Каханне жыве нават у маленькіх лепельскіх вёсачках

67Несумненна, у душы кожнага чалавека жыве вера ў светлае і чыстае каханне, якое дапамагае справіцца з усімі расчараваннямі і перашкодамі, надае сілы і ўпэўненасць у цяжкія хвіліны. Менавіта яно, шчырае і глыбокае каханне, упрыгожвае і напаўняе сэнсам наша жыццё. У гэтым у чарговы раз пераканалі ўсіх тры прыгожыя і маладыя пары, якія сталі ўдзельнікамі конкурснай шоу-праграмы “Вялікае каханне ў маленькай вёсцы”. Мерапрыемства, якое праходзіла ў Баброўскім сельскім Доме культуры, сабрала шмат гледачоў і стала значнай падзеяй для мясцовых жыхароў.
…Гучыць музыка — і са сцэны вітаюць гледачоў вядучыя Вольга Якубовіч і Таццяна Стрыжонак. Дзве афіцыянткі-прыгажуні запрасілі гледачоў цікава і незабыўна правесці час у кафэ “Амур”. Пад шчырыя апладысменты гледачоў на сцэну выходзяць канкурсанты.
Знаёмства з закаханымі парамі адбылося ў час першага туру конкурсу “Відэавізітка”. Пры дапамозе яркіх відэаролікаў пары расказалі аб сабе, сваіх марах і захапленнях.
Першай на конкурсе была прадстаўлена пара з аграгарадка Камень. Сяргею Раклінскаму споўнілася 17 год, а яго каханай дзяўчыне Арыне Галыні — шаснаццаць. Сяргей вучыцца ў адзінаццатым класе Каменскай сярэдняй школы, а Ірына — адзінаццацікласніца гімназіі імя І. Ерашова. Сяргей да кожнай справы падыходзіць адказна і не прывык пасаваць перад цяжкасцямі, актыўна займаецца спортам. Ірына ж па натуры рамантык. Яна захапляецца музыкай, любіць падарожнічаць, цікавіцца ўсім новым і шмат часу аддае вучобе. Да таго ж Арына любіць маляваць і ў будучым марыць стаць дызайнерам. Самым прыгожым і маляўнічым месцам у раёне Сяргей і Ірына лічаць аграгарадок Камень.
Гледачы цёпла сустрэлі і другую пару-ўдзельніцу конкурснай шоу-праграмы. Гэта Сяргея Ададзюк і Анастасія Паўлоўская, якія прадставілі Чарэйшчынскі СДК. Сяргею ўжо споўнілася дваццаць год. Хлопец скончыў Лужаснянскі аграрны каледж, завочна набывае вышэйшую адукацыю і працуе аграномам у ААТ “Чарэйшчына”. Сяргея захапляе хлебная ніва, ён прыхільнік актыўнага адпачынку — з задавальненнем займаецца рыбнай лоўляй, спортам, іграе на гітары. Анастасіі — шаснаццаць год. Дзяўчына вучыцца ў дзясятым класе Бароўскай сярэдняй школы. Яе любімыя прадметы — літаратура, матэматыка і фізкультура. Анастасія ахвотна займаецца бісерапляценнем, любіць падарожнічаць, у вольны час катаецца на роліках і ўмее выдатна маляваць. У будучым яна жадае стаць мастаком-мадэльерам. Сяргей і Анастасія пазнаёміліся ў час спартыўнага мерапрыемства, і з кожным годам іх сяброўства толькі мацнее.
Цікавы відэаролік быў падрыхтаваны таксама парай з аграгарадка Баброва — Максімам Малярчуком і Анастасіяй Паранок. У сінявокую Беларусь Максім прыехаў разам са сваімі роднымі з Казахстана. Хлопец прайшоў службу ў арміі і свой прафесійны шлях жадае звязаць з мастацтвам — добра спявае, іграе на гітары і прымае актыўны ўдзел у культурным жыцці аграгарадка. Зараз Максім працуе мастацкім кіраўніком Баброўскага СДК. Не ўяўляе сваё жыццё без творчасці і Анастасія. Сёлета яна заканчвае адзінаццаць класаў Баброўскай сярэдняй школы і збіраецца паступаць у Віцебскі каледж мастацтваў. Дзяўчына выдатна спявае, у вольны час з задавальненнем займаецца спортам — наведвае трэнажорную залу, гуляе ў валейбол і не адзін раз абараняла гонар школы ў спартыўных мерапры­емствах. Акрамя таго, Анастасія добра вышывае крыжыкам. У яркім відэароліку, падрыхтаваным Максімам і Анастасіяй, было расказана аб іх сумеснай падрыхтоўцы да конкурсу, цікавых і насычаных буднях.68
Не менш запамінальным для гледачоў стаў другі этап конкурсу “Рамантычнае прызнанне”. Пад пранікнёныя гукі музыкі Сяргей Раклінскі прачытаў сваёй каханай вершы, а затым стаў на калена і падарыў прыгожую ружу. Сяргей Ададзюк прывітаў гледачоў у вобразе вясковага хлопца-гарманіста, які зрабіў для Анастасіі музычны падарунак. Нікога не пакінула раўнадушным прызнанне каханай Максіма Малярчука, які для сваёй дзяўчыны праспяваў песню пад гітару і падарыў шыкоўны букет цюльпанаў.
“Рамантычны вобраз” — так называўся трэці тур конкурсу. Арына Галыня прывітала гледачоў у вобразе артыстычнай гітарысткі. Пранікнёная павольная мелодыя паступова перарастала ў бадзёрыя музычныя рытмы, і гэта ўсіх вельмі ўразіла. Цёпла было сустрэта таксама выступленне Анастасіі Паўлоўскай у вобразе прыгажуні-Папялушкі з папулярнай песняй “Хоць паверце…” Вельмі спадабалася гледачам таксама замалёўка, падрыхтаваная Анастасіяй Паранок. …Прыгожы зімовы вечар… Па вуліцы ідзе закаханая пара. Анастасія ў пышнай беласнежнай сукенцы спявае песню “Зімовы сон”, а Максім акампаніруе ёй на гітары. Потым хлопец падарыў сваёй каханай кветкі, і разам яны выканалі танец.
Чацвёрты тур конкурсу называўся “Падарунак каханай”. Сяргей Раклінскі падрыхтаваў для сваёй абранніцы прыгожы букет кветак. У ім было размешчана 100 запісак, а на іх — сто прычын, па якіх ён кахае Арыну. Сяргей Ададзюк прысвяціў Анастасіі пранікнёныя вершы, падарыў прыгожы букет кветак і шары. Прыемны сюрпрыз для сваёй каханай падрыхтаваў таксама Максім Малярчук, які для Анастасіі прачытаў цудоўныя вершы. Сярод гледачоў ён заўважыў сваю мілую абранніцу, падышоў да яе, падарыў букет кветак, а затым панёс яе на руках да сцэны.
“Агульнае хобі” — пяты этап конкурсу. З камічнага відэароліка, падрыхтаванага артыстамі аграгарадка Камень, гледачы даведаліся, што агульны занятак Сяргея Раклінскага і Арыны Галыні — кіно і семечкі. Паколькі Сяргей Ададзюк з задавальненнем займаецца спортам, рыбалкай, да гэтых заняткаў ён актыўна далучае і сваю дзяўчыну. У тым, што Максіма Малярчука і Анастасію Паранок аб’ядноўвае мастацтва, гледачы ўпэўніліся, калі яны разам цудоўна выканалі песню. Сваім майстэрствам пары захапілі гледачоў на этапе конкурсу “Валянцінка на дваіх”, у якім з паперы і тканіны неабходна было зрабіць самую прыгожую валянцінку. Сваю эрудыцыю канкурсанты праявілі ў заключным этапе конкурсу “Самыя разумныя”. Для ўдзельнікаў шоу было падрыхтавана некалькі пытанняў на кемлівасць, на якія патрэбна было хутка даць адказ, і кожная пара з усімі заданнямі справілася паспяхова.
Самая ж нялёгкая задача стаяла перад членамі журы, бо выбраць лепшую з усіх трох пар было вельмі няпроста. Так, Сяргей Раклінскі і Арына Галыня сталі пераможцамі ў намінацыі “Самая пазітыўная пара”, Сяргей Ададзюк і Анастасія Паўлоўская прызнаны лепшымі ў намінацыі “Самая крэатыўная пара”, а вось “Самай рамантычнай парай” сталі Максім Малярчук і Анастасія Паранок. Узнагародай для артыстаў сталі падарункі і Дыпломы раённага Дома культуры.
Стаяць на сцэне прыгожыя хлопцы і дзяўчаты, у якіх напера­дзе шмат яркіх, цікавых падзей і незабыўных хвілін. Сэрцы маладых напоўнены невыказнай радасцю, і ад душы ідуць цёплыя пажаданні: “Хай будзе шчаслівай ваша дарога!”
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: прыгожыя пары-канкурсанткі (злева направа) Сяргей Раклінскі, Арына Галыня, Анастасія Паўлоўская, Сяргей Ада­дзюк, Анастасія Паранок і Максім Малярчук, а таксама вядучыя конкурсу Вольга Якубовіч і Таццяна Стрыжонак; нікога не пакінуў раўнадушным музычны падарунак Сяргея Ададзюка каханай Анастасіі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.