Клерадэндрон — як бездапаможнае дзіця

96 Таццяна Францаўна так і не паспела адказаць на маё просценькае пытанне, які ж яе любімы колер. Спачатку задумалася, завагалася. І я выказаў уголас свае думкі-заўвагі: “Ведаю, што не шэры”. “Ды ўжо ж так, — усміхнулася яна, — аднастайнасці не люблю”. А потым мы неяк загаварылі пра іншае і забылі­ся… Зараз думаю, якія ўсё ж колеры ёй даспадобы? Можа, белы з чырвоным, акурат як у клерадэндрона — любімай яе кветкі, што прыхінулася ў вазоне бліжэй да падаконніка. Цікавая кветка, зацвіла густа, пялёсткі дробненькія, бадай як у чаромхі, з ярка-чырвонымі крапінкамі.

— Клерадэндрон — як тое дзіця, бездапаможнае, капрызнае, але цудоўнае, непаўторнае, любімае, — ціха заўважыла Таццяна Францаўна.

— Кажуць, дзеці адчуваюць чалавека на экстрасэнсорным узроўні…

— Магчыма. Я неяк у знаёмых была, у іх малютка ні да каго чужога на рукі не ідзе, а тут раптам адразу ж пайшла і села мне на калені. Яны пытаюцца: “Ты дзе працуеш?” “У садку, — адказваю.

…Таццяна Карабань — з тых людзей, у каго кніжныя паліцы забітыя класікай, хто вечарамі чытае Льва Талстога і захапляецца Міхаілам Шолахавым, для каго камп’ютар — не больш, чым яшчэ адна кніга пазнання. Кніга пазнання — і толькі. Маю на ўвазе людзей дарослых — яе равеснікаў. У каго ні запытаешся — кніжак не чытаюць: хто каструлямі на кухні грыміць, хто ў пустазеллі на градках ад культуры схаваўся. А калі нават і бяруць у рукі кніжачку, то ці пра каханне, ці пра фантастыку. Апраўдваюцца, маўляў, такі зараз век, такое жыццё. А мы жыццё сваё самі робім…

Таццяна ніколі не захаплялася фантастыкай. Можа, таму што яна па жыцці рэаліст. Можа, таму што жыццё не спакушала яе фантастычнымі бонусамі, а заўсёды прымушацца змагацца. За сябе змагацца, за дзяцей сваіх, за іх выхаванне, каб раслі яны гожымі і годнымі. Так і сталася: дзяцей вырасціла такімі, якімі хацела. Дачка спраўдзіла юначую мару яе самой. Таццяна ўвесь час марыла быць псіхолагам, і вось калі ласка: Ірына псіхолаг у індустрыяльна-педагагічным каледжы ў Віцебску. Па кім пайшоў Сярожа, сказаць цяжка. Гэты яшчэ ў школе ведаў, што будзе жыць у Маскве. Маці паказвае школьнае сачыненне адзінаццацігадовага сына, дзе пра гэта напісана наўпрост. Зараз Сяргею дваццаць шэсць. Ён закончыў школу-студыю МХАТ, майстэрню Дзмітрыя Бруснікіна, акцёр тэатра “Чалавек”. Гэты тэатр падарылі адмыслова ім, маладым “мхатаўцам”. Іх спектакль “Бесы” па Дастаеўскаму атрымаў гран-пры, і яны паедуць на міжнародны фестываль у Авіньён. Сяргей паспеў зняцца ў трох фільмах, прынамсі, іграў Валодзю Асьмухіна ў “Маладой гвардыі”. Па-мойму, лепшага падарунка для маці, чым такія дзеці, і быць не можа.

Таццяна заслужыла. Бо яна паклала на алтар аса­бістае жыццё, фактычна дзеля дабрабыту дзяцей і ўнукаў, дзеля моцнай сям’і, патрыярхальнай прыхільніцай якой з’яўляецца па жыцці. Замужжа не задалося, і яна адна падымала на ногі дзяцей. Думаеце, ёй было лёгка? Ні ад якой працы не адмаўлялася, брала падпрацоўку, бо патрэбны былі грошы. Яна ўпарта, як імклівая тарпеда, тараніла крэмень жыцця, прабівала яго — і дабівалася поспеху. Думаеце, не магла б схавацца ад самой сябе ў фантастычным свеце ўтопій, зашыцца ў градках, закруціцца сярод нарыхтовак на зіму, апусціцца, апраўдваючы душэйную ляноту і пустату? Аднак яна ніколі не апускала планкі, якую для сябе сама ж і паставіла. Другі раз замуж так і не выйшла, хоць прайшло ўжо шмат часу. Прызнаецца, што не заставалася ў яе жыццёвай прасторы  і часу для рамантычных знаёмстваў ды сустрэч, ды і не хацелася заніжаць планкі.

І адкуль такая высокая гуманітарная планка ў сям’і звычайнага бухгалтара і інжынера-тэхніка? Таццяна Францаўна ўспамінае, што бацька быў на кіраўні­чых пасадах на розных тэхнічных прадпрыемствах і апантаным чытачом. Дома заўсёды была багатая бібліятэка.

Таццяна закончыла дашкольнае аддзяленне Полацкага педвучылішча, дзе шмат чаму навучылася менавіта ў практычным плане. На тым, аднак, не спынілася, падалася ў МДПІ імя М. Горкага. Пасля працавала ў розных дашкольных установах, стаяла ля вытокаў адкрыцця шостага садка. З прыемнасцю ўспамінае той час, калі ў меліярацыйным тэхнікуме вяла гурток, які пасля стаў клубам “Утульны дом”. Збіраліся часта, гатавалі, гутарылі пра жыццё. Гэта былі не простыя, а псіхалагічныя гутаркі. Ачувалася школа вядомага псіхолага Якава Львовіча Каламінскага, які выкладаў у іх у інстытуце. А пасля Таццяна, яго здольная вучаніца, чытала методыку Мантэсоры ў інстытуце павышэння кваліфікацыі ў Віцебску. У гуртку рука­дзельнічалі. Ніхто не вучыў, Таццяна самахоць навучылася вязаць, і такіх модных світароў навязала дзецям і ўнучцы — паспрабуй купі! Так сталася, што давялося пакінуць працу ў тэхнікуме, хаця яе яшчэ там доўга чакалі…

Яна, так і не дачакаўшыся “прынца”, які, мажліва, дарыў бы ёй на Восьмага сакавіка датклівыя ружы, сама зрабіла сваё жыццё, шмат чым ахвяраваўшы. Аднак ведала, дзеля чаго ахвяруе і дзеля каго. Прысвяціла сябе дзецям — сваім і чужым, без якіх сябе ўжо проста не ўяўляе. Зараз, хоць і пенсіянерка, па-ранейшаму працуе ў садку-яслях №1 “Сонейка”. Беражліва захоўвае ў шкатулцы медаль “Выдатнік адукацыі” — паказчык якасці і падзяка за яе шматгадовую рупнасць. Любуецца клерадэндронам — кветкай, такой падобнай да ўсяго яе жыцця…

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Таццяна Карабань.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.