Калі бачыш багаты абедзенны стол, шчыльна застаўлены смачнымі народнымі стравамі, пачынаеш разумець крылатае выслоўе: “Якое ўсё ж жыццё выдатнае, як жыць прыемна!”

592 Калі бачыш багаты абедзенны стол, шчыльна застаўлены смачнымі народнымі стравамі, а таксама руплівых вяскоўцаў побач з ім, якія сваімі ўмелымі рукамі зрабілі гэты сапраўдны кулінарны цуд, пачынаеш разумець крылатае выслоўе: “Якое ўсё ж жыццё выдатнае, як жыць прыемна!” А калі гэтыя людзі, акрамя таго, здольныя яшчэ і ненадакучліва ўцягнуць сваіх гасцей у цікавыя, займальныя народныя гульні, праспяваць ім бадзёрыя, мілагучныя беларускія народныя песні, прыходзіш у шчырае захапленне.

— Аматарскае аб’яднанне “Стайскія прысмакі” ўзнікла ў 2005 годзе, а 31 снежня 2013 года яму было прысвоена званне народнага клуба традыцыйнай народнай кухні, гульні і фальклору, — паведаміла кіраўнік народнага клуба Алена Пацэла. — Удзельнікамі гэтай вясковай творчай суполкі з’яўляюцца жыхары аграгарадка Стаі. У склад народнага клуба ўваходзяць 15 чалавек рознага ўзросту.

— Якія народныя святы найбольш цікавяць “Стайскія прысмакі”?

— Перш за ўсё Каляды і Масленіца. Прынамсі, летась у студзені з гэтай нагоды ў Стайскай сельскай бібліятэцы намі былі праведзены займальныя калядныя вячоркі “Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі”, а 22 лютага ў мясцовым сельскім Доме культуры адбылася святочна-гульнёвая праграма “Масленіца запрашае”, якая, канечне, не абышлася і без вельмі шчодрага на харчовыя прысмакі абедзеннага стала.

— Што яшчэ запомнілася?

— Правядзенне майстар-класа “Клёцкі з душамі” актыўнай удзельніцай нашага клуба Зінаідай Кулеш у яе жылым доме сядзібнага тыпу. Вопытная вясковая гаспадыня дзялілася сваімі сакрэтамі прыгатавання смачнай і вельмі папулярнай народнай стравы. Дапамагаў Зінаідзе Ільінічне гатаваць карэспандэнт рэспубліканскай газеты “Беларусь сегодня” Дзмітрый Умпіровіч. Свае ўражанні ад гэтага харчовага цудадзейства ён падрабязна апісаў у артыкуле “За вушы не адцягнеш”, змешчаным у перыядычным выданні за сёмага мая 2015 года.

На Вялікдзень выконвалі абрад “Хрыстос уваскрос” у Стайскім сельскім Доме культуры.

— Ці запрашаліся на раённыя святы?

— Не абышліся без нас пад час святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Лепелі, Дня горада, правя­дзення міжнароднага фестывалю міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока” ў цэнтральным гарадскім парку. Дарэчы, на Дзень горада падрыхтаваны намі Стайскі падворак быў прызнаны лепшым, заняў першае месца.

— Ці наведвалі “Стайскія прысмакі” Віцебск?

— Дзявятага верасня мінулага года адзначыліся з самага лепшага боку на абласной выставе-кірмашы “Віцебшчына за здаровы лад жыцця”, арганізаванай для жыхароў абласнога цэнтра. Па выніках яе правядзення мы былі заахвочаны Дыпломам.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

На здымку: удзельнікі народнага клуба традыцыйнай народнай кухні, гульні і фальклору “Стайскія прысмакі” дэманструюць прыгатаваныя імі стравы.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.