Когда с огнем, в прямом и переносном смыслах, танцует красивая девушка

img_3096На святкаванні Купалля ў вёсцы Бабча пазнаёміўся з лепяльчанамі, якія наладзілі для гледачоў фаер-шоу. Потым сустрэўся з імі ў больш спакойнай абстаноўцы і пагутарыў грунтоўна. Знаёмцеся: Аляксандра Ампілогава, Валерыя Бобрык, Юлія Кравец, Насця Коўзель, Яна Сільвановіч і кіраўнік-трэнер самадзейнага калектыву Аляксей Александровіч. Кожны мае сваю прафесію. Гэта людзі розных заняткаў, інтарэсаў і ўзростаў. І разам з гэтым яны, такія розныя, аб’яднаны адным інтарэсам — вогненнымі шоу.
Упершыню з вогненнымі пастаноўкамі пазнаёміўся з відэасюжэтаў па тэлебачанні, у інтэрнэце. Затым было некалькі жывых канцэртаў, дзе, акрамя іншага, дэманстраваліся і фаер-шоу. Аднак толькі нядаўна гэтым сталі займацца лепяльчане. Першым за новамодную справу ўзяўся Аляксей:
— З юнацтва займаўся танцамі, падабалася гэта. Як паступіў на вучобу ў Мінск, на адным з прадстаўленняў убачыў фаер-шоу. Зацікавіла. Пабачыў яшчэ некалькі выступленняў, перагледзеў шмат ролікаў у інтэрнэце, перш чым вырашыў сам узяць у рукі вогненны шар. Акрамя гэтага, мне пашчасціла ўзяць некалькі ўрокаў, павучыцца ў такога майстра фаер-шоу ў Беларусі, як Эрнэст Пятровіч, выступаў у складзе калектыву “Магратэя”. Зараз вярнуўся ў Лепель, працую ў камп’ютарным клубе “Фрактал”, але фаер-шоу не закідваю, падтрымліваю форму, спрабую асвоіць новыя элементы. Паступова знайшліся і аднадумцы.
Дзяўчаты сталі займацца новай справай адносна нядаўна: адны — з восені, другія — зімой.
— Не страшна з агнём гуляць? — пытаюся ў іх.
— Не, — адказваюць уголас. — Гэта, наадварот, прыгожа і відовішчна.
Што для іх, такіх вытанчаных дзяўчат, фаер-шоу: мастацтва, спорт або забава? З далейшай гутаркі прыйшоў да высновы, што вогненныя прадстаўленні для іх — цікавае хобі, інтарэс, якому прысвячаюць, аднак, вельмі шмат часу.
— Перш, чым запаліць шар, трэба шмат патрэніравацца з прыладамі непадпаленымі, — кажа Аляксей. — Гэта як навучыцца жангляванню. Спачатку ты падкідваеш адзін мячык. Практыкуешся гадзінамі, спрабуеш запомніць і прадбачыць траекторыю яго палёту. Нічога не атрымліваецца — мячык адскоквае ад рук, ляціць куды заўгодна, толькі не туды, куды трэба. І аднойчы ўсё атрымліваецца! І потым, развіваючы першы поспех, дадаеш другі шар, трэці, чацвёрты…
Так і ў фаер-шоу — спачатку ўдзельнікі вучацца жангляваць, абыходзіцца па-майстэрску з прыладамі. А потым падтрымліваюць форму, асвойваюць новыя і новыя прыёмы, нумары.
— Раскажыце пра прылады, якія выкарыстоўваеце ў вогненных пастаноўках.
Патлумачыць узяўся Аляксей:
— У першую чаргу гэта пой — шар на ланцугу. Снэк — прадаўгаватая вітая каса на карацейшым ланцужку. Выступаем з веерамі, на канцах якіх гараць агні. Відовішчна выглядаюць і выступленні з дабламі (ад англ. double — двайны, падвойны) — дзвюма палкамі, якія падпальваюцца з абодвух канцоў. Жанглюем вогненнымі сферамі. Ну, і фішка кожнага выступлення — вогненныя факелы, “дыханне агнём”, гледачы яшчэ называюць такі нумар Змеем Гарынычам. Паколькі фаер-шоу прыходзіць да нас з Еўропы і з-за акіяна, то і назвы інструментаў, натуральна, маюць англамоўнае паходжанне.
— Дзе здабываеце прылады для выступленняў?
— О-о! Гэта цэлая эпапея. У Беларусі калектываў, якія ставяць фаер-шоу, няшмат. Таму і попыт на поі-снэкі невялікі. Як вынік — у Беларусі такія рэчы вырабляе альбо прывозіць мала хто, і каштуюць яны адносна дорага. Аднойчы мы захацелі набыць пару пояў. Прагледзелі праз інтэрнэт — аказалася, што купіць ва Украіне і пераслаць сюды будзе танней і зручней, чым набываць аналагічныя прылады ў Мінску. І так амаль па ўсіх пазіцыях. Хаця некаторыя рэчы, напрыклад, даблы, робім самі.
— Дзяўчаты, абпекчыся не баіцеся?
— Не, — адказала Юлія. Перш, чым узяць пой ці снэк, якія палаюць, кожная з нас больш за месяц трэніравалася, практыкавалася. Потым, у працэсе трэніровак, выступленняў здаралася ўсялякае. Аднак калі ты падрыхтаваны, настроены, то ўжо нічога не палохае.
Далей артысты распавялі пра сваё жыццё па-за межамі фаер-шоу. Аляксандра — менеджар інтэрнэт-крамы “Wildberries”. Анастасія шыла адзенне ў ААТ “Лепельпрамшвеймэбля”, а зараз — у водпуску па доглядзе дзіцяці, Валерыя і Яна нядаўна скончылі сярэднюю школу №1, паступаюць у навучальныя ўстановы. Аляксандра і Юлія жывуць у Заслонаве, кожны дзень ездзяць на працу ў Лепель. І, акрамя гэтага, выкройваюць час для любімага занятку.
У вогненнай кампаніі, калі чытачы заўважылі, толькі адзін хлопец — Аляксей. Зацікавіўся, чаму ж толькі ён адзін?
— Гэта наша бяда, — са скрухай кажа Аляксей, — мы ўсёй душой хацелі б, каб калектыў папоўніўся хлопцамі, але… У Мінску, напрыклад, фаер-шоу набываюць папулярнасць сярод моладзі, хлопцы актыўна займаюцца, а тут…
— У чым праблема? Яны гультаі ці баяцца абпекчыся?
— Я думаю, справа, хутчэй, у першым. Перш, чым выйсці на пляцоўку перад гледачамі, трэба месяц-два патрэніравацца. Хлопцам, у адрозненне ад дзяўчат, не хапае цярплівасці, стараннасці. Яны, напэўна, думаюць, што пачаў займацца — і праз два-тры заняткі можна выходзіць на сцэну. Аднак я, напрыклад, такога не бачыў. У любым выпадку мы будзем рады кожнаму новаму аматару фаер-шоу. Жадаючыя могуць звяртацца да мяне ў камп’ютарны клуб “Фрактал” або да Аляксандры ў “Wildberries”. Пастараемся навучыць усяму, што ведаем самі. А, можа, і мы навучымся чамусьці новаму.
— Дарэчы, дзе бярэце інфармацыю, у каго вучыцеся?
— У свой час, калі займаўся ў Мінску, аб многім даведаўся там. Шмат чаго падгледзеў у той жа “Магратэі”, у Эрнеста Пятровіча, у калектыва “Ілізіум”. А цяпер усё перадаю дзяўчатам. Шмат інфармацыі, відэаролікаў змешчана ў інтэрнэце. Аднак усё ж такі жывога дыялога, простай перадачы вопыту, навыкаў яны не заменяць. Цікава і пазнавальна было б з’ездзіць на які-небудзь фестываль фаер-шоу, паглядзець выступленні мэтраў, прафесіяналаў. Ды і суполкі фаерныя не закрытыя, людзі з ахвотай дзеляцца вопытам.
Пра Купалле ў Бабчы даведаліся выпадкова і літаральна ў апошнюю гадзіну. Рашэнне аб удзеле было прынята імгненна, толькі дамовіліся з арганізатарамі аб тым, што будуць пляцоўка, электрычнасць для музычнага суправаджэння і… удзячныя гледачы. Выступленне заварожвала! Усё ж такі правільна кажуць у народзе, што чалавек бясконца можа глядзець на агонь. А тым больш, калі з агнём у прамым і пераносным сэнсах танцуе прыгожая дзяўчына.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: агонь скарыўся ім.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.