Кипит работа на уборке картофеля на Лепельщине

Сёлета бульба, наш другі хлеб, вырошчваецца ў дзвюх гаспадарках — дзяржаўнай лесагаспадарчай установе “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” і ААТ “Чарэйшчына”. У першай, на момант напісання публікацыі, да ўборкі клубняў яшчэ не прыступалі з-за вялікай занятасці на іншых работах: нарыхтоўка кармоў, сяўба азімых, таму скіраваўся ў ААТ “Чарэйшчына”.

— Бульбяное поле знаходзіцца за вёскай Пяскі, направа, — даў арыенцір галоўны аграном гаспадаркі Ігар Парахонька.

Пад’язджаючы да вёскі, для сябе адзначыў, што палеткі ў асноўным пераараны, гатовы да зімы.

Бульбяное поле знайшоў даволі хутка. З аднаго краю барозны ўжо былі выкапаны, на пяці свежаразагнаных парах завіхаліся падлеткі, навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа. Адна пара побач заставалася не апрацаванай. Кіраваў работай майстар вытворчага навучання Аляксандр Тухта, які і патлумачыў:

— На адной пары барознаў працуюць 4 чалавекі. Пройдзем іх, а, вяртаючыся, падбяром бульбу на той, якая застаецца.

На момант прыезду карэспандэнта ў полі працавала група 11-ПТ, хлопцы вучацца на кранаўшчыкоў і кіроўцаў катэгорыі “С”.

ААТ “Чарэйшчына” з аграрна-тэхнічным каледжам заключыла дамоўленасць на тое, што навучэнцы будуць працаваць на падборцы бульбы на працягу 10 дзён. Магчыма, па меры патрэбы, гэты тэрмін падоўжыцца. Праца наладжана ў 2 змены: раніцай прыязджае першая група, працуе да абеда. У сярэдзіне дня яе вязуць у Лепель, а на замену прыбывае другая і падбірае бульбу да вечара. Назад хлопцы прыбываюць каля 18 гадзін. На час працы навучэнцы вызвалены ад заняткаў.

У асноўным на працы задзейнічаны вясковыя хлопцы, ды і гараджане ведаюць, наколькі важная работа ў полі. Хутка падбіраюць бульбу, вядро за вядром адносяць у машыну. Як правіла, пасля іх непадабранага застаецца мала. Група 11-ПТ — гэта 2 курс. 1-курснікаў, як правіла, да працы ў сельгасарганізацыях імкнуцца не прыцягваць. Замест гэтага яны атрымліваюць практычныя навыкі ў навучальнай гаспадарцы каледжа, якія знаходзяцца ў вёсках Верабкі і Навіны. Там вырошчваюцца бульба, морква, буракі, іншая гародніна, а таксама збожжавыя культуры.

— Колькі бульбы набіраеце за дзень? — пытаюся ў Аляксандра Тухты.

— Учора, напрыклад, адвезлі крыху больш, як 6 з паловай тон. Гэта неблагі паказчык. Хлопцы стараюцца.

— А якія расцэнкі за іх працу?

— Я стараюся весці як мага больш дакладны ўлік. Зыходзячы з расцэнак, даведзеных гаспадаркай, за вядро падабранай бульбы будуць плаціць па 23 капейкі. У сярэднім за працоўную змену хлопцы набіраюць па 45-50 вёдзер. Аднак ёсць асабліва старанныя. Напрыклад, Валянцін Кухарэнка ўчора набраў 85 вёдзер. Вельмі хацелася б, каб у гаспадарцы не было затрымак з аплатай працы, для хлопцаў гэта вельмі важна.

Накапаная бульба адвозіцца машынай ГАЗ аграрна-тэхнічнага каледжа, якой кіруе Сяргей Міснік. Ён расказвае:

— У гаспадарцы была дамова з нашай установай, каб ва ўборцы бульбы быў задзейнічаны наш транспарт. Тэхніка працуе па маршруце поле — склад. На ноч машыну пакідаем на складзе, каб не ездзіць у Лепель і не расходваць залішне паліва.

— Дарэчы, колькі бензіну выкарыстоўваецца за адзін рэйс?

— У сярэднім да 15 літраў. Трэба ўлічваць, што машына, пакуль не запоўніцца кузаў, едзе не па шашы, а па ўзрыхленым полі, на першай перадачы. Яна то спыняецца, то рухаецца зноў, а ў такім рэжыме працы расходуецца шмат паліва.

Каб атрымаць больш дакладную карціну, аўтар гэтых радкоў пагутарыў з галоўным аграномам.

— Ігар Уладзіміравіч, колькі ўсяго сёлета ў вашай гаспадарцы пасаджана бульбы?

— Усяго — 10 гектараў. Сорт “гала”, праўда, ужо нізкіх рэпрадукцый. Уся бульба пасаджана на адным полі за вёскай Пяскі. На сённяшні дзень выкапана 2 гектары.

— Колькі накапана бульбы, якая яе ўраджайнасць?

— Накапалі 21 тону. Ураджайнасць, такім чынам, складае каля 100 цэнтнераў з гектара. Гэта малы паказчык. На зніжэнне ўраджаю паўплывала сухмень, якая ўсталявалася ў канцы вясны і доўжылася амаль 2 летнія месяцы. Ды і глеба за вёскай цалкам апраўдвае сваю назву. У лагчынах бульба яшчэ больш-менш добрая, а на ўзгорках – нізкі ўраджай.

— Хто разганяе бульбу для навучэнцаў?

— Механізатар Сяргей Курбака на трактары МТЗ-82 з бульбакапалкай.

— Ці плануеце ў гэтай рабоце задзейнічаць бульбаўборачны камбайн?

— Пакуль што не, спадзяёмся ўсё ж такі ўправіцца сіламі навучэнцаў. Бульбакамбайн не хочам запускаць на тое поле па яшчэ адной прычыне – на ім вельмі шмат камення.

Адкрытае акцыянернае таварыства “Чарэйшчына” плануе, калі не здарацца непрадбачаныя абставіны, завяршыць уборку бульбы і закласці яе на захоўванне ў бліжэйшыя 10-15 дзён.

Васіль МАТЫРКА.

На здымках: учотчык Аляксандр Юркевіч; падбіраюць бульбу Валянцін Кухарэнка і Уладзімір Первянёнак (у чорнай бейсболцы); на ўборцы працуюць Руслан Бутаровіч (у сіняй бейсболцы) і Аляксей Хаткевіч.

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.