Калі расцвітуць цюльпаны

OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ культурную прастору Наталля Куртава вярталася двойчы. Даўно, яшчэ ў васьмідзясятым, трапіла яна ў Горскі клуб пасля заканчэння Віцебскага культ­прасветвучылішча. Жыхарцы горада, ды і ўвогуле чалавеку нетутэйшаму (сама яна родам з паўночнага рэгіёна Расіі, а дакладней — з Комі АССР), у беларускай вёсачцы неяк не надта дыскамфортна пачувалася. Яна хутка прывыкла да Горак, упадабала тутэйшых людзей, і неўзабаве ўвогуле сваёю тут стала. Тым болей, што і хлопца знайшла з мясцовых, і хату тут займелі.
У клубе ў той час працаваць было адно задавальненне. Дзесяцігоддзе прабегла як адзін дзень. Была тут моцная мастацкая самадзейнасць. Каля трыццаці чалавек спявалі ў адной толькі вакальнай групе. Дзве Алы, Міхно і Кузьмініч, Ларыса Віткоўская, Таццяна Яршова, Вера Марковіч. Людзі розных характараў, прафесій. Яны былі захоплены адзіным памкненнем — спяваць, паяднаны адзінай любоўю — да песні, народнай, эстраднай — усялякай.
А потым так склалася жыццё, што ёй давялося сысці з культурнай прасторы ў адукацыйную. Увогуле ж, сферы не настолькі розныя. Нічога ламаць у сабе не прыйшлося. Проста ўспомніла сваю другую адукацыю — музычную. Запрасілі на працу настаўніцай музыкі, і наступныя два дзесяцігоддзі правяла ў краіне дзяцінства. Аднак і з культурай у гэты час не парывала. На падпрацоўку хадзіла ў клуб, дзе была акампаніятарам, грала на акардыёне.
Аднак усё вяртаецца на кругі свае. Школа стала малакамплектнай, ставак паменела, нагрузкі зменшыліся. А тут акурат у клубе з’явілася вакансія, і Наталля Васільеўна вырашыла вярнуцца на пасаду загадчыцы Горскага СДК.
Кажуць, двойчы ў адну раку не ўступіш. Так і ёсць. І яна ўступі­ла ўжо ў зусім іншую раку, якая хоць і цячэ ў ранейшым рэчышчы, ды істотна адрозніваецца ад ракі яе маладосці.
У клубным актыве — новыя маладыя сілы. Гэта зусім іншыя людзі, добрая палова з якіх, дарэчы, настаўнікі мясцовай школы. А ў вачах — усё тая ж бадзёрая іскрынка і ўсё тая ж ахвота спяваць. Галіна Галавіна, Наталля Петух, Людміла Зяленіна, Алена Гурко — заўзятары-энтузіясты, на якіх трымаецца культурны асяродак у Горках. Гэта з дарослых. А сярод іх ёсць і школьніца. Віка Зяленіна вучыцца ў ­адзінаццатым класе Заслонаўскай школы і нароўні з дарослымі выступае на сцэне. Працуе ў ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” Валянціна Карабань, але праца ў гора­дзе не замінае ёй выходзіць на сельскую сцэну, і часу хапае. Дарэчы, заслугу стварэння шэрага клубных калектываў загадчыца прыпісвае менавіта Валян­ціне. Кажа, маўляў, што б яны рабілі без цеснага кола мясцовых здольных энтузіястаў. Бо штатных работнікаў усяго двое — сама яна і Таццяна Кантур.
Акрамя вакальнай групы з васьмі чалавек, пры клубе працуюць драмгурток, дзіцячы гурток сольных спеваў. Супрацоўнічаюць з музычнай школай. Дарэчы, у Горках на базе агульнаадукацыйнай школы займаецца клас баяністаў з музычнай, які наведваюць шаснаццаць вучняў, а гэта амаль палова ўсіх дзяцей са школы. Зразумела, баяністы — частыя госці і на клубнай сцэне.
Шаснаццаць чалавек з аграгарадка завіталі ў Заслонава на “Масленіцу”, дзе здорава павесялілі народ. Кожнае лета мясцовая культурная брыгада бярэ ўдзел у святах вёсак. У Слабадзе былі, у Міхалове. Часта культработнікі праводзяць сумесныя са школай мерапрыемствы, вось і да жаночага свята рыхтаваліся разам. На сцэне зладзілі паказ мод “Мода маёй маці”, тэатралізаваную пастаноўку, танцавалі, спявалі.
І не толькі ў гурткі ды калектывы прыходзяць дзеці займацца ў мясцовы клуб. Старэйшыя хлопцы — браты Валодзя і Саша Лыгіны, якія вучацца ў ліцэі, васьмі­класнік Дзіма Семянько, сямікласнік Косця Літвінюк, — а ля іх і малодшыя Ягор Кулікоў, Ваня Петух вырашылі заняцца незвычайнымі танцамі. Так фактычна стварыўся незарэгістраваны гурток танцораў брэйку. Наталля Васільеўна не разлічвала, што хлопцы будуць хадзіць на брэйк рэгулярна, таму гурток не рэгістравала, але тыя аказалі­ся зацятымі.
Любімая праца засланіла Наталлі Васільеўне асабісты далягляд. Ды і што ёй дома рабіць, калі адна засталася. З мужам, на жаль, рассталіся, дачка дарослая ўжо, у горадзе жыве, сваю сям’ю мае. Ды і сама яна на дзве хаты разрываецца — адна ў горадзе, другая ў вёсцы. Перацягвае Наталлю вёска, дзе цюльпаны любімыя і ружы выхваляюцца хараством у кветніку, дзе прабіваюцца штовесну блакітныя, як пралескі, прымулы. Калі расцвітаюць цюльпаны, расцвітае і душа!
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Наталля Ва­сільеўна Куртава.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.