Клим Пацейко — ответственный редактор “Калгаснай праўды”

1540683103138_sКлім Пацэйка быў прызначаны адказным  рэдактарам “Калгаснай праўды”  8 лютага 1943 года, бадай у самы складаны і драматычны для газеты час, калі яна выдавалася і распаўсюджвалася падпольна  сярод насельніцтва на акупаванай фашыстамі тэрыторыі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны.

Нарадзіўся Клім Пацэйка ў 1916 годзе ў вёсцы Ваўчо Ушацкага раёна. У 1939-40-х гадах прымаў удзел у савецка-фінляндскай вайне, дзе быў паранены.

У верасні 1942 года Пацэйка добраахвотна ўступіў  у партызанскі атрад сфарміраваны Фёдарам Дуброўскім, дзе займае пасаду палітрука роты. Асабліва вызначыўся ў абарончых баях за вёску Пышна, за што быў узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” першай ступені.

Пасля прызначэння на пасаду рэдактара Клім Пацэйка ў кароткія тэрміны здолеў арганізаваць работу  друкарні. Акрамя  лепельскай “Калгаснай праўды” пад кіраўніцтвам Пацэйкі выдаваліся яшчэ чатыры раённыя газеты, друкаваліся плакаты “Весткі з Радзімы” і агітацыйная лістоўкі.

Адзін з работнікаў падпольнай друкарні мастак Мікалай Абрыньба пасля вайны ўспамінаў : “Жнівень 1943 года. Мы былі ў разведцы з Пашам Лагвіненкам і Клімам Пацэйкам, рэдактарам нашай газеты. Пацэйка перадалі, што ў яго нарадзіўся сын, ён упрасіў нас заглянуць  да яго дадому: “Хоць патрымаю яго, ці мала што чакае…” – прамовіў Клім. І мы зайшлі. Жонка яго, маладзенькая, зусім дзяўчынка, дастала з калыскі немаўля. Клім асцярожна ўзяў сына, падымаў, круціў перад сабой на выцягнутых руках. Жонка дастала самагонку, выпілі, выйшлі на двор, і тут я сфатаграфаваў іх утрох. Усё гэта было падчас блакады.”

Рэдакцыю газеты Пацэйка ўзначальваў да мая 1944 года, пасля чаго быў прызначаны на пасаду камісара атрада № 9 брыгады імя Сталіна. 27 чэрвеня атрад у поўным складзе злучыўся з часткамі Чырвонай арміі. За ўдзел у партызанскім руху Клім Пацэйка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Пасля вызвалення Лепельшчыны Клім Раманавіч Пацэйка, маючы вялікі досвед у друкарскай справе вярнуўся да мірнай прафесіі, узначаліў раённую газету “Калгасная праўда”.

Валерый Тухта

На здымку: Клім Пацэйка за працай у падпольнай друкарні. Фотаздымак з фондаў Лепельскага краязнаўчага музея.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.