецце. І хоць была зусім маленькая, восьмы год мела на пачатак вайны, дзіцячая памяць учэпістая, не выкідвае страшныя карціны таго часу.

Родам жанчына з вёскі Стайск, якая хаваецца ў запаведных лясах. Там жа і прайшло ранняе дзяцінства, а ў 41-м пачула разам з бацькамі і аднавяскоўцамі навіну пра наступленне нямецкіх войскаў на наш край.

На той момант яшчэ не разумела, што значыць вайна, аднак хутка адчула, што гэтае слова мае вельмі страшны сэнс.

Памятае, як бацькі кармілі салдацікаў, што адступалі праз лес. Пазней запаведную мясцовасць аблюбавалі і партызаны.

— Так ужо пакапалі зямлянкамі ўсё каля нашай вёскі. Яно і зразумела, глухія лясы давалі магчымасць укрыцца ад немцаў. Мама мая ўначы пякла хлеб для партызанаў. У нашым населеным пункце многія жыхары дапамагалі ім.

Шмат пабачыла смерцяў і людскога гора мая суразмоўца. Так, назаўсёды застаўся ў памяці момант, як немец ударыў маці галавой аб сцяну і спытаў: “Ці былі тут партызаны?”.

А яшчэ доўгі час Ганна Ігнатаўна не разумела, што ёй зашыў у адзежу на плячы партызан. А потым у Окане другі распароў і забраў запіску. Магчыма, на паперы была нейкая важная інфармацыя.

Памятае, як бацькі адвозілі іх, дзяцей, у лес падчас страляніны ці навіны, што будуць паліць вёску. Як толькі сціхала ўсё, вярталі на кані дадому.

Страшны лёс напаткаў у гады вайны родную вёску Стайск. Усе 32 хаты былі спалены немцамі. Доўгі час жыхары населенага пункта жылі ў зямлянках летам і зімой. Тыф, малярыя, вошы — давялося і гэта перажыць маёй суразмоўцы. Елі тое, што давала прырода: шчаўе, лісце, ягады, грыбы…

Пазней Ганна Ігнатаўна разам з іншымі землякамі апынулася ў будынку ваеннага шпіталя, што каля райбальніцы ў Лепелі. На абед дзяцей частавалі супам з ачысткаў ад бульбы і крыху гароху. Ад такой ежы дзеці пухлі і паміралі.

***

Шмат гора было наканавана лёсам перажыць жанчыне і ў мірны час. Адно дзіцё нарадзілася з парокам сэрца і ў тры гады памерла, яшчэ адно памерла пры родах.

З часам прытупіўся мацярынскі боль, але назаўжды не страціўся. Дзякуючы дзецям (зяця жанчына таксама лічыць сваім дзіцём) і ўнукам мая суразмоўца лічыць сябе шчаслівай маці і бабуляй і ніколі не наракае на лёс.

А які прыгожы голас у Ганны Ігнатаўны, аж заварожвае чысцінёй і мяккасцю. Уразіла і тое, што памятае жанчына песні — зажыначныя, дажыначныя, валачобніцкія і іншыя.

Прадэманстравала і мне свае таленты. Вось да каго трэба прыводзіць 7-8 класнікаў падчас вывучэння народных традыцый, абрадаў, святаў па беларускай літаратуры.

Ганна Ігнатаўна пражыла шчаслівыя гады са сваім мужам Канстанцінам, які шэсць гадоў таму пайшоў з жыцця. Горка, аднак жанчына атрымлівае падтрымку ад дзяцей і ўнукаў, якія для яе самая вялікая каштоўнасць і радасць у жыцці.

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.