Каханне аб’яднала сэрцы

Миша и ЮляКалі б на свеце не было кахання, яго абавязкова трэба было б прыдумаць. А што тут думаць! Гэтая гісторыя паўтараецца штораз, і я з прыемнай цікавасцю назіраю яе, калі еду ранішнім аўтобусам на працу. На прыпынку ў Чэрцах выходзіць маладая, прыемная пара. Менавіта прыемная ў сваёй прыгажосці.
Гэтыя — зусім не такія, як усе. Сціплыя. Ідуць па вёсцы — а ісці далекавата, да Адамаўкі, да канторы, усе тры кіламетры — і весела шчабечуць, часам бяруцца за рукі. Для нашай састарэлай, апусцелай вёскі, дзе вяселлі ўжо і не памятаю, калі апошні раз гулялі, а моладзі ўсё меней, такое рамантычнае каханне, хоць сабе і заезджае — падзея.
Вядома ж, захацелася даведацца, што за маладыя людзі жывым струменьчыкам уварваліся ў ціхую плынь балотных Чэрцаў. І вось я вяду сваё журналісцкае расследаванне.

Рыбачок з-пад Оршы
Ловись, рыбкаДзяўчына патэлефанавала сябру, аднак той не адказваў, паслала “эсэмэску”. І толькі пасля гэтага хлопец неўзабаве з’явіўся ў бытоўцы на прахадной машыннага двара. Рукі чорныя, усе ў мазуце.
— Што здарылася?
— Цікавяцца вось табою, — кажа Юля.
Хлопец сумеўся, засаромеўся сваіх рук:
— Дык хоць памыюся?
І вось мы ўтраіх. І гаворка ў нас — пра жыццё. Кожны з іх распавядае, вядома, пра сваё жыццё. Ды, парадокс, атрымліваецца адзін агульны расповед. Два лёсы як бы кладуцца ў адно рэчышча. А самі Міша з Юляю неверагодна гарманіруюць, зусім як там, на прыпынку ў Чэрцах.
Міша Балашэнка — з прыгарада Оршы, з вёскі Міцькаўшчына. Вёска даволі цікавага лёсу. Землі там у свой час выкупіў немец па прозвішчы Штотц і зрабіў на іх даволі адметную гаспадарку. Зараз прадпрыемства так і завецца “Штотцаграсэрвіс”. Там, дарэчы, працуе маці Мішы. У сям’і хлопец рос адзін, у школу пасля пачатковай, якая месцілася ў Міцькаўшчыне, хадзіў у Оршу. Вучыўся старанна. Даволі добра спраўляўся з матэматыкай, асабліва падабаліся мовы, а паступіў… на механіка. І так бывае.
Спачатку закончыў Аршанскі механіка-эканамічны каледж. Падалося, што мала, пайшоў вучыцца далей — у Горацкую сельгасакадэмію. Асвойвае спецыяльнасць “тэхнічнае абслугоўванне працэсаў сельгасвытворчасці”. Ужо на чацвёртым курсе. І раптам… прыехаў у Адамаўку на практыку. Чаму ў Адамаўку — распавяду пазней, а пакуль — пра іншае яго жыццё. Міша — спартсмен. Калісьці за школу ў футбольнай зборнай гуляў. Пасля захапіўся ўсходнімі адзінаборствамі — дзюдо, самба. У акадэміі выступаў за свой факультэт на спаборніцтвах па гандболе. Змалку падабаецца тэхніка, аднак на свой транспарт пакуль не ўзбіўся. Міша не з тых студэнтаў, якія раскатваюць на бацькоўскіх іншамарках. Ён з тых людзей, якія не цягнуць грошы з бацькоўскай кішэні, а імкнуцца зарабіць самі. Вось і тут, у Адамаўцы, папрасіўся на платную практыку.
Яшчэ адно Мішава захапленне — рыбалка.
— Якую апошнюю вялікую рыбу злавіў? — пытаюся.
— Плотку, — паказвае Міша і шырока расстаўляе рукі.
Не веру, бо рыбакі заўсёды рукі шырока раскідваюць, пахваляючыся ўловам. Тады ён дастае мабільнік і паказвае ў параўнанні. Плотка памерам з клавіятуру камп’ютара — сапраўдная рыбацкая ўдача. Хіба такія толькі на Дняпры бываюць.
Рыбачок з-пад Оршы — хлопец працавіты. Дома і касіць даводзілася, і не толькі трымерам, і на будоўлі гады тры таму падзарабляў падсобным рабочым.
Пасля акадэміі яго чакае армія, у якую пойдзе з ахвотаю.
— А Юлька пачакае? — пацвельваюся я.
— Вядома! — упэўнены Мішка.
— Ды куды ж я дзенуся! — усміхаецца дзяўчына. — Не столькі былі ў ростані.
— Ідзі служыць у Заслонава, — працягваю як бы жартам. — Сяброўка будзе табе насіць любімыя сушы, піцу і тарталеткі.
Юля — аматар пакулінарыць. А яшчэ яны абодва ў захапленні… ад рыбак і катоў, чарапах і хамякоў. Раней папугай быў. Зусім як дзеці.
— А дзе вы пазнаёміліся?
— Ды на вечары ў агульных знаёмых. Вось ужо тры гады таму.
Іх стасункі і сапраўды вытрымалі выпрабаванне часам, тым больш, што жылі паасобку і бачыліся не часта, пакуль Міша не прыехаў сюды на практыку.

Знайсці сваё шчасце
На кухнеВедаеце, як Юлія Бохан стала аграномам? Не паверыце, усё вырашыў… адзін дзень. Пасля школы паступала адразу ў дзве навучальныя ўстановы: у Віцебск — на аператара ЭВМ і ў Смальяны — на эканаміста. Самае цікавае, што ў абедзве і паступіла. Выбрала ўсё ж Смальяны. Магчыма, таму што адтуль бліжэй да дому, да Оршы. Аднак у Смальяны спазнілася на адзін дзень падаць дакументы, групу эканамістаў ужо сфарміравалі — і яе запісалі ў аграномы.
Што ні робіцца — усё да лепшага. Яна і не шкадуе… Вучоба давалася лёгка. Гады студэнцтва праляцелі хутка. Была старастай групы. Займалася спортам. Спорт і турызм для дзяўчыны — звыклая рэч яшчэ са школьнай парты. Каля трох гадоў наведвала школьны турыстычны гурток, а затым пайшла на гандбол. А ў Смальянах захапілася яшчэ і валейболам.
Размеркавалі на Лепельшчыну — у ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”. Аднак і трох месяцаў не прайшло, як зноўку падалася вучыцца, праўда, на гэты раз завочна — у Горацкую сельгасакадэмію, па сваёй спецыяльнасці.
І вось ужо на выдатна здадзена першая сесія. Цяпер новы экзамен — на полі, дакладней, на сортаўчастку. Юлія — аграном.
Аграном — гэта, вядома, гучна сказана. Дзяўчыне яшчэ вучыцца і вучыцца, бо яна пакуль толькі малады спецыяліст. І ёсць у яе вопытны, строгі, але добры настаўнік Вольга Петухова. Тая ўжо “прафесар” па частцы агранаміі. Нічога, некалі і яна, Юля, стане не горшай.
Атрымаць дыплом і першае размеркаванне на працу прасцей, знайсці сябе ў прафесіі — вось задача! Дзяўчына стараецца. А прафесія, між іншым, нялёгкая. Нездарма кажуць: агранома ногі кормяць. Паспрабуй па гэткай спякоце, як сёлета, папарыцца на сортаўчастку: сабраць расліны на пробы, занесці назіранні ў дзённік і г.д. Увосень аграномы і бульбачку капаюць поруч з рабочымі. Аднак Юлі падабаецца. Ды і прывыкла яна да працы. Хоць сама і гарадская, ды часта ездзіць на дачу да бабулі, а там усе адметнасці вясковага жыцця — і агарод, і поле, і лес з грыбамі ды ягадамі. Вельмі дарэчы тут прыйшлася і яе спартыўная загартоўка. І аграном яна, і інжынер па тэхніцы бяспецы.
У Адамаўку прыслалі трох нетутэйшых маладых спецыялістаў. Усіх пасялілі ў Заслонаве, выдзеліўшы добраўпарадкаваную трохпакаёўку пад інтэрнат. Такім чынам, кожнаму атрымалася па пакойчыку. У пад’ездзе змрачнавата крыху, бо дом амаль не заселены, а ў пакоі нармальна, ёсць усе зручнасці. Хіба што з “культурным адпачынкам” у Заслонаве не надта разгонішся. Не сядзець жа ўвесь час у кафэ. Ды і вольнага часу не так шмат застаецца. А палове сёмай увечары рэйсавым аўтобусам прыязджаюць. Пакуль чаго прыгатуеш, калі якая вольная хвілінка, пасядзіш за камп’ютарам — вось і ўвесь вольны час. А калі патрэба, то на сартастанцыі і да позняга вечара затрымліваюцца. А на выхадныя едуць дадому.
* * *
Асцярожна так пытаюся:
— Думаеце тут затрымацца або пакінеце Лепельшчыну?
На станоўчы адказ нават і не разлічваю: што аршанцам лавіць у Чэрцах ці ў Адамаўцы? Хіба што вялікіх плотак на возеры.
І нечакана чую:
— Жыццё пакажа.
Гады тры ці чатыры Юля збіраецца тут заставацца абавязкова, а Міша зусім не супраць пасля практыкі, арміі і папрацаваць тут.
Жыццё пакажа. А так бы хацелася, каб лёс падарыў Адамаўцы яшчэ адну добрую, цікавую сям’ю і даў нашым апусцелым Чэрцам яшчэ адзін шанец. Так бы хацелася…
На здымках: (зверху ўніз) рамантычная гісторыя Юлі Бохан і Мішы Балашэнкі — каханне, падобнае да казкі; лавіся, рыбка, вялікая і маленькая; за любімымі тарталеткамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.