Каждое дерево имеет свой век

img_2200У рэдакцыю звяртаюцца лепяльчане, занепакоеныя спілоўваннем дрэваў у парку. У прыватнасці, Таццяна Пшонка казала:
— Я нарадзілася і вырасла ў Лепелі, зараз я пенсіянерка. Мне прыемна з унукамі прайсціся па алеях і дарожках цэнтральнага парку, пасядзець на лавачцы ў засені дрэваў, а дзецям — пазабаўляцца на гульнёвай пляцоўцы. Там, дарэчы, яны знайшлі шмат сяброў па гульнях. А нядаўна ўбачыла, як камунальнікі спілоўваюць дрэвы. Як, па якім праве? І што там будзе замест спілаваных дрэваў. Ды яшчэ і былое кафэ разбурылі канчаткова…
За адказамі карэспандэнт звярнуўся да галоўнага інжынера КУВП “Бароўка” Віктара Шалаева.
— Прынята праграма паступовага абнаўлення, добраўпарадкавання цэнтральнага парку. Мушу прызнаць, што ў апошнія гады гэты аб’ект адпачынку па шэрагу прычын выпаў з-пад нашай увагі, асноўныя работы зводзіліся толькі да падкошвання травы і прыбірання смецця. Падтрымліваць парадак, безумоўна, трэба, аднак патрэбны яшчэ і рух наперад, развіццё. Як бы цяжка ні было, але варта думаць пра тое, што будзе на зямлі праз дзесяць, дваццаць гадоў.
Узяць, напрыклад, былое кафэ. Так, калісьці яно было камфортным, папулярным, людным месцам, куды прыемна было прыйсці, пасядзець з сябрамі. Аднак час прайшоў, сёння яно не ўпісваецца ў існуючыя санітарныя нормы. Каб прывесці яго ў адпаведнасць, патрэбны вялікія грошы. Стаяць жа такім “помнікам” — таксама не варыянт. Таму было прынята адзіна правільнае, лічу, рашэнне — знесці. Што мы, камунальнікі, і зрабілі. У бліжэйшы час зладзім дарожкі, засеем газон, пасадзім дрэвы — атрымаецца яшчэ адзін маляўнічы куток парку. А з цягам часу, магчыма, будуць усталяваны і якія-небудзь малыя архітэктурныя формы, альтанкі.
— А што з дрэвамі?
— Будуць спілаваны 52 дрэвы. Аднак я б вам рэкамендаваў звярнуцца да майстра па азеляненні Галіны Бяляцкай.
Галіна Мікалаеўна паведаміла:
— Кожнае дрэва мае свой век, па дасягненні якога пачынаюцца працэсы старэння, разбурэння. Якраз гэты век надышоў для таполяў, якія раслі ў парку. Таполя — гэта дрэва, якое даволі хутка расце, за некалькі гадоў набывае пышную крону. Аднак даволі хутка галіны становяцца ломкімі, ствол— крохкім. Дрэва становіцца аварыйным, небяспечным. Каб не выклікаць траўмавання людзей, якія могуць праходзіць пад дрэвамі, быў выкліканы спецыяліст з ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, які агледзеў усе дрэвы і даў заключэнне, што 52 старыя таполі з’яўляюцца аварыйна небяспечнымі і падлягаюць выдаленню. У бліжэйшы час мы дапілуем іх і вывезем драўніну і галлё. На месца старых будуць высаджаны новыя дрэвы. У асноўным перавага будзе аддадзена клёнам, ліпам, бярозам. Іх моцная перавага перад таполямі ў тым, што яны не даюць пуху — алергену для людзей.
— А калі чалавек захоча таксама ўнесці сваю лепту ў добраўпарадкаванне парку і прынесці і высадзіць сваё дрэўца?
— Няма праблем. Ёсць шмат месцаў у цэнтральным парку. Ёсць алея ад Ксяндзова моста да цэнтральнага пляжа, якую таксама было б варта абсадзіць дрэвамі, ёсць шэраг іншых пустак у горадзе. Таму мы будзем рады любым ініцыятывам.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: абуладкаванне парку.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.