Кіроўца ўцёк з месца дарожна-транспартнага здарэння

dtz_znak_2На гэты раз з начальнікам АДАІ РАУС падпалкоўнікам міліцыі Аляксандрам Трусавым гутарылі па тэме “п’яны за рулём — патэнцыйны забойца”. Банальная ісціна, але колькі кіроўцаў наступалі на гэтыя “вострыя граблі”. Потым раскайваліся, але было позна. Справа зроблена. Справа часцяком з крымінальным адценнем…
— Сапраўды, — зазначыў мой суразмоўца, — нярэдка прычынай дарожных трагедый становіцца алкагольнае ап’яненне вадзіцеляў. Недаацэнка небяспекі, як правіла, вядзе да рэзкага зніжэння працаздольнасці пры кіраванні аўтамабілем. Як вынік — дарожныя здарэнні.
— Аляксандр Мікалаевіч, асобныя кіроўцы лічаць, што, выпіўшы зусім «трохі», можна садзіцца за руль, бо ўсё «пад кантролем»…
— Не пад кантролем! Гэта вялікая памылка, бо менавіта ў стане лёгкага ап’янення здзяйсняецца найбольшая колькасць аварый.
— Ад агульных разважанняў, Аляксандр Мікалаевіч, варта перакінуць лагічны масток да сітуацыі на лепельскіх дарогах…
— Алкагольнае ап’яненне вадзіцеляў транспартных сродкаў — прычына трох аварый у нашым раёне за адзін тыдзень. Іх наступствы — гібель аднаго чалавека і раненне трох.
Сёмага кастрычніка ў вёсцы Вялікі Поўсвіж жыхар Паддуб’я, работнік КУВСГП «Лепельскае», кіраваў аўтамашынай нападпітку. І дакіраваўся — здзейсніў наезд на веласіпедыстку, мясцовую жыхарку. Трагедыя! Сітуацыя ўскладняецца тым, што кіроўца ўцёк з месца дарожна-транспартнага здарэння. Ды замесці сляды не ўдалося. Затрымалі выпівоху работнікі ДАІ.
— А што з веласіпедысткай?
— У выніку здарэння жанчына з траўмамі шпіталізавана ва ўстанову аховы здароўя “Цэнтральная раённая бальніца”.
— Вы назвалі тры здарэнні…
— Назваў. Вось другое. Дзясятага кастрычніка лепяльчанін, адурманены ўздзеяннем алкаголю, рухаўся на аўтамабілі “Аўдзі-80” па аўтадарозе Лепель — Орша. Нечакана выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з сустрэчным “Фордам-Мандэа”. За рулём знаходзіўся мінчанін. Без наступстваў не адбылося. Абодва кіроўцы атрымалі траўмы і былі шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне Лепельскай ЦРБ.
Прадоўжым жахлівую статыстыку. Пятнаццатага кастрычніка 2016 года жыхар вёскі Юркоўшчына ехаў на аўтамашыне па аўтадарозе Забалацце — Юркоўшчына. Перад тым выпіў спіртнога. Паездка не задалася. Не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і перакуліўся. На гэты раз жудасны фінал здарэння — кіроўца загінуў.
— Для сям’і, родных і блізкіх — непапраўнае гора. І тым не менш многія не задумваюцца, што пасля кілішка гарэлкі становяцца патэнцыйнымі забойцамі…
— Згодны. З пачатку бягучага года на тэрыторыі Лепельскага раёна за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення ўжо затрымана 108 чалавек, за апошні тыдзень — дзевяць.
Большасць тых, хто трапляе на адміністрацыйную камісію, каюцца, просяць прабачэння, абяцаюць, што больш такога не здарыцца. Аднак на практыцы гэта далёка не так. Нягледзячы на сур’ёзныя штрафныя санкцыі, а гэта ад 50 да 100 базавых велічынь, і пазбаўленне правоў на тры гады, некаторых асоб гэта не спыняе, і яны ідуць на паўторныя парушэнні. Не турбуе іх і тая акалічнасць, што за такое парушэнне прадугледжаны крымінальны пераслед і пакаранне ў выглядзе папраўчых работ, або арышт да шасці месяцаў.
— Такім чынам, Аляксандр Мікалаевіч, навідавоку поўнае ігнараванне закона. 108 чалавек — гэта батальён патэнцыйных забойцаў, інакш іх не назавеш. Як і бандыты з пісталетам, яны ўзброеныя і вельмі небяспечныя. У іх руках аўтамабіль можа лёгка ператварыцца са сродку перамяшчэння ў зброю знішчэння як іх саміх, так і іншых удзельнікаў дарожнага руху…
— Вядома, нашы традыцыі цвярозасцю не адрозніваюцца. І ўсё ж перш чым сесці за стол са спіртным, падумайце аб мэтазгоднасці магчымай паездкі за рулём. Пасля багатага застолля і прыняцця каля 250-ці грамаў гарэлкі, каб потым працверазець, сярэднестатыстычнаму чалавеку спатрэбіцца не менш за дзевяць гадзін. Пры падвойванні дозы падвойваецца і час. Новае падвойванне можа прывесці да смяротнага зыходу.
Нераўнадушны чалавек, каб прадухіліць няшчасце на дарозе і захаваць жыццё і здароўе людзей, бачачы, што за рулём п’яны ці чалавек у нецвярозым стане спрабуе сесці за руль, ці ў стане алкагольнага ап’янення знаходзіцца каля праезнай часткі дарогі, адразу ж патэлефануе па нумары 102.
Давайце разам спынім бяду, захаваем здароўе і жыццё сабе і сваім блізкім!
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.