Каменный век на Лепельщине

Пачатак засялення тэрыторыя Беларусі адносіцца да часу старажытнага каменнага веку (палеаліта – 25 тысяч гадоў таму). Самая старажытная стаянка чалавека каменнага веку знаходзіцца на Прыпяці каля вёскі Юравічы (Калінкавіцкі раён – 26 тысяч гадоў таму), яшчэ адна старажытная стаянка знаходіцца каля вёскі Бердыж (Чачэрскі раён, 23 тысячы гадоў таму).

Каменны век назвалі так, бо ў тыя далёкія часы людзі яшчэ не ведалі металу. Асноўным матэрыялам з якога выраблялі прылады працы, зброю, быў камень, таксама выкарыстоўвалі яшчэ і дрэва для розных вырабаў.

Старажытны чалавек карыстаўся каменнымі сякерамі, крэмнем і дрэвам для сваіх уласных патрэб. Крэменю на тэрыторыі Лепельшчыны не было, ён быў прывазны (трапляў на тэрыторыю Лепельшчыны з сучаснага пасёлака Краснасельскі, Ваўкавыскага раёна Гродзенскай воблаці). Асноўныя заняткі плямёнаў у той час былі збіральніцтва, рыбалоўства, паляванне.

Помнікаў эпохі палеаліта на тэрыторыі Лепельшчыны невядома.

Першыя пасяленні на тэрыторыі Лепельшчыны з’явіліся ў эпоху мезаліту 10-5 тыс. г. да нашай эры. Мезаліт (грэч. mesоs – сярэдні + lithos – камень ), сярэдні каменны век, эпоха паміж палеалітам і неалітам. На тэрыторыі Беларусі ахоплівае 25 тысяч гадоў да нашай эры. У гэты час адбывалася засяленне берагоў буйных рэк і азёр у адноўленай пасля ледавіковай эпохі лясной зоне. Напярэдадні мезаліта з’явіліся лук і стрэлы. Гэта час паляўнічых на вялікага звера. Асноўныя заняткі насельніцтва – паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства, прыручанне сабакі.

Стаянкі былі невялікія і пераважна кароткачасовыя, жытлы наземныя і паўзямлянкавыя, у большасці авальныя. У канцы былі заселены ўсе рачныя басейны.

Мезалітычныя культуры адрозніваліся адна ад другой характарам вытворчасці крамянёвых прылад працы – мікралітычнай або макралітычнай, асноўнымі тыпамі пласцінчатых наканечнікау стрэл, вострых трапецый.

На тэрыторыі Лепельшчыны вядомы помнікі грэнскай культуры эпохі мезаліта.

Грэнская культура: вызначальны тып – несіметрычныя наканечнікі стрэл, зробленыя з крамянёвых пласцін або адшчэпаў. Побач выкарыстоўваліся і іншыя наканечнікі стрэл, рознатыпавыя разцы, канцавыя скрабкі – усе даволі кароткія памерам, грубаабітыя сякеры.

Стаянкі невялікія ў дліну 50-100 м., некалькі круглых або авальных жытлаў па 2-4 м. у папярэдніку, якія паглыбляліся ў глыб на 0,4-0,6 метраў.

На Лепельшчыне вядома 2 мезалітычныя стаянкі. Мезалітычная стаянка каля г. Лепеля, знаходзіцца на заходнім беразе возера Лепельскае, на правым беразе ручая, што злучае азёры Святое і Лепельскае. Помнікі эпохі мезаліта на Лепельшчыне абследавалі ў  1960-1967 гг. Ісаенка В.Ф. і ў 1964-1967 гг. Ціханенка І.М., у 1981, 1989-1991 г.  У.П. Ксяндзоў. Культурны пласт разбураны ў выніку гаспадарчых работ. У агаленнях знойдзены постсвідэрскія наканечнікі стрэл, вуглавы разец, мікраскрабок, прылады-укладышы, пласціны і адшчэпы з рэтушшу і без рэтушы. Гэты мезалітычны помнік заменены забудовай.

Сыравінай служылі крэйдавы крэмень высокай якасці шэрага колера, калі-небудзь блакітны. Асобныя знаходкі выраблены з крэйдавага сожскага крэмня. Найбольш шматлікая катэгорыя знаходак – адшчэпы, пласціны, скрабкі, наканечнікі стрэл.

Праведзеныя раскопкі дазволілі археолагам сцвярджаць, што тут жыло насельніцтва  грэнскай культуры, помнікі якой знаходзяцца на поўдзень, у басейнах рэк Бярэзіны, Дняпра і Сожа.

У эпоху неаліту ( грэч. neos — новы + lithos — камень ), новы каменны век, апошні  перыяд каменнага веку. На Беларусі настаў у канцы 5 – пачатку 4 тыс. да н.э., скончыўся у 2000-1800 гг. да н.э. У эпоху неаліту пашырыліся шліфаваныя каменныя прылады працы; вынайдзены керамічны посуд, зарадзіліся земляробства і жывёлагадоўля, дасягнуў росквіту мацярынска-родавы лад. Адбыўся гаспадарчы пераварот – пераход да земляробства, які атрымаў назву неалітычнай рэвалюцыі. На тэрыторыі Беларусі ў неаліце жылі плямёны днепра-данецкай, верхне-дняпроўскай, нёманскай, нарвенскай культур, культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі і іншых. У неаліце культуры вызначаюцца па арнаментацыі глінянага посуду.

У гэты час адбываецца прасоўванне на нашу тэрыторыю фіна-угорскіх плямён культуры ямкава-грабеньчатай керамікі. Такія паселішчы выяўлены на беразе возера Бярэшча.

На паўночным беразе возера Бярэшча ля былога пасёлка Кранштадт паселішча ўпершыню абследавана ў 1964-1967 гг. Ціханенкавым І.М.

На паўднёвым беразе возера Окана ля вусця возера Аконніца раз-мешчана неалітычнае паселішча. Упершыню абследавана Ціханенкавым  І.М. у 1964-1967 гг.

На малым востраве возера Лепельскае на поўнач ад горада і парка, размешчана паселішча эпохі неаліта і бронзавага веку (зараз востраў заліты вадой у сувязі з пад’ёмам узроўню возера). Упершыню абследавана Палікарповічам К.М. у 1924-1926 гадах

На поўначы Лепельскага раёна археолагам Э.М. Зайкоўскім у 1979 годзе вывучаны паселішчы Ворань-1 і Ворань-2, размешчаныя адно насупраць другога на правым беразе невялікай рэчкі Вараніцы.

Знойдзены крамянёвыя прылады працы і ляпная порыстая кераміка, у асноўным неарнаментаваная (блізкая па характару да керамікі нарвенскай культуры), яна адносіцца да позняга неаліта. Для нарвенскай культуры характэрны нізкія гаршкі з высокай канічнай або лейкападобнай доннай часткай. Арнамент складаўся з рэдкіх папярочных стужак або радоў (насечкі, наколкі, ямкі).

Пазней пачала штрыхавацца, а толькі потым пакрывалася арнаментам (сеткі, зігзагі, нахіленыя перамычкі), якія выконваліся адбіткам шнура. Знойдзены прылады працы са светла-шэрага крэменю: скрабкі, скрэблы, адшчэпы з падрэтушоўкай па краях, праколка, нажы, пласціны, тронкавы наканечнік стралы. Кераміка порыстая, з дамешкам у гліне тоучаных ракавінак, пераважна неарнаментаваная (позні неаліт), часам трапляюцца ўпрыгожанні ў выглядзе ямак, наколаў, зашчыпаў, адбіткаў тканіны, грабеньчатага штампа.

Нарвенская культура была распаўсюджана ў паўночнай частцы тэрыторыі Беларусі. У 3600-1800 гадах да н. э. беларускага Паазер’я ад басейна Віліі да Міжрэчча Дзвіны і Дняпра на поўнач ад Оршы, як амаль уся Прыбалтыка, уваходзіла ў яе арэал. Верхнядзвінскі яе варыянт часта разглядаюць як асобную ўсвяцкую культуру. Асноўная колькасць помнікаў размяшчаецца на берагах азёр пад пластамі торфу. У Беларусі вядома да 40 стаянак. Стаянка нарвенскай культуры вядомая на Лепельшчыне – Берэшча-1. Вывучаецца з 2006 года Максімам Чарняўскім, загадчыкам аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдатам гістарычных навук. Падчас археалагічных раскопак на стаянцы Берашча-1 2019-2021 гадоў  знойдзена  шмат прадметаў.

Сярод іх праколкі, адбойнікі, сякеры, наканечнікі стрэл, падвескі з зубоў жывёл, фрагмент касцянога гарпуна, наканечнік дзіды, сякеры і цяслы, зробленыя з рагоў лася. Шматлікія фрагменты костак жывёл дазваляюць адказаць на пытанне, на каго палявалі тагачасныя людзі. Гэта не толькі буйныя траваядныя жывёлы, такія як лось ці тур, а таксама мядзведзь, бабёр, ліса і куніца. Трапляецца шмат рыб’іх костак: шчупака, сома і акуня. Вадзілася некалькі тысяч гадоў назад у лепельскіх азёрах і балотная чарапаха. Сенсацыйныя адкрыцці былі зроблены два гады таму, калі ў адным з раскопаў знойдзена ўпрыгожванне з бурштыну. Трэба адзначыць, што бурштынавыя вырабы, якія ў той час імпартаваліся з берагоў Балтыйскага мора, не частая знаходка для каменнага і бронзавага вякоў па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Да сенсацыйных знаходак можна, несумненна, аднесці бурштынавую падвеску, знайденную у 2019 годзе.

Гэта чыста балтыйскі бурштын. Прышэльцы з Балтыкі прынеслі яго сюды як прадмет абмену ў першай палове трэцяга тысячагоддзя да нашай эры. Той перыяд адносіцца да Усвяцкай культуры плямён сярэдняга неаліту. Тагачасны бурштын лёгка адрозніваць, бо тады выкарыстоўвалі прыродныя кавалачкі скамянелай смалы, якую знаходзілі на беразе Балтыйскага мора, і свідравалі ў іх адтуліны. Апрацоўваць бурштын, надаючы яму розныя геаметрычныя формы ці выявы прылад працы, пачалі значна пазней. Дубавец – пятае месца ў Беларусі, дзе знойдзены балтыйскі бурштын пяцітысячагадовай даўніны.  Але сёлетні археалагічны сезон прынёс чарговую сенсацыю. Была знойдзена яшчэ адна бурштынавая падвеска.

У неаліце асабліва развіваецца першая форма ўласнасці — племянная. Кожнае племя займала пэўную тэрыторыю, мела свае паляўнічыя і рыбалавецкія, а пазней і земляробчыя ўчасткі.

У эпоху неаліту з’яўляюцца зародкі рэлігійнасці — каля вёскі Бароўна быў знойдзены клык мядзведзя, які выкарыстоўваўся як талісман.

Падрыхтавана па тэрыялах раённага краязнаўчага музея.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.