Картофель закончился, пошла клубника: зарисовки с базара

Апошні базарны дзень выдаўся даволі шматлюдным, у сонечнае надворе вялікая колькасць гараджан і вяскоўцаў пажадала не сядзець дома. Галоўных прычын наведвання базару можна было б адзначыць некалькі. Па-першае, пакупнікі жадаюць набыць маладую бульбу мясцовага вырошчвання. Ужо больш за 2 месяцы на прылаўках ёсць маладая бульба. Раней яна была дастаўлена з такой далёкай краіны, як Егіпет, дробныя клубні прадаваліся па 2,50 за кілаграм, а буйныя — па 4 рублі. У мінулую нядзелю была прывезена бульба з Украіны, якая прадавалася па 3,50 за кілаграм, у скрыні наперамешку ляжалі клубні дробныя, сярэднія і буйныя — выбірай якія хочаш. Калі пералічваць больш прывычны абём, атрымаецца, што 10-літровае вядро будзе каштаваць 28 рублёў.

Харчовая бульба мінулагодняга ўраджаю ў вяскоўцаў Лепельшчыны заканчваецца, яе прывозяць на базар усё менш і менш. Так, а 11-й гадзіне бульбу ўжо прадалі. Наведваль расказвалі, што цана трымалася на ўзроўні 12 рублёў за вядро. У размовах многія выказвалі спадзяванні на тое, што ў наступную нядзелю ўжо прывязуць бульбу маладую. Як паказваюць шматгадовыя назіранні за базарам, выручка ад продажу маладой бульбы пры правільным падыходзе да яе вырошчвання і рэалізацыі можа аказацца супастаўляльнай з агульнай выручкай ад продажу ўсяго ўраджаю другога хлеба.

Зерневая група была прадстаўлена па традыцыі пшаніцай па 7 рублёў за вядро, ячменем па такой жа цане і аўсом нізкай якасці па 5 рублёў за вядро. Яшчэ адзін мужчына прывёз крыху гароху, прапаноўваў яго за 5 рублёў за 5-літровае вядро. Каля яго прыпыніўся наведвальнік, пачалася размова:

— Ці маеце вы для продажу кукурузу?

— А навошта яна вам, дазвольце пацікавіцца.

— Гэта вельмі добрая прынада для рыбнай лоўлі, лешч на яе клюе з ахвотай.

— Цікава, але, на жаль, нічым не магу дапамагчы, я кукурузу не вырошчваю. Спытайце, хіба, у рыбалоўнай краме ці паглядзіце ў інтэрнэце. Магчыма, там што ёсць…

Другой важнай адметнасцю мінулай нядзелі стала зяўленне клубніц. Ягады мясцовага вырошчвання прапаноўваліся па 14 рублёў за кілаграм. З-за даволі высокай цаны іх набывалі ў асноўным па паўкіло. На сельгаспляцоўцы ўбачыў легкавы аўтамабіль з нумарамі Мінскай вобласці. Прадавец прапаноўвала ягады на 2 рублі танней, таму да яе прылаўка часам выстройвалася чарга з 4-5 чалавек, якія жадалі набыць ягады да свайго стала.

Каб завяршыць агародную тэматыку, пройдзем да крытых радоў. Там адным з галоўных тавараў зяўляецца расада гародніны. А 12-й гадзіне працавалі яшчэ некалькі прадаўцоў. Цана на расаду памідораў у той час трымалася на ўзроўні 30-40 капеек за саджанец, па такой жа цане прадавалася і капуста. Паколькі агароднікі ў асноўным ужо запоўнілі свае соткі, адзначу, што мінулая нядзеля была апошняй, калі масава прадавалася расада.

У мясным павільёне працавала трое прадпрымальнікаў. Адзін прадаваў свежую свініну, другі — салёную, а трэці — замарожаную марскую рыбу. Свежага мяса а 12-й гадзіне заставалася мала, таму мінулы тыдзень для прадаўца можна лічыць адносна паспяховым. Свініна салёная прапаноўвалася па 21 рублі за кілаграм. На прылаўку ў гэты час было даволі шмат непрададзеных кавалкаў. З рыбнага асартыменту заўважыў скумбрыю па 11 рублёў за кілаграм, мойву — па 10, гарбушу — па 8,90, а кільку — па 5. Салака прапаноўвалася па 5,90, селядзец — па 6,90.

Прадаўцы малочнага павільёна чакаюць неадназначных перамен. З аднаго боку, была палепшаны ўмовы гандлю: у некаторых месцах абноўлена фарба на сценах, прынесены халадзільнікі, якія не выкарыстоўваюцца, з мяснога павільёна, каб прадаўцы малочнай прадукцыі маглі там яе захоўваць. З іншага боку, прадаўцы чакаюць павышэння аплаты за гандлёвае месца, за паслугі ветсанэкспертызы. Сваім меркаваннем падзялілася знаёмая прадавец:

— Калі павышэнне адбудзецца невялікае, гэта адна справа, а калі адразу ў 2-3 разы, як гэта часам робіцца, — гэта зусім іншае. У любым выпадку такія захады могуць справакаваць рост цэн на нашу прадукцыю. А калі людзі не будуць яе набываць, які сэнс нам сюды прыязджаць. Спадзяёмся, што павышэнне цэн будзе праходзіць паступова.

Праходзячы па базарнай плошчы, задумаўся, які тавар будзе патрэбным у сонечныя летнія дзянькі. Несумненна, сонечныя акуляры! Такі тавар прапаноўваўся ў некалькіх кропках. На прылаўках былі раскладзены акуляры дзясяткаў, калі не соцень, мадэляў і фасонаў. Праўда, колькасць мужчынскіх акляраў была нашмат меншая за колькасць жаночых. Прадаўцы кампетэнтна і ветліва дапамагалі падабраць менавіта іх тавар. Мне прапаноўвалі набыць класічную мадэль за 25 рублёў, але на той момант амаль усе грошы я зрасходаваў.

Вельмі зацікавіла кропка, дзе звычайна прадаюцца старыя рэчы. Прадаўцы знайшлі арыгінальны спосаб прывабіць да сябе пакупнікоў. Так, адзін з іх кожную нядзелю прывозіць мадэль сярэднявечнага рыцара ў поўным латным даспеху. Моладзь вельмі любіць фатаграфавацца ля яго.

У мінулую нядзелю сусед першага прадаўца завабліваў наведвальнікаў прайгравальнікам пласцінак. Канечне, гэта быў не антыкварны грамафон, а электрычны апарат 1970-1980-ых гадоў выпуску, але гук з калонак ліўся такі мяккі, адметны, што нявольна хацелася прыпыніцца і паслухаць музыку.

Немагчыма таксама прайсці міма аўтамашыны “ГАЗ-51” выпуску 1952 года! Аб гэтым красамоўна кажуць лічбы ў тэхпашпарце. Гаспадар аўтарарытэта, лепяльчанін Аляксандр Шкіндзер з любоўю і кампетэнтнасцю аднавіў машыну, па максімуме выкарыстоўваючы арыгінальныя запчасткі і сродкі каплектацыі. Аўтамабіль выглядае так, нібыта ён толькі ўчора сышоў з заводскага канвеера. І гаспадар апрануўся адпаведна: у майку з гербам СССР.

Аднак ужо блізіўся поўдзень, настаў час падарожжа па базары завяршаць.

Тэкст і фота: Б. САНЕЎ.

На здымку: Аляксандр Шкіндзер і яго рарытэтны ГАЗ-51.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.