Кавалер ордена Александра Невского из Лепельского района

n-20Ордэн Аляксандра Неўскага быў малодшым з палкаводчых ордэнаў і не меў ступеняў. Ім узнагароджвалі камандзіраў ад узвода да палка, якія праявілі асабістую адвагу, мужнасць і ўмелым кіраваннем забяспечылі паспяховыя дзеянні сваіх падраздзяленняў. Вядомы прозвішчы сямнаццаці ўраджэнцаў Лепельшчыны, якія ўзнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага.
Адным з першых ордэна быў удастоены лепяльчанін Міхаіл Фралоў. На працягу трох месяцаў, з лютага па красавік 1943 года, маёр Фралоў умела кіраваў стралковым батальёнам. 15 лютага ў начным баі адбіў атаку праціўніка. Наступнай раніцай немцы тройчы беспаспяхова атакавалі пазіцыі, якія займаў батальён Фралова. Камбат быў паранены, але працягваў кіраваць боем. Асабліва вызначыўся яго батальён у красавіку 1943 года, падчас наступлення пад Славянскам, калі байцы ўмелымі дзеяннямі прарвалі абарону праціўніка. Маёра Фралова прадставілі да ордэна Кутузава ІІІ ступені, але ўзнагародзілі ніжэйшым па рангу ордэнам Аляксандра Неўскага.
У верасні 1943 года падчас бою намеснік танкавага батальёна старшы лейтэнант Мікалай Шнітко на падбітым танку здолеў наладзіць сувязь з камандаваннем батальёна. Пры гэтым яму даводзілася адбівацца ад нямецкай пяхоты, якая наступала. Пасля смерці камбата Мікалай прыняў камандаванне батальёнам. Арганізаваў паўторную атаку на хутар Хмяльніцкі — танкісты ва ўзаемадзеянні з пяхотай здолелі захапіць населены пункт. 8 верасня 1943 года М. Шнітко каардынаваў наступленне батальёна на Мамаеў Курган. З баямі танкісты прайшлі больш за чатырыста кіламетраў. У кастрычніку 1943 года ўраджэнец вёскі Кісцялёва Мікалай Шнітко быў узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага.
Ягор Геут (на здымку) з Новых Валосавічаў у 1939 годзе быў прызваны ў Чырвоную армію, дзе яго і застала вайна. Пра баявы шлях Ягора вядома няшмат. Згодна з даступнымі звесткамі, у 1942 годзе ён меў званне старшага лейтэнанта — займаў камандныя пасады ў мінамётным батальёне. Двойчы ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У другой палове 1944 года стралковы батальён пад камандаваннем капітана Геута вёў цяжкія баі на тэрыторыі Польшчы. 26 ліпеня 1944 года стралкі паспяхова фарсіравалі раку Кшну. З цяжкасцю пераадольваючы забалочаную мясцовасць, батальён Геута пад моцным артылерыйска-мінамётным агнём, несучы страты, замацаваўся на заходнім беразе ракі. Падчас бою мужны камбат быў цяжка паранены і 29 ліпеня памёр ад атрыманых раненняў. Пахаваны на могілках хутара Вітаронь Радзімінскага ваяводства. Пасмяротна быў прадстаўлены да ордэна Айчыннай вайны І ступені. Акрамя гэтага камандзір 125 армейскага корпуса генерал-маёр Кузьмін на ўзнагародным лісце капітана Геута пакінуў рэзалюцыю: “Дастойны ўзнагароджання ордэнам Багдана Хмяльніцкага ІІІ ступені.” Аднак апошняе слова было за начальнікам аддзела кадраў 47-й арміі — вайсковым загадам ад 22 жніўня 1944 года Ягор Геут пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага.
Валерый ТУХТА, краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.