Кипит работа на полях Лепельщины

img_7543Адкрытае акцыянернае таварыства “Чарэйшчына” — адна з дзвюх сельгасарганізацый, якая стала і паслядоўна займаецца вырошчваннем бульбы. У апошнія гады плошчы пад гэтую важную культуру ў гаспадарках істотна скараціліся. Прычын таму некалькі. Першая — узяцце курса на спецыялізаваную жывёлагадоўлю малочнага накірунку. Для жывёлы ў першую чаргу патрэбныя якасныя і пажыўныя кармы ў дастатковай колькасці, таму менавіта пад кармавыя культуры — травы, кукурузу, збожжавыя — адведзены асноўныя плошчы. Па-другое, па прызнанні многіх спецыялістаў і кіраўнікоў гаспадарак, у апошнія гады назіраюцца значныя цяжкасці з рэнтабельным, прыбытковым збытам бульбы.

Аднак у ААТ “Чарэйшчына”, нягледзячы ні на якія перамены, не збіраюцца адмаўляцца ад вырошчванне бульбы. Вось і сёлета пад яе адведзена дзесяць гектараў. Вядома, не так шмат, як у мінулыя гады, але і нямала. Насенным матэрыялам гаспадарка ўжо каторы год забяспечвае сябе сама пад поўную патрэбу. Яшчэ летась пры планаванні палёў на наступны год пад бульбу было выдзелена дзесяць гектараў. Згодна з планам было закладзена і насенне.

Пасадка бульбы была распачата ў сярэдзіне мая. Гэты факт можна было б лічыць на першы погляд упушчэннем, спазненнем, асабліва калі прыняць пад увагу, што большасць прыватных гаспадароў да гэтага часу ўжо высадзілі сваю бульбу.

— Мы не спяшаліся па дзвюх прычынах, — тлумачыць намеснік дырэктара ААТ “Чарэйшчына” Віктар Голубеў. — Па-першае, не былі спрыяльнымі ўмовы надвор’я, тэмпература доўгі час трымалася нізкая для прарастання бульбы. Па-другое, нашы механізатары былі занятыя на сяўбе іншых культур.

Пад бульбу было выдзелена поле за вёскай Пяскі. Варта прызнаць, што ў гэтым выпадку назва цалкам апраўдвае сваю сутнасць, глеба пясчаная.

Пасадкай займалася зладжанае звяно. Трактарам кіраваў адзін з вопытных механізатараў ААТ “Чарэйшчына” Сяргей Плігаўка, на бульбасаджалцы кіравалі працэсам Наталля Брус і Алёна Шугалей, бульбу на МАЗе падвозіў Аляксандр Чарныш. Надвор’е ў тыя два дні не радавала: то сонейка прыгрэе, то халодны вецер падзьме, а часам і дождж паліе… Таму працу механізатара, а асабліва яго памочніц, нельга назваць лёгкай.

Са станоўчага боку трэба адзначыць, што тэхніка, трактар і бульбасаджалка адносна новыя. Да таго ж механізатар за імі даглядае належным чынам, пры патрэбе рамантуе.

— Неаднаразова чуў ад аграномаў, што для бульбы найбольш спрыяльная глеба — чарназём. Вы саджаеце бульбу на пясках, хоць побач ёсць поле з чарназёмам. Чаму? — задаю пытанне Сяргею Плігаўку.

— Палеткі з чарназёмам — вынік меліярацыі. Усе яны перарэзаны каналамі для сцёку вады. У вільготны год, асабліва восенню, там утвараецца вялікая гразь. Тэхніка буксуе. Здаралася, што каб выцягнуць адзін прычэп, тросамі счапляліся два трактары. Уявіце сабе, як там цяжка будзе ўвосень, калі прыйдзе час капаць бульбу.

З такімі аргументамі, неаднаразова праверанымі вопытам, цяжка не пагадзіцца.

Між тым неба стала пахмурнець, пайшоў дробны дождж. Звяно вырашыла ўзяць невялікі перапынак: жанчыны схаваліся ад непагадзі ў кабіну МАЗа. Сяргей Анатольевіч між тым распавёў, што гаспадарка ў асноўным няблага правяла сяўбу, закладзена аснова будучага ўраджаю і трывалай кармавой базы. Праз дзесяць-дванаццаць хвілін неба праяснілася — і праца зноў закіпела.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: Сяргей Плігаўка. vasya

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.